«Роснефть» аднаўляе пастаўкі сыравіны ў Беларусь


«Роснефть» прыняла рашэнне адносна паставак нафты ў Беларусь. Менск атрымае нафту, але за кожную тону сыравіны будзе даплочваць пяць долараў прэміі, паведамляе «Интерфакс».

У кампаніі падкрэсліваюць, што Беларусь пагадзілася на ўмовы Расеі.

«Кампанія пацвярджае, што рашэнне аб аднаўленні паставак у Беларусь прынята менавіта на тых умовах, якія мы першапачаткова прапаноўвалі беларускаму боку, гэта значыць з прэміяй $5 за тону», – сказаў прадстаўнік «Роснефти».

Reuters паведамляе, што расейскія нафтавыя кампаніі з 1 красавіка гатовыя аднавіць пастаўкі нафты ў Беларусь. Расея пагадзілася павялічыць зніжку на нафту для Беларусі да 15,7 долараў за тону, што на 12 долараў болей, чым прапаноўвалася раней.

Але да гэтага часу не паведамляецца пра падпісанне канкрэтных кантрактаў паміж спажыўцом і пастаўніком нафты.

21 сакавіка, заслухоўваючы справаздачы адносна працы беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расейскі бок цалкам падтрымаў прапановы Беларусі па пастаўках нафты. Яшчэ раней гэтыя прапановы абмяркоўваў прэм’ер-міністр Сяргей Румас з сваім расейскім калегам Міхаілам Мішусціным. Падрабязнасці гэтых прапановаў грамадскасці не агучваліся.

Беларусь яшчэ з канца 2019 году вядзе безвыніковыя перамовы з буйнымі расейскімі нафтавымі кампаніямі пра пастаўкі нафты. У Менск нават наведваўся кіраўнік «Роснефти» Ігар Сечын і размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Улады краіны на фоне адсутнасці дамоўленасцяў з Расеяй імкнецца дыверсіфікаваць набыццё сыравіны. Агучвалася, што цягам сакавіка Беларусь набудзе каля мільёну тон нафты. Вядома, што частку сыравіны набылі ў Азербайджане. На НПЗ яна паступіць праз трубапровад Адэса-Броды. Другая частка паступіць праз Літву. Афіцыйны Менск паведамляе, што нафту набылі ў Расеі, але без прэміі.

Hавiны
Таямнічы візіт: з якімі прапановамі Сечын прыязджаў да Лукашэнкі?
2020.02.19 16:10

СК belsat.eu

Стужка навінаў