Рэжысёр зняў фільм пра сваю жонку, якая адгаворвае жанчын рабіць аборт


«Нараджаць – гэта не з маім мужам», – гаворыць пацыентка кансультанту, да якой яе скіравалі, перш чым рабіць спарон. Пра няўдзячную працу псіхолага распавядае фільм «12 тыдняў цішыні», зняты для «Белсату» Сяргеем Гараеўскім.

На «Белсаце» ўжо выходзілі рэпартажы Сяргея Гараеўскага «Пункт невяртання» і «На дне». У 2015 годзе ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (кафедра кінатэлеаператараў). Працаваў аператарам і рэжысёрам дакументальных фільмаў.

– Калі беларусам кажуць, што спарон – гэта кепска, яны ўспрымаюць гэта ў штыкі. Узяць хаця б каментары да нядаўняга выдання праграмы «Людскія справы», прысвечанага гэтай тэме. Чаму вырашылі за яе ўзяцца?

– Перад усім, таму, што галоўная дзеючая асоба ў фільме – мая жонка. Яна працуе ў якасці кансультанта каля года. Праца вельмі цяжкая, перш за ўсё з маральнага пункту погляду. Жонка распавядала шмат розных гісторыяў – трагічных, легкадумных, жахлівых, банальных. Іх аб’ядноўвае абсалютная часам упэўненасць, што нічога кепскага гэтыя жанчыны (і мужчыны за іх спінамі) не робяць. Падчас здымак фільму адной з суразмоўніц жонка сказала: «Я зараз выступаю ў якасці адваката вашага ненароджанага дзіцяці». Мне вельмі захацелася ёй у гэтым дапамагчы хоць неяк.

– Ці ёсць нейкія звесткі пра эфектыўнасць размоваў з кансультантам?

– Пакуль што выратаваных жыццяў – адзінкі. Патрэбная больш актыўная прафілактыка ў школах ды іншых навучальных установах.

– Вельмі папулярны аргумент: «навошта пладзіць беднасць?» і папрок: «пра прэзерватывы не чулі?».

– Калі жанчына ўжо цяжарная, планаваць позна. Трэба несці адказнасць, так павінны рабіць дарослыя людзі, тым больш калі няма ніякіх медычных паказанняў для спарону. Інакш у нас будзе інфантыльнае грамадства. Безумоўна, законы павінны быць людскія, дзяржава мае даць магчымасць нарадзіць дзіця, а не даводзіць да скрайнасцяў. Ведаеце, у нас падрастаюць дзве дачкі: старэйшай 12 год, малодшай – 5. Я іх вельмі люблю. Мне 39, жонцы 34. Думаем пра трэцяе дзіця, апошні шанец па ўзросце. Шмат страхаў у нас, такіх жа, як і ў жанчын з майго фільму, і дзесьці жадання для сябе пажыць. Мы ўсе аднолькавыя ў гэтым сэнсе. Але есць розніца. Мы плануем да таго, як…

Размаўляла Інга Астраўцова

Стужка навінаў