Сведка затрыманняў: нацэліў рулю аўтамата ў твар са словамі «не сумнявайся, с*ка, ён зараджаны»


Мянчанка Юлія апавяла belsat.eu пра напад праваахоўнікаў на ейны аўтамабіль 11 жніўня каля метро «Каменная горка».

Жанчына расказала, што вярталася з гораду дадому са знаёмымі, сямейнай парай, і мужам, які быў за стырном:

«Мы ехалі дадому, не правакавалі. Затрымаліся на ўзбочыне перачакаць хвалю, калі пабачылі людзей у шлемах. Яны прабеглі, і мы паехалі далей у бок Прытыцкага, спакойна ехалі ў другой паласе. Калі даехалі да «Green», даішнікі ўключылі мігалкі і паказалі з’ехаць з дарогі, уключылі гучнагаварыльнік і сказалі праехаць наперад».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu / Vot-tak.tv

На паркоўцы за супермаркетам кіроўцу скамандавалі спыніцца. Муж Юліі папрасіў падаць правы, і калі тая падняла галаву, то пабачыла, што чалавек у чорным без апазнавальных знакаў трымае аўтамат з руляй, скіраванай у ейны твар.

«Ён крычаў: «Мордай у падлогу, выходзіць з аўта». Я адкрыла дзверы, чалавек у вайсковым камуфляжы схапіў мяне за галаву і кінуў на асфальт. Мы ляжалі з рукамі за галавой, выконвалі ўсе загады. Я павярнула твар да мужа і пабачыла як чалавек у амуніцыі б’е мужа па нагах. Муж не паддаваўся на правакацыі».

«Ляжаць, сука, ён заражаны, нават не сумнявайся»

Пасля, распавядае Юлія, падышоў супрацоўнік ДАІ і наступіў каленам мужу на лапаткі, надзеў кайданкі.

«Другому хлопцу, які ехаў у аўце, прыставілі табельную зброю да галавы і сказалі: «Ляжаць, сука, ён заражаны, нават не сумнявайся». Колькасці мацерных словаў я не буду агучваць. Тыкалі аўтаматамі ў спіну. Муж папрасіў, маўляў, мужыкі, адпусціце, мы проста ехалі дадому. На што супрацоўнік у амуніцыі ўдарыў яго ў вобласць шыі, галавы і пад дых дубінкай».

Мeнск, Беларусь. 11 жніўня 2020 года
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Мужа Юліі са знаёмцам забралі ў таніраваных аўтах даішнікі. Адзін з сілавікоў проста сеў у аўта Юліі і зʼехаў. Юлія дасюль не ведае, дзе ейны аўтамабіль. Дзе знаёмец мужа Юліі, невядома. Жанчына знайшла свайго сужэнца ў Жодзіне, яму далі 15 содняў.

«Машыны нашай нідзе няма. Невядома, з якімі мэтамі яны збіраюцца яе выкарыстоўваць. У іх няма чалавечнасці. Яны проста нападаюць, зносяць усё на сваім шляху, нягледзячы, жанчына, дзіцё ці сталы чалавек.

У інтэрнэце чытала, што медыкі забіралі супрацоўнікаў АМАПу з перадазаваннем наркотыкаў. Людзі знікаюць у нікуды. Гэта найвышэйшая ступень фашызму. Тады хаця б ведалі, што людзі ў канцлагерах, а цяпер яны проста знікаюць».

Сотні беларусаў па ўсёй краіне сутыкаюцца з беспадстаўным гвалтам з боку сілавікоў. Амапаўцы жорстка збіваюць людзей, пераследуюць мужчынаў і жанчын, якія проста трапляюць ім на вочы.

Hавiны
«Адзін навёў на мяне зброю, дзе цяпер муж – не вядома». Беларусы дзеляцца жудаснымі гісторыямі апошніх дзён
2020.08.13 00:26

belsat.eu

Стужка навінаў