Робэрт Бедрань: Рэжым Лукашэнкі не паважае правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратыі


Паводле еўрапейскага дэпутата, рэжым Аляксандра Лукашэнкі павінен заплаціць за парушэнне правоў чалавека.

Сотні затрыманых, дзясяткі палітвязняў, разгоны мірных дэманстрацыяў і выключэнне з выбарчай гонкі палітычных апанентаў. Гэта гісторыя апошніх тыдняў Беларусі. Пра апошнія падзеі і пра магчымыя санкцыі распавёў Belsat.eu дэпутат Еўрапейскага Парламенту, старшыня камісіі па сувязям з Беларуссю Робэрт Бедрань.

Робэрт Бедрань. Крыніца: Беларускі Дом у Варшаве

Што думаюць у Еўразвязе пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі?

Еўразвяз вельмі актыўна назірае за сітуацыяй у Беларусі. Робяцца пэўныя крокі: Еўрапейскім Парламенце рыхтуецца спецыяльны рапарт адносна сітуацыі ў Беларусі, у якім з’явяцца пэўныя рэкамендацыі. На мінулым тыдні адбылася дыскусія на тэму беларускіх падзеяў падчас пленарнага паседжання. У ЕП гучыць усё больш галасоў адносна змены палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі, яна павінна быць больш рашучай. Беларускі бок змарнаваў тую адлігу ў двухбаковых дачыненнях, якую мы назіралі ў апошнія гады. Апошнія месяцы, тыдні і дні паказваюць, што рэжым Лукашэнкі не паважае правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратыі. Хутчэй за ўсе, у бліжэйшым часе палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі зменіцца, зʼявіцца новая стратэгія. ЕП ужо працуе над гэтым.

То бок ужо летам нас чакае моцнае пахаладанне паміж Менскам і Бруселем?

Я лічу, што Лукашэнка паклаў адлігу ў нашых стасунках на алтар надыходзячых выбараў, робіць усё толькі дзеля таго, каб перайсці на шосты прэзідэнцкі тэрмін. Гэта яго галоўная мэта. Апошнім часам сапраўды адбылося шмат у нашых дачыненнях. Можна прыгадаць лібералізацыю візавых працэдураў і фінансавую падтрымку ЕЗ Беларусі, між іншым звязаную з барацьбой з эпідэміяй каронавірусу. Мы будзем змушаныя змяніць падыход да Беларусі. Аднак, мы, дэпутаты ЕЗ, лічым, што менавіта рэжым Лукашэнкі павінен заплаціць за парушэнне правоў чалавека, а не звычайныя грамадзяне Беларусі. Лічым, што хутка вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль зойме яшчэ больш крытычную пазіцыю, уключна з санкцыямі адносна звязаных з рэжымам Лукашэнкі асобаў. Различваем таксама на тое, што ЕЗ распачне падтрымку дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі і грамадзянскай супольнасці. Будзем гэтага дамагацца.

Hавiны
МЗС Літвы: Працяг палітычных рэпрэсіяў будзе мець наступствы для стасункаў ЕЗ і Беларусі
2020.07.16 17:27

Ці сёння ў Еўрапарламенце сапраўды ёсць палітычная воля, каб сурʼёзна размаўляць хоць бы пра персанальныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў, ужо не кажучы пра эканамічныя? ЕЗ сутыкнуўся з уласнымі праблемамі, пандэмія зруйнавала эканомікі шматлікіх еўрапейскіх дзяржаваў.

У Еўрапейскім Парламенце такая воля ёсць. Але не бачу яе з боку спадара Бурэля і іншых органаў улады ЕЗ. Таму мы павінны гэта змяніць. Еўразвяз павінен заняць такую пазіцыю, якая будзе адпавядаць сітуацыі ў Беларусі. Гэта вельмі сурʼёзная сітуацыя і яна патрабуе рэакцыі ЕЗ. Гледзячы на настроі ў ЕП, магу сказаць, што шмат дэпутатаў ЕЗ прытрымліваецца менавіта такой пазіцыі.

Hавiны
Еўрадэпутат пра пратэсты ў Беларусі: Грамадства паказвае сілу грамадзянскай волі
2020.07.16 14:01

Ёсць тэорыя, што менавіта Лукашэнка зʼяўляецца гарантам беларускай незалежнасці і суверэнітэту. Маўляў, без яго Беларусь хутка праглыне Расея. Некаторыя кажуць нават пра тое, што Расея стаіць за некаторымі апанентамі рэжыму – казаў пра гэта і сам Лукашэнка. Вы чулі такое меркаванне? Можа, менавіта таму прадстаўнікі ЕЗ займаюць вельмі асцярожную пазіцыю?

Я чуў такое меркаванне. Канешне гэта не сакрэт, што Беларусь знаходзіцца ў сферы ўплыву Расеі. Вельмі моцна залежыць ад расейскіх энерганосьбітаў і кожнае іх абмежаванне з боку Расеі пагаршае эканамічную сітуацыю Беларусі. Еўразвяз баіцца, што, уводзячы санкцыі ў дачыненні да Менску, уплыў Расеі на Беларусь павялічыцца. Але ж трэба разумець, што без станоўчай рэакцыі ЕЗ сітуацыя будзе толькі пагаршацца. У Беларусі жывуць людзі, якія патрабуюць нашай падтрымкі, якія гатовыя змагацца за дэмакратыю і правы чалавека, нават рызыкуючы сваім жыццём. Есць дэмакратычная апазіцыя, якая патрабуе салідарнасці з боку ЕЗ. Асабіста буду назіраць за сітуацыяй і дамагацца рэальных крокаў, каб ніхто не хаваў галаву ў пясок. У ЕП есць кансэнсус па гэтай тэме, будзем дамагацца адпаведных дзеянняў ад Еўрапейскай камісіі.

Вы зʼяўляецеся праціўнікам таго, каб беларускае грамадства сталася закладнікам вялікай геапалітычнай гульні паміж захадам і Расеяй?

Канешне. Гэта не толькі мае меркаванне, але многіх маіх калегаў у Еўрапейскім Парламенце. Мы лічым, што трэба разумнымі крокамі імкнуцца да таго, каб Беларусь стала краінай, дзе ўлады будуць шанаваць правы чалавека. Беларусь – гэта частка Еўропы, а беларусы – еўрапейцы. Не хапае толькі ўлады, якая будзе абапірацца на еўрапейскіх каштоўнасцях.

Размаўляў Руслан Шошын Belsat.eu

Hавiны
«Свабодныя і справядлівыя выбары павінны быць паўсюль». ААН сочыць за сітуацыяй у Беларусі
2020.07.16 11:48
Стужка навінаў