Рыбка – Пуціну: Навошта выцягваць мяне з Тайланду, калі я гэтага не хачу?


Насця Рыбка і Алекс Леслі папрасілі палітычны прытулак у ЗША для сябе і затрыманых у Патаі секс-трэнераў.

У лісце Леслі, скіраваным у амерыканскую амбасаду, ён просіць «абараніць іх як мага хутчэй, бо яны валодаюць вельмі важнай для ЗША інфармацыяй і вельмі моцна рызыкуюць жыццём».

«У нас ёсць фота, відэа і аўдыё злачынстваў расейскіх уладаў, і я дам іх ЗША, калі вы дапаможаце нам», – піша Леслі ў сваім прашэнні.

Інфармацыю пра просьбу даць прытулак пацвердзіў прадстаўнік Рыбкі, грамадзянін ЗША Паша, кантакт якога раней яна ўказала ў «Instagram’е».

«Мы былі ў амерыканскай амбасадзе ў Тайландзе. Перадалі ліст Алекса і Насці пра палітычны прытулак. Яны цяпер у турме, аб дэпартацыі [у Расею] нічога не ведаю », – сказаў ён.

Прадстаўнік амерыканскай амбасады ў Тайландзе не змог пацвердзіць альбо зняпраўдзіць інфармацыі аб запыце на палітычны прытулак. У сваю чаргу «Bangkok Post» піша, што іміграцыйная паліцыя Тайланду пацвердзіла, што дэпартуе затрыманых і ўнясе іх у чорныя спісы.

Паводле яшчэ аднаго знаёмага затрыманых, удзельнікаў трэнінгу пасадзілі ў «паўнавартасную патайскую турму з высокімі сценамі і калючым дротам» і сказалі, што наведаць іх нельга, яны будуць сядзець там каля двух месяцаў.

У Instagram Рыбкі з’явілася відэа, у якім яна звяртаецца да Пуціна. Дзяўчына пракаментавала спробы ФСБ вывезці яе ў Расею. Цяпер Рыбку ды іншых «трэнераў» пераводзяць ужо ў трэцюю турму.

 

«Выцягваць дзяўчыну на спатканне праз тры турмы як мінімум не этычна. Я ж заплаціла заклад, у ім адмовілі, хоць спачатку тайскі ўрад пагадзіўся. Пасля ўмяшалася ФСБ і ў закладзе адмовілі. Скажыце, калі ласка, навошта выцягваць мяне з Тайланду, калі я гэтага не хачу? І калі я грамадзянка іншай краіны. Я ж сказала, я і так вам усё распавяду, проста трэба было са мной сустрэцца. Тыдзень мінуў, вы са мной не сустрэліся, даслалі сваіх супрацоўнікаў. Ёсць больш лёгкія спосабы выцягнуць дзяўчынку на спатканне. Калі хочаце ведаць якія, ведаеце, дзе пра гэта прачытаць», – кажа Рыбка ў сваім відэазвароце.

Насцю Рыбку ды іншых секс-трэнераў затрымалі за незаконную працоўную дзейнасць 25 лютага. 27 лютага яна звярнулася да амерыканскіх журналістаў з прапановай распавесці пра сувязі Трампа з Расеяй, калі яе «знойдуць яшчэ жывою». У гэты ж дзень сакратар Савету бяспекі РФ Мікалай Патрушаў наведаў Тайланд, дзе паводле афіцыйнай версіі, абмеркаваў з генеральным сакратаром Савету нацбяспекі краіны бяспеку расейскіх турыстаў.

У Расеі да разгляду ў судзе рыхтуецца справа на пазоў Дзерыпаскі да Вашукевіч і Кірылава (сапраўдныя імёны Рыбкі і Леслі). Бізнесовец падаў пазоў пасля публікацыі расследавання Навальнага пра адпачынак віцэ-прэмʼера РФ Сяргея Прыходзькі на яхце Дзерыпаскі ў асяроддзі эскорт-дзяўчын. Крыніцай для расследавання сталі фота і відэа з Instagram бабруйчанкі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў