«Рыхтуемся да горшага». У Беларусі ад 1 ліпеня забараняюць замежныя DNS-серверы ў дзяржустановах


З 1 ліпеня набывае моц загад Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце, які забараняе выкарыстанне замежных DNS-сервераў у дзяржаўных установах. Што гэта значыць для беларускіх інтэрнэт – карыстальнікаў? Ці будзе гэта новай хваляю блакавання беларускага інтэрнэту? Аб гэтым «Белсат» пагутарыў з кансультантам па інфармацыйнай бяспецы.

Што такое DNS?

DNS можна параўнаць з нататнікам. Калі мы хочам зайсці на сайт, то мы пішам у адрасным радку дамен, які чытабельны для нас. Браузер запытваецца ў гэтага нататніка: «Скажы мне, які па факту адрас старонкі?». Сапраўдны адрас – гэта нейкія лічбы, якія не мае сэнсу запамінаць, бо гэта проста нязручна. Менавіта гэтыя лічбы і захоўвае DNS-сервер.

Правайдар заўсёды мае гэтыя DNS-адрасы і, адпаведна, ён можа заўсёды ў гэтым нататніку нешта адкарэктаваць. Напрыклад, каб замест сайту TUT.by адкрываўся нейкі іншы. А калі правайдар будзе забараняць карыстацца іншымі, не беларускімі DNS, то ў наш нататнік стане цэнзураваным.

Лекары даглядаюць пацыентаў удалённа, праз тэлефон ды інтэрнэт.
Фота: Dreamstime

Памяняць родны DNS на замежны можна ўручную ў наладках камп’ютара. Аднак калі іх заблакуюць – такія маніпуляцыі не спрацуюць. Падобная сітуацыя здаралася ў правайдара Космас-ТВ. У 2015 годзе яны заблакавалі опцыю карыстання замежнымі DNS.

У выніку ў людзей проста не працаваў інтэрнэт, калі яны рукамі прапісвалі патрэбныя DNS. Таму даводзілася карыстацца DNS ад правайдара.

Што значыць гэты дакумент?

Новы загад будзе дзейнічаць не для ўсіх, а толькі для школаў і нейкіх іншых дзяржаўных і адміністратыўных установаў. Імаверна, заблакуюць некаторыя недзяржаўныя сайты.

Галоўная небяспека ў тым, што інтэрнэт у Беларусі будзе адключацца. Як гэта ўжо неаднаразова было, напрыклад, тыдзень таму на акцыях пратэсту, калі ў месцах «жывых ланцугоў» адключалі мабільны інтэрнэт, а некаторым і ўвогуле адключалі SIM – картку.

«Лепей падрыхтавацца да горшага. Не да канца зразумела, як гэты загад будзе выконвацца. Раю абзавесціся VPN, які дазволіць карыстацца знешнімі DNS», – адзначае спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы Ілля П.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Ці будуць улады глушыць інтэрнэт?

Ілля П. мяркуе, што зараз існуе вялікая верагоднасць, што перад выбарамі і падчас пратэстных дэманстрацыяў будуць глушыць інтэрнэт. Варта памятаць, што VPN дапамагае толькі абыйсці блакіроўкі некаторых старонак, аднак ён аніяк не дапаможа, калі зусім няма інтэрнэту.

На дадзены момант у свеце не вынайшлі надзейны інструмент, які дазволіць перадаваць інфармацыю, нават калі няма доступу да інтэрнэту.

«Гэта як адключэнне электрычнасці. Што рабіць у такім выпадку? Можна паставіць свой партатыўны генератар, аднак такую тэхналогію ў выпадку з інтэрнэтам пакуль што не распрацавалі», – зазначае адмыслоўца.

Ёсць мэсэнджары, якія ствараюць вакол сябе сетку і працуюць праз Bluetooth. Аднак яны не вельмі надзейныя і не працуюць на вялікую колькасць людзей, зазначае Ілля П.

Блакаванне – гэта страты

Адключэнне або абмежаванне інтэрнэту закранае не толькі фізічных карыстальнікаў, але і банкаўскую сістэму, прамысловасць. Гэта моцна паўплывае на ўсю сістэму. Значна прасцей кропкава выключыць мабільны інтэрнэт: каб немагчыма было весці стрымы, людзі не маглі сабрацца і гэтак далей.

«Адключэнне інтэрнэту – гэта вялікія страты для прадпрыемстваў і банкаў. Хочацца спадзявацца, што гэтага не адбудзецца. Толькі калі ўвядуць надзвычайнае або ваеннае становішча».

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: pixabay.com

У Беларусі ад 2018 году дзейнічае новы парадак блакавання сайтаў. Пастанова ААЦ пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2018 году № 8/10/6 вельмі спрашчала блакаванне сайтаў. Гэта маглі рабіць пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў праз замову ад нейкай арганізацыі.

Прычым старонцы неабавязкова трэба было парушаць дзейнае заканадаўства, каб быць заблакаванай. Дастаткова было быць «няўгодным» уладам рэсурсам.

У Беларусі найбольш часта блакуюць сайты звязаныя з наркотыкамі ды апазіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы (напрыклад, «Хартыю-97»).

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў