Рэзалі казла, выглядалі душы праз хамут і ратаваліся ад зомбі. Узгадваем, як спраўлялі Дзяды нашыя продкі


Першыя туманныя лістападаўскія ночы напаўняюць зямлю асаблівай таямнічасцю. Нездарма, менавіта гэтай парой нашыя продкі адчувалі адмысловую сувязь з Іншасветам, адкуль у ноч на Дзяды вяртаюцца на зямлю душы памерлых. Распавядаем пра самае містычнае свята беларусаў.

Пад уплывам каталіцкай царквы гэтае свята мадыфікавалася ў Дзень Усіх Святых (1 лістапада), пасля якога наступаюць Задушкі – дзень, калі вернікі ідуць на могілкі і моляцца за сваіх памерлых блізкіх. Некаторыя дахрысціянскія традыцыі практыкуюцца і сёння: на могілках запальваюць знічы, а хто і не забудзе выпіць побач чарку і пакінуць цукерку. Часам яшчэ ў вёсках ладзіцца адмысловая вячэра, каб як мага лепш «угасціць» душы памерлых. Аднак якія старажытныя рытуалы на Дзяды мы больш ніколі не ўбачым?

Драўляныя калоды замест помнікаў, якія клічуць нарубамі. Фота Васіль Малчанаў

Пералічваў імя кожнага памерлага і кідаў бліны пад стол

Паводле выдання 1882 года «Літоўскае і Беларускае Палессе», у той час сяляне абіралі для святкавання месца на могілках, у развалінах царквы або ў паўразбураным будынку. Ставілі абавязкова звараныя яйкі або яешню з салам, а таксама гарэлку, клікалі нябожчыкаў, родных і сяброў.

 

На могілкі абавязкова прыносілі звараныя яйкі альбо яешню з салам, клікалі нябожчыкаў, родных і сяброў. Фота Васіль Малчанаў

«Яны не сумняюцца, што цені памерлых з’яўляюцца і прысутнічаюць сярод іх, што прынесены падмацунак для іх прыемны і надасць ім сілы. Гэтае выкліканне нябожчыкаў адбываецца амаль заўсёды ўночы пад Радаўніцу ці Дзяды. Днём робяць памінкі ў царкве або касцёле, багацейшыя запрашаюць святара на магілу адслужыць паніхіду».

На могілкі прыходзілі і дагэтуль прыходзяць, каб ушанаваць памерлых. Фота Васіль Малчанаў

Памінкі або заўпакойная трызна адбывалася і ў дамах. У кожнай сям’і гатавалі маленькія бліны. Калі пачынаўся заклік духаў, галава сямейства пералічваў імёны ўсіх блізкіх памерлых. Пасля вымаўлення кожнага імені казаў «хаўтуры» і кідаў адзін блін пад стол. У гэты час ўсе прысутныя захоўвалі маўчанне. А ўсё, што было няз’едзеным, аддавалі бедным, якія хадзілі па вёсках.

За «ахвярнага казла» на Дзяды сялян выпраўлялі ў Сібір

Выпадак ахвярапрынашэння «Дзядам»на Віцебшчыне апісвае аўтар пад псеўданімам Пагашчанін у часопісе «Крывіч» №12 за 1927 год (Правапіс арыгіналу цалкам захаваны. – Belsat.eu).

Драўляныя калоды замест помнікаў на Палессі. Фота Васіль Малчанаў

«Было гэта ў Рэчках, касцельным фальварку, які ляжыць на дарозе з Новага-Пагосту ў мястэчка Гарманавічы. У гэтых Рэчках была, пад лесам з дрэва пабудаваная, закінутая каплічка. Здавён-даўна вялося, што ў гэтай каплічцы ў ноч на дзядоў зьбіраліся старыя сяляне, прывадзілі з сабой казла, або барана, разнечывалі на сьвінтары агонь, рэзалі казла, варылі яго ў каплічцы, устраівалі з абрадовымі песьнямі памінальную вячэру. У 1860-х ці 1870-х годах, па ініціятыве прысланага для русіфікацыі краю Новапагоскага папа, (якога прозьвішча цяпер не памятаю) і гэрманаўскага ксяндза Плушчэўскага, які ў тыя часы дадатковае набажэнства адпраўляў у расійскай мове, а дзеля гэтага знаходзіўся ў вялікай пашане ў адміністрацыі, ў ноч дзядоў была акружана капліца войскам ці паліцыяй і арэштавана да 70-ці чалавек, сьвяткаваўшых там сялян. У выніку было сьледства, суд, і прыгавор суда, які 30–40 чалавек засудзіў на пасяленьне ў Сібір, за «сьвятотатство».

Як абараняліся ад зомбі

Дагэтуль на старых могілках на Палессі можна ўбачыць драўляныя калоды замест помнікаў, якія клічуць нарубамі (інакш – прыклады, парубы, дубы, церамкі). З’ява гэтая таксама звязаная з Дзядамі. Падобныя драўляныя калоды часта рабіліся на першыя Дзяды пасля смерці чалавека. Сёння такія пахаванні можна яшчэ заспець у вёсках Парэ, Багданаўка, Біжаравічы, Церабень, Грыўковічы ды інш. Як распавядаюць старэйшыя, нарубы клалі, каб нябожчыкі не вярталіся з магіл і не хадзілі па дварах. Па іншых звестках, так рабілася, каб дзікія звяры не расцягвалі парэшткі.

Нашыя продкі заўсёды хадзілі на могілкі падчас Дзядоў, каб ушанаваць памерлых. Фота Васіль Малчанаў.

Як убачыць душы памерлых?

Нашыя продкі верылі, што ў ноч на Дзяды магчыма ўбачыць душы памерлых. Лічылася, што, калі не спаць усю ноч пасля памінальнай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў. Колькі душ прыляцела ў хату, намагаліся вызначыць па мірганні свечкі. Існавалі розныя спосабы пабачыць гасцей з таго свету, аднак зрабіць гэта мог толькі бязгрэшны чалавек, або той, хто ў хуткім часе мае памерці. Асоба, якая ўсё ж такі вырашалася выйсці на кантакт з памерлымі, павінна была ўвесь дзень пасціцца і маўчаць, а ўвечары ў часе вячэры залезці на печ. На шыю чаплялася вытканая з поўсці нітка ці пояс. Глядзець трэба было праз хамут, на які накідвалі палатно. Хамут трэба было трымаць абцугамі на хату. Лічылася таксама, што, калі скласці разам лыжкі, Дзяды іх параскладваюць на стале.

Паўліна Валіш, «Белсат»

Стужка навінаў