Рух «За свабоду» збірае подпісы за захаванне гімназіяў


Рух «За свабоду» абвесціў збор подпісаў супраць рэфармавання беларускіх гімназіяў. Адмысловую петыцыю абʼяднанне змясціла ў інтэрнэце на сайце change.org.

У заяве падкрэсліваецца, што ««рэалізацыя ініцыятывы Ігара Карпенкі вядзе да зніжэння агульнага ўзроўню школьнай адукацыі, паколькі будзе адсутнічаць магчымасць выбару ўстановы адукацыі для дзяцей з рознымі здольнасцямі, навучэнцы 5–9 класаў не будуць мець магчымасці паглыбляцца ў прадметы, да якіх маюць асаблівыя схільнасці».

«Ліквідацыя гімназіяў для пачатковай і базавай адукацыі вядзе да таго, што навучэнцы не будуць мець магчымасці раскрыць патэнцыял і надалей будуць неканкурэнтаздольнымі ў сучасным грамадстве ведаў», – тлумачыцца ў дакуменце.

Стваральнікі дакументу патрабуюць захаваць сістэму гімназіяў і не зніжаць іх узровень да звычайных школ, бо гэта дае магчымасць выбару ўстановы адукацыі для дзяцей з рознымі здольнасцямі.

«Таксама лічым не справядлівым, калі магчымасці больш якаснай адукацыі будуць даступны выключна для больш багатых сем’яў», – заключылі аўтары.

Непрадуманая спроба ўвесці «ўраўнілаўку» ў сістэме сярэдняй адукацыі можа прывесці да супрацьлеглых вынікаў, мяркуе старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч.

«Найлепшыя веды атрымаюць тыя дзеці, бацькі якіх маюць магчымасць заплаціць за дадатковыя курсы і рэпетытараў. Для ўсіх астатніх узровень выкладання будзе сярэднім, а значыць ніякім», – падкрэсліў ён.

Прапанова знізіць узровень гімназіяў да звычайных школаў прагучала на рэспубліканскім педагагічным савеце тыдзень таму. Паводле прапановы Ігара Карпенкі, паглыбленыя веды вучням варта атрымліваць толькі напярэдадні паступлення ва ўніверсітэты – у 10-х – 11-х класах.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў