Рыцары, мячы і цмокі. Хто, як і чым ваюе за Жалезны трон?


Шмат каму з дактароў і філосафаў прыпісваюць фразу «ты тое, што ты ясі». Вядома, яе аўтар або аўтары выказваліся, хутчэй, вобразна. Але сказаць «ты такі, як ты ваюеш» – гэта вельмі блізка да літаральнай праўды.

Давайце паглядзім, што пра герояў серыялу «Гульня тронаў» кажа іхная зброя з пункту гледжання практычнага выкарыстання і гісторыі. А таксама, дзе аўтар, сцэнарысты ці кансультанты нарабілі памылак у гэтай сферы.

Занадта рыцарскія рыцары Ўэстэроўза

На кантыненце Ўэстэроўз воляй аўтара кніжнага цыклу Джорджа Марціна ўсё вельмі падобна на сярэднявечную Еўропу. Эліту грамадства складае спадчынная арыстакратыя, прызначэнне каторай – вайна. Мы бачым, як дзяцей гэтай арыстакратыі з маленства рыхтуюць ваяваць, у той час як дзеці і падлеткі ніжэйшых саслоўяў ніякай ваеннай падрыхтоўкі не атрымліваюць.

Гэта вельмі добра заўважна ў серыяле, калі дзеці Нэда Старка вучацца страляць і біцца на мячах у замкавым падворку, а потым зусім зялёны яшчэ Джон Сноў у Начным дазоры лёгка спраўляецца з такімі ж навабранцамі, якія не былі шляхцічамі.

Hавiны
Жахі з «Гульні тронаў» еўрапейцы перажылі ў рэальнасці
2017.07.21 16:26

Рыцары Ўэстэроўза ў стандартнай сітуацыі б’юцца на конях, носяць даспехі і шлемы, узброеныя мячамі, ездзяць на конях, часам маюць збраяносцаў. Вонкава – чым не сапраўдныя сярэднявечныя рыцары?

Аднак адкуль у Брыены Тарт і, напрыклад, Сансы Старк такія рамантычныя погляды на рыцарства: «Стары ці малады, сапраўдны рыцар абяцае абараняць тых, хто слабейшы, альбо аддаць сваё жыццё, робячы гэта»?

Гэта адлюстраванне той еўрапейскай зʼявы, якой у Ўэстэроўзе зусім няма, затое ёсць у галаве Джорджа Марціна – вельмі моцнага ўплыву хрысціянства. Але ані ў кнізе, ані ў серыяле няма такога моцнага ідэйнага і палітычнага ўплыву, якое было б падобна на хрысціянства ў часы Сярэднявечча. А хрысціянства зрабіла ўсё для таго, каб з дзікіх варвараў V-X стагоддзяў і рабаўнікоў-вікінгаў праз некалькі пакаленняў зрабіць рыцараў. Няхай гэтыя людзі былі зусім не ідэальнымі, але пэўнае разуменне таго, што добра, а што – не, сярод іх было.

Hавiны
HBO распачаў прэм’ерны паказ фінальнага сезону «Гульні тронаў»
2019.04.15 07:59

Такім чынам, хоць функцыянальна ў Ўэстэроўзе ёсць рыцары, але ментальна і ў паводзінах да ўсіх астатніх яны хутчэй павінны былі б нагадваць японскіх самураяў, якія без пакутаў сумлення маглі забіць бяззбройнага селяніна за нанесеную абразу, чым еўрапейскіх феадалаў.

Меч, які састарэў на 3000 год

Дэйнерыс Таргарыен прыехала змагацца за свае правы не адна, а з гасцямі з усходу – ардой датракійскіх коннікаў і прыкладна 10 тысячамі Беззаганных. Першыя – літаральна арда качэўнікаў кшталту манголаў, з даволі лёгкім конным узбраеннем – лук са стрэламі і халодная зброя.

У кнігах Марцін пісаў, што датракійцы маюць аракх – халодную зброю з крывым клінком, што магло б казаць проста пра які-небудзь варыянт шаблі. Але ў тэлесерыяле НВО аракх – нешта кшталту сярпа з аднабаковай ці двухбаковай заточкай. То бок гэта нейкі аналаг старажытнаегіпецкага кхапеша – зброі зусім іншай эпохі (каля 2000 год да Раства Хрыстова), калі даспехі амаль не выкарыстоўваліся, дастаткова было абысці шчыт ворага і нанесці рэжучы ўдар.

У баях у Ўэстэроўзе серыяльныя аракхі будуць амаль бессэнсоўнымі. Хіба што мірнае насельніцтва рэзаць…

Фота: CAP/RFS. Image supplied by Capital Pictures

Лепшая пяхота ў свеце з найгоршымі ў свеце сяржантамі?

З пехацінцамі Беззаганнымі ў серыяле здарылася падобная ж бяда. Не будзем распавядаць пра фантастычнасць самой ідэі стварыць лепшую ў свеце пяхоту з нявольнікаў, якія не адчуваюць болю і не маюць нават уласных імёнаў.

Асноўнай зброяй Беззаганных зʼяўляецца капʼё, таксама яны носяць адносна невялікія шчыты, скураныя даспехі і даволі глухія шлемы. Бʼюцца яны пешкі. Аднак яны не стаяць нават падчас бою дастаткова шчыльна, каб стварыць сапраўдную сцяну шчытоў і копʼяў, як у старажытнагрэцкіх гоплітаў ці вікінгаў. Такім чынам, яны не вытрымаюць аніводнай атакі цяжкай конніцы.

У выніку пры ўсёй той карысці, якую б магла даць супраць рыцараў Ўэстэроўзе і пры штурмах замкаў добрая пяхота, у полі іх строй разнясуць гэтаксама, як яго зламалі проста тупыя зомбі Караля Ночы.

Фота: CAP/RFS. Image supplied by Capital Pictures

Парады будучым аўтарам фэнтэзі

Справа ў тым, што спосаб, якім ваюе тое ці іншае грамадства, непарыўна звязаны з тым, на якой стадыі развіцця – сацыяльнага, эканамічнага, тэхнічнага, маральна-этычнага (рэлігійнага) – гэтае грамадства знаходзіцца. Тут жа дзейнічае процьма геаграфічных і прыродных фактараў – напрыклад, тое, колькі ў вашай зямлі карысных выкапняў, ці ёсць мора, а можа пустыня.

Немагчыма ўявіць рыцараў Вялікага княства Літоўскага ў краіне, дзе конніца не зʼяўляецца асноўнай баявой сілай, а цяжкаўзброеныя коннікі не зʼяўляюцца пануючай сацыяльнай элітай, альбо войска Напалеона Банапарта без тых палітычных і ідэйных зменаў, якія перад тым прынесла рэвалюцыя ў Францыі.

Таму, каб пабудаваць рэалістычны фантастычны сусвет, варта не проста ведаць, як ваявалі тыя ці іншыя арміі, але і тое, чаму гэтыя арміі ваявалі менавіта так, мелі такую, а не іншую зброю.

Hавiны
Занадта ўдалыя, каб выжыць? Хто з герояў «Гульні тронаў» дажыве да канца серыялу
2019.05.05 16:52

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў