Родныя загінулага ў Мазыры салдата: «Следчыя кажуць, што гэта быў не суіцыд»


20 студзеня следства ў справе гібелі салдата тэрміновай службы Руслана Зайцава мелася скончыцца. Але родныя вайскоўца дасюль так і не атрымалі нейкіх паведамленняў пра далейшую хаду расследавання.

Руслан Зайцаў. Фота прадстаўлена роднымі
20 лістапада летась 19-гадовага Руслана Зайцава знайшлі памерлым у Мазырскім памежным атрадзе. Памежны камітэт агучыў версію, што салдат скончыў жыццё самагубствам. Але родныя ў гэта не вераць.

Паводле родных, у справе расследавання смерці Руслана Зайцава следчыя павінныя былі з пачатку году правесці дзве экспертызы і даць заключэнне, але ніякай інфармацыі яны не атрымалі. Родныя лічаць, што справу наўмысна расцягваюць. Яшчэ да Новага года яны звярнуліся з лістом у Адміністрацыю прэзідэнта. Але і адтуль адказу на свой зварот так і не атрымалі.

«У Следчым камітэце маме Руслана распавялі, што версія пра суіцыд адпадае. Яны нібыта праверылі ноўтбук і сказалі, што скончыць жыццё самагубствам у яго не было сэнсу. Разглядаецца версія, што нібыта адбыўся няшчасны выпадак па неасцярожнасці. Маўляў, ён сам у сябе па неасцярожнасці стрэліў, неяк так у яго атрымалася. Але калі б быў стрэл у самога сябе, то тады б былі відавочныя сляды ад апёкаў, прынамсі так мне кажуць адмыслоўцы», – распавяла «Белсату» цётка Руслана Ірына.

Але і ў гэтую версію родныя не вераць. Руслан не раз і не два быў на заставе са зброяй, ужо больш за год адслужыў і меў досвед карыстання зброяй.

«Як ён мог сам стрэліць у сябе – я не ўяўляю. У мяне толькі адна версія, што яго застрэлілі. Магчыма нехта стрэліў у яго па неасцярожнасці. Але хай тады яны так і скажуць», – кажа Ірына.

Руслан Зайцаў, загінулы ў Мазыры салдат. Фота прадстаўлена роднымі

«Следства проста цягне час»

Сваякі загінулага салдата звярталіся ў Следчы камітэт з просьбай правесці эксгумацыю. Родныя Руслана маюць намер праглядзець, ці есць на яго целе нейкія траўмы, наяўнасць кровападцёкаў. Але зварот пакуль застаўся без задавальнення. У Следчым камітэце прапанавалі ім паказаць фотаздымкі з морга.

«Мама Руслана адмовілася праглядаць гэтыя фоты. Яна не змагла, бо і так для яе смерць сына стала страшнай трагедыяй. З іншага боку, на здымках можна паказаць толькі тое, што патрэбна, каб супакоіць родных», – распавяла цётка Руслана.

Яшчэ адна акалічнасць, на якую звяртаюць увагу родныя загінулага салдата, гэта тое, што раптоўна знік сябра Руслана, з якім яны выходзілі на заставу. У вайсковай частцы распавялі, што нібыта яго перавялі ў іншую частку, а вось куды – не паведамляюць. Вайскоўцы толькі распавялі, што яму вельмі цяжка выходзіць на заставу.

«Такое адчуванне, што гэтага салдата хаваюць ад нас. Увогуле складваецца ўражанне, што следства проста цягне час, каб мы не змаглі нічога зрабіць. Следчы яшчэ ў лістападзе летась нам казаў, маўляў, навошта нам недзе выязджаць, нібыта ён сам будзе ў Мазыры і патрапіць да нас. Але ўжо колькі месяцаў мінула, а яго так і няма», – кажа Ірына.

У Руслана былі планы на жыццё

Незадоўга да смерці Руслан Зайцаў быў у адпачынку. За гэты час салдат наведаў усіх родных. Хлопец камунікаваў з людзьмі, заўсёды быў з усмешкай. Знаёмыя не могуць паверыць у яго смерць, бо юнак заўсёды быў жыццярадасны, з усмешкай, жартаваць любіў, будаваў планы на будучыню.

«Руслан падчас адпачынку казаў, што не хоча заставацца паводле кантракту ў войску. Але я з ім паразмаўляла і параіла паспрабаваць. Ён пагадзіўся з гэтым. У любым выпадку, у яго былі планы на будучыню, думаў паступаць вучыцца. У грошах таксама ў яго не было патрэбы. Казалі, што нібыта ён залежны ад гульняў і шмат грошай пакідаў у інтэрнэце, за што нават залез у пазыкі. Усё гэта лухта. Да гэтага часу ў яго на рахунку ляжаць грошы, якія засталіся з мінулай працы», – распавядае цётка загінулага салдата.

У хлопца не было дзяўчыны. Ірына кажа, што паглядалі на раздрукоўцы ягоныя размовы і пабачылі нумары, на якія ён часта званіў. Калі патэлефанавалі, то падняла дзяўчына, якая распавяла, што яны проста камунікавалі, не сустракаліся.

«На самой справе ў войску адбываецца абы што. Не можа так быць, што калі ў іх там усё добра, каб адбываліся такія трагічныя выпадкі з маладымі хлопцамі. Гэта значыць кіраўніцтва там такое, не звяртае ўвагі на некаторыя рэчы, на якія мусяць рэагаваць. Канечне, Руслан не распавядаў усё. Не хацеў, каб родныя хваляваліся і перажывалі», – лічыць Ірына.

Цягам апошніх гадоў у войску адбыўся шэраг надзвычайных здарэнняў, падчас якіх загінулі, або атрымалі траўмы салдаты. Найбольш гучнай справай стала смерць Аляксандра Коржыча ў Печах.

10 студзеня ў вайсковай частцы ў Старых Дарогах загінуў сяржант-кантрактнік. Вайсковец атрымаў цяжкую траўму падчас спробы заскочыць у кабіну гусенічнага цягача, які рухаўся. Салдата даставілі ў шпіталь, але выратаваць яго медыкі не змаглі.

У студзені ад анкалогіі памёр Аляксандр Рыштоўскі, які праслужыў у войску 11 месяцаў. Сваякі вінавацілі прызыўную камісію ў тым, што хлопца забралі ў войска, нягледзячы на кепскія аналізы.

Hавiны
СК расследуе смерць вайскоўца Мазырскага памежнага атраду
2019.11.20 10:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў