Рыгоравіч, не тармазі, снікерсні!

У інтэрв’ю грамадзяніну Злучанага Каралеўства (а значыць, і ўсяго Еўразвязу) Сяргею Брылёву прэзідэнт Беларусі, якая ўваходзіць у склад Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, прызнаўся:

– Беларусь з Лукашэнкам на Захадзе нікому не патрэбная.

Вось табе раз! Яшчэ зусім нядаўна Аляксандр Рыгоравіч сцвярджаў, што яна і без Лукашэнкі нікому не патрэбная. Што не чакаюць яе на Захадзе. А цяпер ужо атрымліваецца, з ягоных жа словаў, што ледзь не ў NATO ўжо гатовыя нас прыняць ды ў Еўрапейскі Звяз!

Цяпер, значыць, спатрэбілася. Але без Лукашэнкі. Але як ёсць: з лядовымі палацамі ў раённых цэнтрах, з атамнай электрастанцыяй, энергію ад якой падзець пакуль не ведаюць куды, з віцэ-прэм’ерам Русым, які апякуецца сельскаю гаспадаркай, і з шэрагам недаарыштаваных карупцыянераў. Возьмуць, значыць, усюды. Чаго кітайцы не забралі, еўрапейцы забяруць.

Дык у чым жа рэч? Ці дык у кім жа рэч? У самым Аляксандру Рыгоравічу?

На ягонае ўласнае меркаванне, так, у ім. Ён ператварыўся ў яўны тормаз на шляху збліжэння з Захадам. І ён жа ў гэтым прызнаўся.

Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Брылёў. Фота – president.gov.by

– Рыгоравіч, не тармазі! Снікерсні! – так, здаецца, казалі ў захраслай у зубах рэкламе? Знімі нагу з тормазу, нават калі для гэтага трэба вызваліць месца кіроўцы аўтамабіля. Бо факт таго, што інтэрвʼю расейскаму тэлеканалу ты даеш як інтэрвʼю грамадзяніну Еўразвязу, сведчыць: разумныя людзі ўжо зразумелі, куды варта ехаць, і толькі ты адзін робіш выгляд, што абраны табой тупік і ёсць адзіны правільны ды светлы шлях. «В своих дерзаниях всегда мы правы!» – было ў савецкай песні. Не, бацечка, не заўсёды. Сам вазьмі інтэрв’ю ў Брылёва – ён пацвердзіць.

Што ж датычыць лядовых палацаў, то іх ніхто з Беларусі да марсіянаў не пераправіць. Яны па-ранейшаму будуць стаяць на сваіх месцах, у той самай меры напаўняльнасці ды стратнасці, што і сёння. Пацярпіць хіба што віцэ-прэм’ер Русы, якога адправяць на пенсію праз поўную непатрэбнасць. Дык гэта ж не ў турму, а на пенсію! Будзеце гуляць у хакей і атрымліваць асалоду ад ігры дзяцей ды ўнукаў на раялі. І, павер, Рыгоравіч, гэта і будзе – шчасце.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў