Рэжысёры здымаюць фільмы з «Лістападу». Андрэй Куціла пра скандал вакол фестывалю: Смешная сітуацыя, крыўды няма


Творцы адмаўляюцца ад удзелу ў «Лістападзе» дзеля салідарнасці з дырэкцыяй фестывалю, якую пазбавілі права абіраць фільмы для нацконкурсу.

Маладыя рэжысёры не хочуць удзельнічаць у конкурсе, дзе занядбалі правамі і свабодай творчасці.

Сёлета фінальнае рашэнне, якая стужка трапіць у нацыянальную конкурсную праграму міжнароднага кінафестывалю, прымае адмысловая камісія. Яе ўзначальвае намесніца міністра культуры Ірына Дрыга.

Праграма кінафестывалю «Лістапад» тут

Закручванне гаек адбылося пасля заявы міністра культуры Юрыя Бондара пра тое, што конкурсныя фільмы «чарнуха, знятая за тры капейкі на лічбавую камеру». Таму яшчэ ў лютым сёлета ён папярэджваў, што радыкальна зменіць падыход да фармавання праграмы кінафоруму.

Між іншага, праз цэнзуру Мінкульта ў конкурс не прапусцілі фільм вядомага беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненку і новую стужку «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы.

«Смешная сітуацыя, крыўды няма, бо ў адборачную камісію фестывалю ўваходзяць прафесіяналы. Калі яны не адбіраюць твой фільм, ты разумееш іх выбар і паважаеш яго. Тут справа, што камісія мела рэкамендацыйны характар і нічога не вырашала. Хто ўваходзіць у камісію Мінкульта? Не зразумела. Не ўзялі шмат добрых фільмаў, але прапусцілі таксама годныя. Сітуацыя кажа толькі пра тое, што існуе цэнзура, а Мінкульт займаецца не культурай, а шэрымі справамі», – кажа рэжысёр.

Аўтар дадае, што «Лістапад» – добрая магчымасць паказаць свае працы беларускаму гледачу, а таксама міжнародным прафесіяналам, атрымаць іх водгук і меркаванне. Таму ніхто не патрабаваў, каб іншыя рэжысёры здымалі свае стужкі.

«Ніхто патрабаваць зняць фільмы не будзе, але калі нехта вырашыць зняць – гэты ўчынак я паважаю, гэта салідарнасць. Ці трэба ім ісці на гэтую ахвяру, гэта таксама складанае пытанне. Калі малады рэжысёр марыць пра тое, каб паказаць фільм шырокай публіцы, ведаючы, што гэта ягоны адзіны шанец, як тут можна вінаваціць?»

Летась у конкурснай праграме кінафестывалю брала ўдзел чатыры фільма «Белсату».

Фільм Іллі Бажко, зняты пры падтрыманні «Белсату», атрымаў дыплом у нацыянальным конкурсе дакументальных фільмаў 24-а міжнароднага фестывалю «Лістапад».

У 2015 годзе лепшай дакументальнай стужкай фестывалю прызналі фільм «Госці» Андрэя Куцілы, які здымаўся спецыяльна для «Белсату».

25-ы Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 2 па 9 лістапада.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў