Рубэн Мэграб’ян: «Мы не нарадзіліся для абслугоўвання Масквы»


Дух «роберткачаранізму» яшчэ жыве ў Арменіі, якая пасля рэвалюцыі 2018 г. імкнецца весці сваю замежную палітыку з улікам нацыянальных інтарэсаў. Як перамены ў армянскай палітыцы паўплывалі на жыццё? І як асобны гатэль стаў сімвалам старой сістэмы? «ПраСвет» у Ерэване паразмаўляў з экспертам Армянскага інстытуту міжнародных дачыненняў і бяспекі Рубэнам Мэграб’янам.

Як жыве Арменія пасля рэвалюцыі? Наколькі змянілася краіна, што атрымалася зрабіць за год? І што вас чакае?

Арменія стала на шлях рэформаў. Шмат што з гэтых рэформаў атрымліваецца, шмат пакуль што не атрымліваецца, але я ўпэўнены, што атрымаецца. Гэта справа часу. Ёсць палітычная воля з боку ўлады, і з боку грамадства ёсць ледзь не татальны палітычны запыт на рэформы. Я думаю, што краіна ідзе ў правільным кірунку. Іншая справа, што тэмпы могуць спадабацца не ўсім. Гэта таксама натуральна.

Калі гэта правільны кірунак, то ў чым канкрэтна выражаецца? Барацьба з карупцыяй, рэформа судовай сістэмы?

Гэта рэфармацыя нашага грамадскага і палітычнага жыцця, бо жыццё паказала, што ўсё трэба мяняць. Але трэба мяняць так, каб у працэсе зменаў не сапсаваць тое, што ёсць. Цана памылкі ў Арменіі праз аб’ектыўныя прычыны – непрымальная. Таму трэба ўсё зрабіць без права на стратэгічныя памылкі. А тактычныя памылкі – так, робяцца амаль не штодня, але ідзе праца над імі, яны выпраўляюцца, не даюць перарасці ў стратэгічныя. У гэтым рэжыме мы і жывем.

Дачыненні з Масквой. Менск – Масква, Ерэван – Масква. Адна з самых вялікіх нашых агульных праблемаў, як суіснаваць з гэткім дэспатычным суседам.

Чаго не можа зрабіць урад? Зразумела, што з улікам цяперашніх рэаліяў не ўяўляецца магчымым радыкальная змена геапалітычных арыенціраў. Паўтаруся, з улікам нашых сённяшніх рэгіянальных рэаліяў і інтарэсаў, якія пераследуюць вонкавыя гульцы ў той меры, у якой пераследуюць. Гэта палітыка, якая выбудоўваецца на аснове палітычнага рэалізму. За адсутнасцю іншых магчымасцяў выбудоўваюцца гэтыя дачыненні з вялікімі намаганнямі і ўскладненнямі, але ўсё ж выбудоўваюцца. Разуменне ёсць, што іншай Расеі ў нас няма і ў перспектыве іншай не будзе. Але з расейскага боку таксама ёсць разуменне, што іншай Арменіі для іх няма і не будзе. Таму ім трэба працаваць з той, якая ёсць.

Тым не менш ваш урад дазваляе сабе неадназначныя крокі ў дачыненні Масквы. Літаральна апошнімі днямі – справа Віталія Шышкіна (расейскі апазіцыянер атрымаў прытулак у Арменіі. – Заўв. рэд. «ПраСвету»). Гэта нейкі сімвалічны крок.

Сімвалічны – так, але не сказаў бы, што прадвызначае нейкую стратэгію. Такіх крокаў робіцца вельмі шмат, на гэта ёсць свае прычыны. Бо Арменія – суверэнная дзяржава. І ў якасці асноватворнага прынцыпу нашай вонкавай палітыкі мы заяўлены на самым высокім узроўні – на ўзроўні міністра замежных справаў і прэмʼер-міністра краіны. Гэта новы палітычны курс. Суверэнітэт – гэта нешта, што гандлю не падлягае. Незалежна ад таго, падабаецца гэта камусьці ці не. Масква бачыць постсавецкую прастору як уласны прыдатак. Гэта прыкладна так, як у часы Брэжнева з Масквы глядзелі на краіны Варшаўскай дамовы – краіны з усечаным суверэнітэтам, абмежаваннямі з боку і ў інтарэсах Масквы. Яны хочуць такое бачыць, але мы не нарадзіліся для абслугоўвання Масквы. Жаданне Масквы ненатуральнае і па-за здаровым сэнсам. Так, гэта балюча з улікам імперскіх памкненняў, але да гэтага трэба прывыкаць.

Мы ў Беларусі адчуваем гэта на сабе. Прыблізна тое ж самае. І ў гэтым сэнсе ў нас агульная геапалітычная хвароба.

Так, гэта так, але ў Беларусі няма канфлікту, і ў Беларусі на захадзе – нармальныя суседзі. У нас захад – Турцыя. Таму з гэткімі папраўкамі Арменія прасоўваецца так, як можа.

Арменія: Зрабіць немагчымае, як і Беларусі

Нікол Пашыньян збіраецца ў паездку ў ЗША. Ці магчыма, што адбудзецца ягоная сустрэча з Трампам?

На дадзены момант такой інфармацыі няма. Але ёсць інфармацыя, што пытанне арганізацыі сустрэчы ёсць на парадку дня нашай дыпламатыі. Гэта вельмі важная краіна і для Арменіі і для нашага рэгіёну. Таму Арменіі трэба нанова выбудоўваць дачыненні з ЗША. Чаму нанова? Бо тут змянілася філасофія вонкавай палітыкі і палітыкі як такой. Плюс тыя амерыканскія прыярытэты, пра якія мы ведалі ўвесь постсавецкі перыяд, памяняліся. З прэзідэнцтвам Трампа бачым вялікія трансфармацыі, якія яшчэ трэба зразумець, і выбудоўваць нешта новае. Ці атрымаецца, не ведаю. Магчыма. Да гэтага трэба імкнуцца. І гэта ў нашых інтарэсах.

Мы сустракаемся ў парку не выпадкова. Нам не дазволілі правесці інтэрвʼю, бо гатэль належыць былому прэзідэнту Арменіі, які застаецца ў турме. Гэта, напэўна, вельмі сімптаматычна.

Гэта сімптаматычна ў тым плане, што дух «роберткачаранізму» пануе ў гэтым гатэлі. Нібыта простая сітуацыя. Але так было падчас ягонага кіравання і кіравання ягоных пераемнікаў. І яшчэ раз гэта паказвае, чаму ў Арменіі адбылася рэвалюцыя і супраць чаго яна была. Яна была менавіта супраць такіх парадкаў. Акрамя як удару па ўласнай рэпутацыі ні гэты гатэль ні яго ўладальнікі большага не зрабілі. У Ерэване дзясяткі і сотні падобных гатэляў, і там можна рабіць усё што заўгодна. Арменія – свабодная краіна.

Размаўляла Аліна Коўшык

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 13.09.2019

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 13.09.2019

Іншыя тэмы выдання:

Глядзі таксама
Каментары