«Год без Паўла» – акцыя ў Кіеве да гадавіны забойства Шарамета. Стрым «Белсату»


09:33 Людзей не пускаюць на тэрыторыю, таму людзі сабраліся пад плотам каля будынку.

09:27 Калона дайшла да Адміністрацыі.

09:17 Калона дайшла да Майдана Незалежнасці. 

09:09

«Пэўна, ува Украіне больш няма такіх журналістаў на радыё. Кожны эфір з ім – гэта было нешта», – кажа слухач Паўла.

09:00 Журналісты, праваабаронцы, сябры і слухачоы Паўла ў калоне ідуць да Адміністрацыі прэзідэнта, каб патрабаваць расследавання забойства. Людзі трымаюць у руках плакаты з надпісам «Хто забіў Паўла?». Актывісты ў майках з такім надпісам. Надпісы з пытаннем ёсць і на асфальце.

08:58

«Паша быў дабраком. Ён заўсёды станавіўся для ўсіх сябрам і з ім было ўтульна. Інфармацыі мала, усе версіі могуць быць магчымымі», – кажа журналіст Аркадзь Бабчанка, які таксама прыйшоў на месца, дзе забілі Шарамета.

08:50

«Расследаванне не праводзіцца, бо не бачна вынікаў. Прайшоў год. Мы б хацелі, каб праваахоўныя органы далі больш інфармацыі, на якой стадыі цяпер гэтая справа», – кажа актывістка і прадстаўніца Amnesty international.

08:49 Людзі збіраюцца прайсці шэсцем да Адміністрацыі Парашэнкі і запатрабаваць актывізацыі расследавання. Удзельнікі акцыі фармуюць калону.

08:38

«Са мной прыехалі сябры з Беларусі. Гэта вельмі важна. Ён казаў і пісаў тое, што думаў», – кажа хлопец.

«Мы прыйшлі сюды нагадаць уладзе, што нічога не зроблена і замоўца і выканаўца не знойдзены», – кажа прысутная Аліна.

08:34 На акцыю прыйшоў хлопец з бел-чырвона-белым сцягам.

08:28

«Год прайшоў, а інфармацыі столькі ж як і ў першы дзень», –кажа журналіст Мустафа Наем.

08:24

«Мы ведалі Паўла яшчэ з Беларусі і мы бядуем. Я не думаю, што гэта расейскі альбо беларускі след. Унутры ёсьць сілы, якія хочуць дэстабілізаваць сітуацыю», – мяркуе адзін са знаёмых Паўла.

08:21 Сабралося каля двухсот чалавек.

08:19 Грае песня Dire Straits, якую любіў Павел.

08:17 Алена Прытула, ягоная грамадзянская жонка Паўла Шарамета, паехала на акцыю памяці ў Менск.

«Мы не хочам, каб улада прыкрывалася расейскім следам», – кажа галоўны рэдактар «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева.

«Следства дагэтуль не вызначылася з версіяй. Мы нічога не ведаем і ў гэтым нашая галоўная прэтэнзія», – кажа яшчэ адна рэдактарка «УП» Аксана Каваленка.

08:11 Людзі сабраліся на месцы, дзе ўзарвалі аўтамабіль Паўла Шармаета –  на скрыжаванні вуліц Хмельніцкага і Франка. Удзельнікі акцыі памяці падыходзяць са знічамі і кветкамі. Прысутнічае амбасадарка ЗША, а таксама шэраг іншых палітыкаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў.


Пачатак акцыі запланаваны на 8:00 раніцы – час, калі год таму загінуў Шарамет.

Год таму ў цэнтры Кіева забілі журналіста Паўла Шарамета – выбухоўка спрацавала ў аўта, у якім ён ехаў на працу. 20 ліпеня калегі і сябры Шарамета збяруцца на месцы трагедыі, на перакрыжаванні вуліц Франка і Хмельніцкага ў цэнтры ўкраінскай сталіцы.

«Нам вельмі бракуе Паўла, але яшчэ гарчэй тое, што за год паліцыя не дала адказу на пытанне, хто быў забойцам і заказчыкам забойства», – напісалі калегі Шарамета ў сацыяльных сетках.

Удзельнікі пройдуць шэсцем да будынку Службы бяспекі Украіны, Адміністрацыі прэзідэнта Парашэнкі і Міністэрства ўнутраных справаў і запатрабуюць справядлівага расследавання злачынства.

«Я кожны дзень атрымліваю інфармацыю, аднак гэта не для публічнага дыскурсу. Будуць вынікі – будзе інфармацыя», – заяўляў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў летась.

Таксама Арсен Авакаў заклікаў палітыкаў, якія не маюць дачынення да расследавання, не раскрываць факты і зачэпкі следства, а таксама ўстрымацца ад распаўсюду здагадак.

Забойцы і замоўцы злачынства дагэтуль невядомыя.

Онлайн-трансляцыю з акцыі будзе весці Кацярына Андрэева. Далучайцеся да прагляду 20 ліпеня а 8:00!

Падзея ў «Фэйсбуку».

 

Стужка навінаў