«Росцік, да не крычы ты так, падумаюць што ты дзікі, мы ж у Еўропе!»


У Варшаве прайшоў фінал Лігі Еўропы. У зацятай барацьбе іспанская «Сэвілья» перамагла ўкраінскі «Дняпро» з лікам 3:2. Украінскі футбольны клуб упершыню трапіў у фінал гэтага прэстыжнага турніру. Ужо з самай раніцы цэнтр польскай сталіцы акупавалі футбольныя заўзятары. Ледзь не з раніцы ў бары і рэстараны пацягнуліся людзі ў чырвонай і жоўта-блакітнай сімволіцы.

Украінцы спяваюць дзяржаўны гімн на цэнтральнай вуліцы, вакол – процьма паліцыі і вясёлых аматараў футболу ў метро. Так выглядаў горад яшчэ задоўга да фінальнай бойкі. У першай палове дня заўзятараў украінскага клубу было візуальна больш, аднак пасля абеду ўсё змянілася. Паводзіны ўкраінцаў і іспанцаў моцна адрозніваліся. Аматары Днепрапятроўскай каманды трымаліся кампаніямі, спакойна пілі піва і шпацыравалі вакол стадыёну.

 «Росцік, да не крычы ты так, падумаюць што ты дзікі, мы ж у Еўропе!»

«Слава Украіне» – можна было пачуць амаль паўсюль. – «Росцік, да не крычы ты так, падумаюць што ты дзікі, мы ж у Еўропе!» – кажа свайму сябру абгорнуты ва ўкраінскі флаг футбольны заўзятар з падбітым вокам. Заўзятары «Сэвільі» наадварот адцягваліся па поўнай, не абмежаваныя нічым, акрамя грошай і часу. Яны запоўнілі суседнія са стадыёнам вуліцы задоўга да адкрыцця брамаў стадыёну. У падземных пераходах да якога было бачна, што гэты вялікі натоўп, які ператварыўся ў адну кампанію – настроены па-святочнаму рашуча.

Мінула хвіліна і ў бок праваахоўнікаў пачынаюць ляцець бутэлькі

Здалёк, вуліца Francuska, запоўненая людзьмі ў чырвоным, нагадвала савецкі першамайскі мітынг працоўных, толькі без флагаў. Шмат алкаголю, гучныя песні ды разбітыя бутэлькі – так бавілі час заўзятары «Сэвільі» у чаканні матчу. Мінула хвіліна і ў бок праваахоўнікаў пачынаюць ляцець бутэлькі. Праз 10 хвілінаў «беспарадкі» затухаюць.

Складана паверыць, але пасля Еўрамайдану, у якім актыўны ўдзел бралі аматары розных футбольных клубаў, украінскія заўзятары паводзілі сябе падазрона спакойна. Чаго ня скажаш пра іспанцаў. Belsat.eu вырашыў скарыстацца момантам і распытаць украінскіх гасцей Варшавы пра матч ды ня толькі.

Маладая пара, Луганск

– Як настрой?

– Аляксей: Дзень цудоўны! Толькі білеты ня можам атрымаць! Замаўлялі праз інтэрнэт. Цяпер ня можам прайсці!

– Юля: Галоўнае, што нашыя ў фінале, а білеты – гэта дробязі

– Сёння на стадыёне прысутнічае прэзідэнт Украіны. Ці адчуваеце вы палітыку на трыбунах?

– Юля: Не. Мы прыехалі сюды заўзець з украінскага Луганску. Але ўжо год жывем на заходняй Украіне – на Валыні. Мы не адчуваем, што нас зараз хтосьці прыціскае.

– Група фанатаў, Днепрапятроўск

– (Даведваюцца, што я з Беларусі) – Жыве Беларусь! Слава Украіне!

– Чаго чакаеце ад сённяшняй гульні?

– Верым у каманду, чакаем перамогі! Сэвілья ўжо перамагала, а наша каманда першы раз у фінале гэтага турніру. Цяпер наша чарга! – Вы ведаеце, што сёння прысутнічае на трыбунах прэзідэнт Украіны? – Галоўнае, каб Каламойскі (экс-губернатар Днепрапятроўскай вобласці, персанаж шматлікіх жартаў і смешных здарэнняў) прыехаў (смяюцца). Мы прыехалі за гульнёй, а не за палітыкай.

– Але фанаты прынялі актыўны ўдзел у апошняй украінскай рэвалюцыі і вайне!

– Фанаты звычайна прымалі актыўны ўдзел! Фанаты заўсёды будуць на пярэднім рубяжы! Бо фанаты – патрыёты, якія заўсёды будуць за Украіну.

Сяброўкі, Дар’я, (Палтава) і Іна, (Днепрапятроўск)

– Іна: Настрой файны! Мы сёння скачам, абавязкова! Чакаем цудоўнай гульні ад каманды, нягледзячы на то, якім» будзе вынік.

– Ці адчуваеце вы палітыку сярод заўзятараў?

– Дар’я: Ніякай палітыкі, толькі добры футбол, прыемнае баўленне часу і файны вечар!» Нягледзячы на ўпартае нежаданне ўкраінскіх заўзятараў бачыць палітыку ў фінальным матчы Лігі Еўропы, славутая песня пра кіраўніка Расеі гучала ледзьве не часцей, чым імёны футбалістаў. Аднак, палітыкі, у той атмасферы, якая склалася на вуліцах Варшавы, дзякуючы гасцям і жыхарам польскай сталіцы сапраўды не было. Прымальнае надвор’е, утульны горад і добразычлівыя аматары футболу зрабілі сваю справу. Як сказала Дар’я: «толькі добры футбол і файны вечар.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў