Рыхтуецца шэраг візітаў найвышэйшых службовых асобаў Беларусі ў краіны Захаду


Пра гэта журналістам паведаміў міністр замежных спраў Беларусі.

На пытанне журналістаў пра рыхтаванне візітаў Лукашэнкі ў краіны ЕЗ або ЗША Уладзімір Макей адказаў, што дыпламатычнае ведамства працуе над «дыверсіфікацыяй палітычных і эканамічных кантактаў».

«Мы не арыентуемся толькі на Захад. У бліжэйшы час прэзідэнт ляціць у паўднёвым напрамку – у Астану на пасяджэнне рады кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС, там запланаваны шэраг сустрэчаў, на якіх будуць абмеркаваныя пытанні развіцця Еўразійскага эканамічнага саюзу», – заявіў кіраўнік беларускага дыпламатычнага ведамства.

Уладзімір Макей таксама паведаміў, што рыхтуецца шэраг візітаў найвышэйшых службовых асобаў «і ў заходнім кірунку».

27 траўня стала вядома, што рыхтуецца візіт Папы Францішка ў Беларусь. «Але рыхтаванне і размова пра гэта не азначаюць, што візіт адбудзецца заўтра ці паслязаўтра або ў бліжэйшыя дні. Усе візіты дзяржаўнага ўзроўню патрабуюць дбайнай падрыхтоўкі», – патлумачыў Макей падчас прэс-канферэнцыі.

Нагадаем, 21 траўня ў Ватыкане адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з пантыфікам. Пасля аўдыенцыі кіраўнік Беларусі паведаміў журналістам, што Папа Францішак пагадзіўся прыехаць у Беларусь.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў