Руская служба «BBC» больш не будзе пісаць «Белоруссия»


З 16 студзеня руская служба «BBC» адмовілася ад ужывання слова «Белоруссия».

Учора ў рэдакцыйным артыкуле рускай службы «BBC» былі праанансаваныя змены, датычныя ўжывання назваў краінаў. Падаем змест артыкула ніжэй.

З сённяшняга дня мы вырашылі змяніць тое, як мы называем у нашых артыкулах некаторыя краіны былога СССР. «Белоруссия» становіцца «Беларусью», «Киргизия» – «Кыргызстаном», «Туркмения» – «Туркменистаном», «Молдавия» – «Молдовой» і гэтак далей.

Спрэчкі вакол гэтага выбару хадзілі вельмі даўно. Пасля развалу Савецкага Саюзу былыя рэспублікі, а цяпер незалежныя краіны памянялі назвы. Друкаваліся новыя мапы, ставіліся новыя дарожныя знакі, а журналістам даводзілася вырашаць, як называць гэтыя дзяржавы.

У сваіх артыкулах мы прытрымліваліся агульна ўжываных у расейскай мове назваў, зафіксаваных яшчэ ў савецкіх падручніках. З тапанімікай гэта яшчэ неяк працавала. Але з назвамі краінаў аргумент «усе заўсёды так пісалі» з часам станавіўся ўсё слабейшы, асабліва калі новыя і старыя назвы сталі ўжывацца з аднолькавай частатой.

Надышоў час, калі новыя назвы краінаў сталі не толькі часткай афіцыйных дакументаў і матэрыялаў сродкаў масавай інфармацыі, але і перавагай карыстальнікаў пошукавых сістэмаў.

Акрамя трэндаў у пашукавіках, мы звярнуліся да дакументаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе таксама зафіксаваныя новыя назвы краінаў постсавецкай прасторы.

Для нас, журналістаў, важна, каб нашыя навіны даходзілі да свайго адрасата, каб іх лёгка было знайсці і зручна чытаць. Мы лічым, што палітычныя перавагі прыхільнікаў і праціўнікаў той ці іншай назвы не павінныя ўплываць на працу журналістаў.

Таму мы прапануем нашым чытачам не шукаць палітычнай падаплёкі ў тым, якая – савецкая ці постсавецкая – назва краіны выкарыстаная ў нашым матэрыяле, а глядзець у корань: пра што гаворыцца ў навіне, артыкуле і відэа, якія вы чытаеце і глядзіце на нашым сайце і, спадзяюся, будзеце працягваць гэта рабіць.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Фаміль Ісмайлаў/ Руская служба «BBC»

Стужка навінаў