Рэвалюцыя ў Беларусі – гэта не Майдан. Каментуюць эксперты з Арменіі, Расеі і Украіны


Ужо месяц беларусы штодня выходзяць на вуліцы гарадоў, каб абараніць выбар і права распараджацца будучыняй краіны. З аднаго боку гучаць галасы захаплення адвагай і стойкасцю, з другога – крытыка, што пратэст занадта мірны, занадта зацягнуты, без лідара і без канкрэтна сфармуляваных патрабаванняў. І, вядома, не абыходзіцца без параўнанняў з іншымі постсавецкімі краінамі. Але ці варта параўноўваць, і калі так, то з кім? Каментуюць эксперты з Арменіі, Расеі і Украіны.

Беларускія пратэсты, ці ўсё ж беларуская рэвалюцыя? Вось ужо месяц увесь свет назірае за тым, як беларусы праводзяць мірныя акцыі, а Лукашэнка і яго світа прыдумляюць усё больш недарэчныя тлумачэнні таго, што адбываецца, і ўжываюць увесь даступны рэпрэсіўны інструментарый.

Далей будзе як ва Украіне. Не, будзе як у Арменіі ці ў Расеі – за гэты месяц пазбегнуць параўнанняў з рэвалюцыямі і пратэстамі, якія ўжо былі на постсавецкай прасторы, вядома, не было ніводнага шанцу. Хоць, як адзначае ўкраінскі палітолаг Алег Саакян, спрабаваць знаходзіць прамыя аналогіі і паўторы – справа няўдзячная.

«У Беларусі выбухнула рэзка. Грамадства паказала, што яно ўсе гэтыя гады па-партызанску падпольна сталела і аказалася спелым і гатовым да таго, каб артыкуляваць свае інтарэсы, але практыкі фармулявання, практыкі барацьбы ў беларусаў няма, таму ўлада змагла спачатку ігнараваць гэта і грамадства не вядзе рэй, а падобна вадзе спрабуе сысці ад вострых кутоў, але спрабуе тачыць гэты камень», – каментуе Алег Саакян.

Як адзначае эксперт, паўтарыць украінскі сцэнар Беларусь не зможа па шэрагу прычын: ва Украіне заўсёды была палітычная канкурэнцыя. Дзякуючы насычанаму палітычнаму жыццю, не ўзнікала ва Украіне і праблем з пошукам лідэраў пратэстаў. Ды і прэзідэнты мяняліся, паколькі ні адзін з кіраўнікоў дзяржавы не быў гатовы да труны трымацца за ўладу, а калі хтосьці і спрабаваў утрымацца і звяртаўся да ўжывання сілы, то гэта станавілася кропкай незвароту.

«Калі казаць пра беларускія ўлады, то адсутнасць канкурэнцыі і сістэмнае знішчэнне апазіцыі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ствараюць сітуацыю, калі толькі адзін правадыр –уласна, як вырашыць бацька, так і дзейнічае вертыкаль, – працягвае Алег Саакян.

Два, калі казаць пра грамадства, на якое павінна гэтая эліта рэагаваць, то і грамадства не мае гэтых падрыхтаваных пытанняў. Ва Украіне рэвалюцыі і пратэсты заўсёды мелі доўгую перадгісторыю. Апошняя рэвалюцыя нарадзілася з падатковага майдана, з пратэстаў настаўнікаў і іншых акцый, якія праходзілі гадамі да таго часу. Сапраўды гэтак жа, як аранжавая рэвалюцыя нарадзілася з пратэстаў “Украіна без Кучмы”, якія праходзілі таксама па ўсёй краіне і некалькі гадоў».

ПраСвет
Прымусіць беларусаў да інтэграцыі. Што Лукашэнка і Пуцін хочуць змяніць у Канстытуцыі?
2020.09.04 09:00

Па дыяпазоне рэпрэсій і нязменнасці ўлады сітуацыю ў Беларусі, напэўна, больш слушна будзе параўнаць з іншай суседкай – Расеяй.

Кажа Кірыл Рогаў, палітолаг, Інстытут эканамічнай палітыкі імя Я.Ц. Гайдара, Масква:

«У Беларусі і Расеі мы маем справу з такімі класічнымі паліцэйскімі дыктатурамі з шырокім дыяпазонам рэпрэсій і інструментарыем рэпрэсій. Ніхто не ведае балансу выгод і выдаткаў ад мірнага пратэсту або пераходу да больш агрэсіўных формаў. Пакуль што галоўнай сілай пратэстоўцаў у Менску застаюцца не гвалт, а тое, што іх б’юць. Тое, што іх б’юць – гэта галоўная зброя, якую дэлегітымізуе Лукашэнку».

Як адзначае палітолаг, падобныя рэжымы таксама марнуюць шмат намаганняў на тое, каб не з’явілася лідарская група ці каардынацыйны камітэт, які прадстаўляе інтарэсы апазіцыі. Гэта падаўжае існаванне рэжыму, але не можа спыніць стыхійныя пратэсты.

«Беларускія пратэсты вельмі яркая падзея. Яна выключная і ў гісторыі Беларусі, таму што Беларусь не вылучалася такімі масавымі магутнымі мабілізацыямі нават у эпоху падзення Савецкага Саюза ў 1989-90 гадах. Мацнейшай была мабілізацыя ў 91 годзе, але гэта было значна слабей, чым у Расеі. І гэта пераломны момант. Незалежна ад таго, чым гэта скончыцца, таму што месяц палітычнай мабілізацыі – гэта рэвалюцыя. Яна можа не атрымацца, але яна адбылася. Яна была», – упэўнены Кірыл Рогаў.

Мірнай і здзейсненай можна лічыць і рэвалюцыю 2018 года ў Арменіі. Але на гэтым агульныя рысы з цяперашнімі падзеямі ў Беларусі заканчваюцца, лічыць Армянскі палітык Тыгран Хзмалян.

«Тое, што ў Арменіі ўдалося дасягнуць у 2018 годзе, гэта не толькі і не столькі заслуга энтузіястаў, якія ўзначалілі народнае хваляванне. Гэта пазіцыя ўладаў. Серж Саркісян – наш Лукашэнка – вырашыў для сябе саступіць уладу. Такім чынам ён гуляў сваю гульню з Крамлём. Але без расколу ўнутры элітаў мы б не дасягнулі ніякіх вынікаў, тым больш мірным спосабам. У нашым выпадку ўлада свядома пайшла на саступкі. Была сказана сакраментальная фраза: я памыліўся, я сыходжу – так сказаў Саркісян, саступаючы сваё крэсла Ніколу Пашыняну. Мы не чуем гэтага ў Беларусі, а чуем поўнае трызненне. Чуем, як цягам тыдня чалавек, які арыштоўваў вагнераўцаў і казаў, што Расея паглыне Беларусь, праз некаторы час на хаду ў паветры пераабуваецца і як у казцы аб залатым пеўнічку кажа, што трывога на іншых межах», – кажа Тыгран Хзмалян, сустаршыня Еўрапейскай партыі Арменіі.

ПраСвет
Як Лукашэнку прымусіць сысці паводле армянскага рэцэпту? Інтэрв’ю з Сурэнам Саакʼянам
2020.08.27 10:00

І калі метады і шляхі кожнай краіны розныя, то працэс, праз які праходзяць усе постсавецкія краіны – агульны, лічыць палітык.

Тыгран Хзмалян:

«Вельмі важна разумець, што і Беларусь, і Арменія, і Украіна, і Грузія – мы ўсе праходзім адзіны працэс, гэта працэс дэкаланізацыі».

У адным эксперты сыходзяцца: проста так сваю ўладу Аляксандр Лукашэнка не аддасць, вось толькі з вадой, якая точыць камень, змагацца бессэнсоўна.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 10.09.2020

Іншыя тэмы выдання:

Святлана Аўчарова/АА, belsat.eu

Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

 

Стужка навінаў