Робім сапраўдны беларускі папкорн: вядоўцы «Белсату» выдалі кнігу рэцэптаў


«Я буду гэта есці!» – так называецца зборнік рэцэптаў з нашага амаль аднайменнага кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!».

Як прыгатаваць аўсянку, гарбуз і мазгі, каб пальчыкі аблізвалі нават тыя, хто з дзяцінства на гэтыя прадукты глядзець не можа? Каманда кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» спраўляецца з такой задачай вось ужо год. 25 лютага 2018 года ў эфір выйшла нашае першае выданне!

За гэты час шэф-кухары Вольга Прыгарава і Аляксандр Чыкілеўскі падзяліліся дзясяткамі першакласных спосабаў прыгатаваць прадукты, якія трапілі ў няласку не толькі зорак-гасцей праграмы: з манкі, сала і мазгоў ім удалося стварыць маленькія кулінарныя шэдэўры. Чаго варты хаця б папкорн з груцы!

Да дня нараджэння перадачы самыя цікавыя і ўлюбёныя рэцэпты нашых шэф-кухараў выйшлі пад адной вокладкай. Пра зборнік рэцэптаў «Я не буду гэтага есці!» распавядае аўтарка шоу Аліна Коўшык.

Аліна Коўшык на здымках праграмы «Я не буду гэта есці!». Фота Алены Судзьінай

МВ: Усе рэцэпты з праграмы выкладзеныя ў інтэрнэце. Адкуль з’явілася ідэя выдаць асобную кнігу?

АК: Інтэрнэт інтэрнэтам, але кулінарная кніга – гэта зусім іншы ўзровень задавальнення і эстэтыкі. Таму наша каманда сышлася на ідэі, што прыгожы зборнік рэцэптаў – выдатны спосаб падвесці рысу пад другім сезонам праграмы. З мноства рэцэптаў, якімі за год падзяліліся Вольга і Аляксандр, мы выбіралі паводле прынцыпу арыгінальнасці і разнастайнасці. У выніку ў кніжку ўвайшлі рэцэпты першакласных страваў з простых, даступных прадуктаў: груцы, рачной рыбы, бульбы і нават мазгоў.

Вокладка зборніка рэцэптаў з праграмы «Я не буду гэтага есці!»

МВ: Але ці змогуць прыгатаваць стравы ад шэф-кухараў тыя, хто ў кулінарыі не такі моцны?

АК: Перш за ўсё зборнік ацэняць аматары кулінарных эксперыментаў, бо нават галубцы ці аліўе ў выкананні нашых шэфаў робяцца незвычайнымі стравамі, годнымі любога стала. Пры гэтым быць прасунутым кулінарам зусім не абавязкова: дастаткова жадання гатаваць і любові да страваў з разыначкай. А яшчэ са зборніка можна даведацца, за якую страву Вольга Прыгарава перажывала, як за свой першы пацалунак, што пісьменнік Віктар Марціновіч назваў «прыгатаваным нібыта на Сатурне» і з якога сняданку вядоўца Кацярына Пытлева гатовая пачынаць кожны дзень.

МВ: Ну і галоўнае – дзе знайсці кнігу?

АК: Пакуль купіць кнігу нельга, але мы з задавальненнем будзем дарыць яе нашым гледачам. І першая магчымасць атрымаць зборнік, а заадно і паўдзельнічаць у яго прэзентацыі, ёсць ужо зараз – за падрабязнасцямі заходзьце на наш профіль на Facebook.

Марына Вашкевіч

Стужка навінаў