Румас пра барацьбу з наркотыкамі: Прафілактычныя захады не прыносяць чаканага эфекту


У Беларусі неабходна перагледзець формы і метады прафілактыкі наркаманіі, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўвалася работа па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыка іх спажывання і сацыяльная рэабілітацыя залежных асобаў.

«Зыходзячы з сённяшніх рэаліяў, неабходны перагляд існых формаў і метадаў прафілактыкі наркаманіі як з пункту гледжання эканамічнай і сацыяльнай эфектыўнасці, гэтак і з пункту гледжання іх успрымання грамадствам», – лічыць Румас.

Як адзначыў прэмʼер, «мноства прафілактычных захадаў, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі, прыносяць не той эфект, на які мы разлічвалі».

На ягоную думку, у барацьбе з наркотыкамі патрэбна як актыўная пазіцыя дзяржавы, так і неабыякавае стаўленне з боку грамадства. Ён таксама звярнуў увагу на тых асобаў, якія патрабуюць лячэння і рэабілітацыі пасля залежнасці.

Як было адзначана ў час пасяджэння, чарговы план па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў на 2019-2020 гады прадугледжвае змяненне, перш за ўсё, падыходаў да прафілактыкі. Акцэнт будзе зроблены на тым, каб праца дзяржавы заключалася не толькі ў медычнай дапамозе нарказалежным, але і ў іх сацыялізацыі.

Рэалізоўваць гэты план будуць МУС, Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі, Мінпрацы, іншыя зацікаўленыя ведамствы.

Паводле звестак МУС, рэальная колькасць спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі перавышае 88,5 тысяч чалавек. Разам з тым, у Беларусі кожны трэці зняволены сядзіць за наркотыкі – гэта больш за 13 тысяч асобаў.

Ужо некалькі гадоў запар сваякі асуджаных па «наркатычным» артыкуле дабіваліся таго, каб артыкул 328 КК перагледзелі на ўзроўні заканадаўства. У бліжэйшы час гэта пытанне ўжо другі раз будзе вынесена на разгляд урада. Першы раз змены прынятыя не былі.

КА, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў