Ровары дзядзькі Андрэя. У Горадню прывезлі калекцыю рарытэтнай тэхнікі


У Горадню на два тыдні прыехала выстава рарытэтных старых ровараў айчыннай вытворчасці з калекцыі менчука Андрэя Камоскі. Збіральнік перакананы, што тэхнічная гісторыя Беларусі недаацэненая і належным чынам не рэпрэзентаваная ў дзяржаўных музеях.

Андрэй распавядае, што зацікавіўся роварамі яшчэ ў дзяцінстве, калі бавіў час у бабулі ў вёсцы. Тады ж і пачаў збіраць знойдзеныя па старых хатах шыльдачкі з лагатыпамі заводаў, некалі прымацаваныя да ровараў. Тады ён яшчэ і ўявіць не мог, што гэтая справа захопіць яго на ўсё жыццё і пераўтворыцца не толькі ва ўнікальную для краіны прыватную калекцыю, але і ў стварэнне клубу рэтрацыклістаў «Беларускі ровар».

Калекцыянер Андрэй Камоска. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Мяне моцна падштурхнуў да сурёзнага калекцыянавання калега з-пад Рыгі Яніс Сергіенс, – распавядае Андрэй Камоска. – У ягонай калекцыі 70 толькі латышскіх даваенных і пасляваенных ровараў. Гэта ўражвае! Вярнуўшыся ў Менск я пацікавіўся старымі экзэмплярамі ровараў на менскім заводзе «Мотавела», але адтуль мяне ледзьве не пагналі, у музей не пусцілі. Наколькі я ведаю, там палова найбольш каштоўных экспанатаў ужо некуды падзелася… Крыўдна. Так я і пачаў сурёзна калекцыянаваць сам: годзе ўжо раскідваць камяні, час збіраць».

 

Старая скураная сядушка ровара. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Лагатып фірмы на педалях ровара. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Збіраць па дэтальцы: па спіцах і ланцугах»

Паводле Андрэя тэхнічная гісторыя краіны, а ў прыватнасці вытворчасць ровараў, у нас амаль не даследаваная. Напрыклад, нават у шасцітомнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» пра перадваенны завод «Нёман», які належаў сям’і Старавольскіх, не сказана нічога. Наогул жа ў Беларусі да 1939 году ровары збіралі ў Горадні, Маладэчне і Менску.

«Гатовы стары ровар купіць амаль немагчыма, – працягвае Андрэй. – Перадваенныя ровары збольшага паздавалі на металалом – гэта беднасць нашага насельніцтва ў правінцыі, бо нясуць усё, што можна. Таму і даводзіцца збіраць па дэтальцы – літаральна па спіцах і ланцугах.

Пасля рэстаўраваць і даводзіць да ладу. Так мы і губляем сапраўдныя дыяменты: нешта гніе ды іржавее, нешта здаюць на другасную сыравіну за капейчыну».

Дзіцячыя пасляваенныя ровары з калекцыі Андрэя Камоскі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Фірмовы брэнд да 1939 году быў прапісаны ці не ў кожнай дэталі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Найбольш каштоўныя асобнікі прадаюць за мяжу»

Клуб рэтрацыклістаў «Беларускі ровар» – гэта 10-15 чалавек, якія сурёзна цікавяцца тэмай і нават удзельнічаюць у заездах на старых роварах, што ладзяцца за мяжой. Паводле Андрэя, аматараў старых ровараў у Беларусі больш, але далёка не кожны хоча «свяціцца». Некаторыя ж наўпрост вышукваюць і прадаюць найбольш каштоўныя асобнікі ды дэталі ад іх за мяжу. Дарэчы, рарытэтны асобнік, знойдзены ў дзедавым хляве, можа каштаваць і 700, і 1000 долараў – галоўнае, каб стан быў прымальны.

Андрэй Камоскі дэманструе старыя роварныя нумары. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Шыльдачка ровару “Нёман” з панарамай Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

На выставе ў Горадні, якая будзе працаваць з 3 па 17 верасня ў «Цэнтры гарадскога жыцця» на Кірава, 3, прэзентаваныя чатыры перадваенныя дарослыя ровары, а таксама чатыры маленькія дзіцячыя, зробленыя ўжо пасля 1944 году. Акрамя саміх ровараў Андрэй таксама дэманструе калекцыю нумарных знакаў, завадскіх шыльдачак, старых рэкламных абвестак і фота нашых землякоў з роварамі 80-90 год таму.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў