Роля КДБ змяншаецца – для ўладаў замежная агрэсія страшнейшая за каляровую рэвалюцыю


Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі (дарэчы, больш нідзе ў свеце КДБ не засталося) рыхтуецца адзначыць 100-гадовы юбілей. З гэтай нагоды найстарэйшая спецслужба Беларусі адкрыла на сваім сайце віртуальны музей – у рэчаіснасці трапіць туды практычна немагчыма. Тут згадваюць нават крывавы тэрор 1930-х гадоў – праўда, своеасабліва. Чым сёння займаецца КДБ, калі не ганяецца за прывідам «Белага легіёну», і як жывуць спецслужбы – нашчадкі чэкістаў у суседніх краінах.

Хоць сам Камітэт дзяржбяспекі быў створаны толькі ў 1954 годзе, савецкія спецслужбы бяруць пачатак 20 снежня 1917 года. Тады народны камісар Фелікс Дзяржынскі патлумачыў партыі неабходнасць змагацца з контррэвалюцыяй і сабатажам.

Але ў Беларусі таго часу была свая спецыфіка, з-за якой чэкісты на нашай зямлі змаглі арганізавацца толькі праз год.

Гісторык Ігар Кузняцоў піша: «…на тэрыторыі Беларусі ў 1918–1920 гады была то польская акупацыя, то нямецкая акупацыя, то саветы прыходзілі, таму першым кіраўніком спецслужбаў Беларусі быў Яркін з 1918 года».

Імя Віктара Яркіна, разам шэрагам іншых першых высокіх чэкістаў БССР, можна ўбачыць на віртуальнай экскурсіі ў сталічным музеі КДБ. З размешчанай за бюстам Фелікса Дзяржынскага інфармацыі можна даведацца, што гэтыя асобы «трапілі пад молах палітычных рэпрэсіяў трыццатых гадоў». З першых чатырнаццаці наркамаў БССР ні адзін не памёр уласнаю смерцю, і ўва ўсім музеі – гэта адзіны ўспамін пра крывавы тэрор. Паводле гісторыка, нават у межах гэтай экспазіцыі айчынны КДБ мог бы захаваць годнасць.

«Былі чэкісты, што супраціўляліся, былі. Але магу сказаць, умоўна кажучы, што гэта не больш за адзін-два адсоткі. І калі б на гэтых стэндах былі імёны двух адсоткаў беларускіх чэкістаў, што выступалі супраць рэпрэсіяў, – гонар гэтай выставе. Але, на жаль, там можа адзін-два такіх прадстаўлена, а вось тыя каты, кіраўнікі бяспекі – і Малчанаў, і Наседкін, і Берман з Цанавай – іх буйныя партрэты як таленавітых кіраўнікоў бяспекі Беларусі», – дадае даследчык рэпрэсіяў Ігар Кузняцоў.

Такіх талентаў хапае ў гісторыі кожнай савецкай рэспублікі. Але не кожная постсавецкая краіна настолькі пяшчотна ставіцца да чэкісцкае спадчыны.

Напрыклад, Літва 17 гадоў таму прыняла закон аб люстрацыі, згодна з якім былыя агенты КДБ маглі прызнацца ў супрацы з камітэтам і пазбегчы публічнага раскрыцця. У іншым выпадку яны страчваюць магчымасць працаваць практычна на любой кіроўнай пасадзе. Але нават для тых, хто прызнаўся ў агентурнай дзейнасці, існуе выключэнне.

Тэрэза Бураўскайце з Цэнтру даследавання генацыду і супраціву жыхароў Літвы апавядае: «Недалёка да выбараў нашага новага прэзідэнта. Калі будзе балатавацца асоба, што нават прызналася, і яе інфармацыя цяпер лічыцца дзяржаўнай таямніцай, то ў такім выпадку ўсё адно страціць абарону і стане вядомай».

Нашыя паўднёвыя суседзі праводзілі чыстку ў шэрагах сваіх спецслужбаў двойчы. Амаль сімвалічную на пачатку 1990-х гадоў і рэальную люстрацыю пасля перамогі Рэвалюцыі годнасці.

Андрэй Когут, дырэктар архіву Службы Бяспекі Украіны нагадвае, што «дзее закон пра ачышчэнне ўлады, які прадугледжвае люстрацыю, і такім чынам асобы, што займалі кіроўныя пасады ў час Януковіча або працавалі ў КДБ, не могуць працаваць у СБУ».

Украіна таксама адкрыла архіў сваёй службы бяспекі, у які ўваходзяць і дакументы чэкісцкага часу. Доступ адкрыты кожнаму ахвочаму.

«Трэба проста да нас звярнуцца. У нас працуюць таксама чытачы і даследчыкі родам з Беларусі, або тыя, хто мае беларускае грамадзянства. У прынцыпе, найбольш цікавіць людзей, натуральна, інфармацыя пра рэпрэсаваных родных – гэта больш за палову нашых запытаў», – каментуе кіраўнік архіву Службы бяспекі Украіны Андрэй Когут.

Натуральна, што пра поспехі органаў бяспекі ў любой краіне кажуць рэдка. Затое айчынныя чэкісты назбіралі цэлы шэраг векапомных правалаў. Гэта і перадухіленне неверагодных тэрактаў перад выбарамі 2006 года з нібыта атручваннем мышэй і пацукоў, якіх нібыта мелі ўкінуць у сістэму водазабеспячэння Менску. І, натуральна, нядаўняя справа «Белага легіёну» – заяўлялася пра цэлыя лагеры баевікоў унутры самой Беларусі, канфіскоўвалі арсеналы, а ў выніку справу закрылі.

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў сцвярджае: «КДБ і іншыя спецслужбы фактычна дэзінфармавалі ці неаб’ектыўна падавалі інфармацыю вышэйшаму кіраўніцтву. То бок, цяпер мы бачым, што баланс унутры сілавога блоку змяшчаецца з КДБ да іншых сілавых структураў – найперш у бок Службы бяспекі прэзідэнта і Аператыўна-аналітычнага цэнтру».

Такім чынам, КДБ пад канец стагоддзя свайго існавання ў нашай краіне імкліва страчвае ўплыў – канстатуе адмысловец.

«Улады Беларусі разглядалі каляровую рэвалюцыю як самую галоўную пагрозу для сябе. Але з пачаткам расейска-ўкраінскага канфлікту стала відавочна, што самая сур’ёзная небяспека для Беларусі – звонку. А пад гэта трэба рэфармаваць увесь сілавы блок, узмацняць ролю ўзброеных сілаў», – падсумоўвае эксперт Арсен Сівіцкі.

І апошняе паволі, але адбываецца ўжо цяпер – налета бюджэт беларускага Міністэрства абароны ці не ўпершыню ў гісторыі будзе большы, чым у айчынных праваахоўнікаў. Што ж да КДБ, то структура, на руках якой кроў мільёнаў бязвінных ахвяраў, калі гэтак пойдзе далей, можа і не дажыць да чарговага юбілею і саступіць месца менш адыёзным і больш патрэбным нашай краіне спецслужбам.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Сюжэт паказалі 15 снежня 2017 г. у праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою.

Таксама ў праграме:

  • Вайскоўцы выходзяць, бізнесоўцы заходзяць. Як Расея збіраецца зарабляць у Сірыі?
  • Падман Пуціна пра гісторыю Украіны. Інтэрв’ю з Мар’яй Пшэломец
  • Поле цудаў Лукашэнкі ці рэвалюцыя ў эканоміцы?
  • Нямецкі палітолаг: «Стратэгія пацяплення не прынясе ніякіх вынікаў»
Стужка навінаў