РПЦ адмовілася ад будаўніцтва храма ў цэнтры Екацярынбургу


Екацярынбургская епархія адмаўляецца ад права будаўніцтва храма святой Кацярыны ў скверы ля Драмтэатра ў цэнтры горада. У траўні гэтая будоўля ў Екацярынбурзе выклікала масавыя пратэсты. Аб гэтым паведамляецца ў заяве мітрапаліта Кірыла, піша «Медуза».

«Мы заўсёды хацелі толькі святасці і міру», – прыводзяцца словы святара. Ён дадаў, што царква выступае за «будаўніцтва сабора святой вялікапакутніцы Кацярыны на годным яе святасці месцы».

«У атмасферы татальнай хлусні і падману нават участак, абраны адкрыта і сумленна большасцю гараджанаў, усё роўна стане прычынай разладу для людзей, якія жадаюць абудзіць старажытнага дэмана грамадзянскай міжусобіцы. Мы б не хацелі даваць д’яблу такую ​​магчымасць, а таму ў пакоры Божаму Задуму, што вядзе нас Яму аднаму вядомым шляхамі, адмаўляемся ад права будаваць сабор святой Кацярыны ў скверы ля Драмтэатра», – падкрэсліваецца ў звароце.

З 13 траўня ў Екацярынбурзе праходзілі мітынгі супраць будаўніцтва храма святой Кацярыны ў скверы ў цэнтры горада. У выніку было вырашана прыпыніць будаўніцтва і правесці маштабнае апытанне насельніцтва.

КА belsat.eu

 

Стужка навінаў