Рэванш рыцарства. Як Рэч Паспалітая перамагла ў Ўэстэрас бальшавікоў


Вось і прыйшла яна – апошняя серыя «Гульні тронаў». Нашыя перамаглі. А вы як думалі? Далей тэкст раім чытаць толькі тым, хто яе паглядзеў або не баіцца спойлераў.

Стыль «мячы, магія і плоць»

Серыял з першага ж сезону стаў прарывам на тэлеэкраны ад празмерна навязлівай натуралістычнасці – перш за ўсё ў сцэнах сексу, катаванняў ды забойстваў. Некаторыя жартаўнікі называлі серыял «порна з сюжэтам», аднак апошнія сезоны ўсё ж у сферы паказу сексуальных адносінаў паступова прыходзілі ў норму.

На адмену ад гэтага сітуацыя з крывавасцю сцэнаў была стабільнай. Толькі за сем першых сезонаў серыялу, як падлічылі некаторыя фанаты, адбылося прыкладна 200 000 забойстваў – ад індывідуальных, як смяротнае пакаранне Нэда Старка, да калектыўных, як «Чырвонае вяселле», і амаль генацыдальных, як спаленне Каралеўскай гавані.

Дарэчы, варта адзначыць, што ў апытанні «Белсату» наконт таго, хто выжыве да канца апошняй серыі, пяцёрка лідараў склалася наступным чынам: Ар’я Старк – 19 %, Джон Сноў – 15 %, Тыр’ян Лэністэр – 12 %, Санса Старк – 11 %, Дэнэрыс Таргэр’ен – 10 %.

Hавiны
Занадта ўдалыя, каб выжыць? Хто з герояў «Гульні тронаў» дажыве да канца серыялу
2019.05.05 16:52

То бок нашыя чытачы аказаліся вельмі блізка да праўды і памыліліся толькі ў адным выпадку.

Ведаем, як «на самой справе» было!

Аднак не толькі само па сабе відовішча захапіла гледачоў. Звычайна пра творы мастацтваў выказваюцца мастацтвазнаўцы, кінакрытыкі, літаратуразнаўцы, аднак пра «Гульню тронаў» пісалі і палітолагі, і ваенныя аналітыкі, і гісторыкі.

Гэта здарылася таму, што сусвет, у якім дзейнічалі шматлікія героі аказаўся вялікім, глыбокім і разнастайным, а палітычныя інтрыгі і вайна значылі для сюжэту часта значна больш, чым асабістыя эмоцыі і адносіны герояў. Хоць, канешне, другое ўвесь час моцна ўплывала на першае.

У залежнасці ад асабістых сімпатыяў і сучаснай палітычнай праблематыкі ў серыяле бачылі і лева-ліберальны маніфест (усё зло ад каралёў і іхнай барацьбы за ўладу), і феміністычны (у апошнія сезоны, калі праз вайну колькасць герояў-мужчын рэзка знізілася, а сярод лідараў сталі пераважаць жанчыны), і маніфест прыхільнікаў, а потым і праціўнікаў нелегальнай міграцыі (а хто гэта ў нас без дазволу лезе праз Сцяну?)

Hавiны
Рыцары, мячы і цмокі. Хто, як і чым ваюе за Жалезны трон?
2019.05.15 18:51

Грамадзянская вайна

Азіраючыся назад, мы можам канстатаваць, што ўбачылі, як каралеўства на кантыненце Ўэстэрас, у якім адносна нядаўна адбыўся пераварот супраць дынастыі Таргэр’енаў і паўстала новая дынастыя, абрынулася праз палітычныя інтрыгі ў крывавую грамадзянскую вайну. У каралеўстве не знайшлося палітычных механізмаў, якія б маглі не даць прагным да ўлады інтрыганам распаліць вайну паміж арыстакратамі, якія на самой справе ніякай вайны і не хацелі.

Праз гвалт і татальны тэрор арыстакратычныя семʼі каралеўства амаль знішчаныя, і на троне ўсталёўваецца не абмежаваная аніякімі традыцыйнымі і маральнымі межамі дыктатура каралевы Сэрсэі, якая абапіраецца на адкрыты тэрор, адкіды грамадства (на вышэйшай пасадзе – выкінуты з мейстэраў чорны маг) і замежных наймітаў.

У той жа час на іншым кантыненце дачка зрынутага караля Дэнэрыс Таргэр’ен з самымі лепшымі намерамі змагалася за выжыванне, а потым узначаліла войска вызваленых нявольнікаў і дзікіх качэўнікаў. Яна хацела быць справядлівай і мудрай, і сапраўды была ёй.

Вакол яе кансалідуюцца практычна ўсе парэшткі «старой» рыцарскай эліты Ўэстэрасу, ворагі Сэрсэі, і разам яны змаглі знішчыць экзістэнцыяльную пагрозу для ўсяго свету – Караля Ночы і ягоную армію мерцвякоў.

Ад краху адной дыктатуры – да паўстання наступнай

Армія Дэнэрыс і яе хаўруснікаў не без праблем, але перамагаюць Сэрсэю, але тут аказваецца, што Дэнэрыс таксама ставіць свае меркаванні, эмоцыі і жаданні вышэй за справядлівасць і мараль. Яна спальвае з дапамогай цмока цэлы горад з мірнымі жыхарамі і дазваляе сваім жаўнерам без абмежаванняў забіваць палонных.

Яна агучвае практычна бальшавіцкай мовай, што такім чынам вызваляе людзей з-пад улады тыранаў, і што працягне вайну за такое вызваленне людзей па ўсім свеце. Тыранамі і здраднікамі пры гэтым яна гатовая абвесціць усіх, хто з ёй і з яе метадамі вызвалення нязгодны, хто хоча сам вырашаць, чым для яго ёсць шчасце.

Тэрарыстычная ўлада чалавека з арміяй іншаземцаў, у якіх мясцовыя жыхары ўжо бачаць акупантаў, заканчваецца так, як і павінна закончыцца – з нажом у баку.

Hавiны
Серыял «Гульня тронаў» скончыўся, фанаты – абураныя
2019.05.21 15:17

У стылі Рэчы Паспалітай

Арыстакратыя, ці хутчэй тое, што ад яе засталося, абірае новага караля і будзе абіраць яго надалей. Там, дзе шляхта, прафесійная ваенная эліта, пануе на полі бою, пакуль немагчыма ўвесці ўсеагульнае выбарчае права. Аднак такія ідэі ўжо гучаць ад інтэлектуалаў, якія таксама ўдзельнічаюць у выбарах караля. Засталося толькі, каб кожны чалавек дарос да адчування сябе рыцарам, каб усё грамадства пераўтварылася ў рыцарства, якое адказнае за абарону свайго краю.

Што ж будзе абʼядноўваць скрываўлены грамадзянскай вайной Ўэстэрас, калі не грубая сіла?

– Гісторыя і памяць, – кажа мудры кароль-калека, задачай якога стала адбудаваць краіну наноў.

У пэўнай ступені, гэтая задача стаіць і перад беларусамі пасля 200 год акупацыі, войнаў і дыктатураў.

Фота вокладкі: CAP/RFS. Image supplied by Capital Pictures/FORUM

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў