Рыгор Кастусёў накіраваў прыватны зварот да Лукашэнкі


Старшыня Партыі БНФ накіраваў прыватны зварот да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай аб вызваленні Святаслава Барановіча.

«Напярэдадні Вялікадня мною быў накіраваны прыватны зварот да прэзідэнта з прапановай аб вызваленні Святаслава Барановіча. Я ведаю, што паводле крытэраў праваабаронцаў гэты чалавек не быў прызнаны палітычным вязнем. Але я перакананы, што сп. Барановіч зняволены несправядліва і не павінен заставацца за кратамі. На карысць гэтага існуе некалькі сур’ёзных маральных і гуманітарных аргументаў, якія я выклаў у сваім звароце. Зрэшты, нязначнасць учынку сп. Барановіча (два ўдару ў спіну амапаўца, які сам не мае аніякіх прэтэнзіяў да Барановіча) ёсць нагодай, прынамсі, для перагляду занадта жорсткага прысуду. Спадзяюся, што мой зварот у сукупнасці з іншымі аргументамі стане адным з чыннікаў для таго каб невінаваты чалавек пабачыў волю», –адзначыў Кастусёў у сваім Фэйсбуку.

Нагадаем, 12 сакавіка Маскоўскі раёны суд Менску прызнаў Святаслава Барановіча вінаватым у «гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў» і прысудзіў да трох гадоў зняволення ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.

Інцыдэнт, за які пакаралі Барановіча, адбыўся яшчэ год таму ў Менску, калі Барановіч заступіўся за ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў», якіх затрымлівалі «людзі ў цывільным». Аднаго з міліцыянтаў у цывільным – Арцёма Паўлава – і ўдарыў Барановіч.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт ужо заявілі, што не прызнаюць Барановіча палітзняволеным. А вось удзельнікі форуму «Свабоду палітвязням» заявілі, што адназначна прызнаюць асуджанага палітычным зняволеным.

Святаслаў Барановіч нарадзіўся ў 1986 годзе ў Вілейскім раёне Менскай вобласці, працаваў будаўніком. Ён удзельнічаў у Плошчы-2010 і трапіў пад крымінальны пераслед у межах справы «аб масавых беспарадках». 12 кастрычніка 2011 года суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў Барановіча да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Праваабаронцы тады прызналі Барановіча палітвязнем.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў