«Reuters» ацаніла маёнтак «дачкі Пуціна» ў мільярды долараў


Агенцтва апублікавала расследаванне, з якога вынікае, што Кацярына Ціханава валодае маёнткам за некалькі мільярдаў долараў.

Высокапастаўлены расейскі дзеяч распавёў «Reuters», што прозвішча малодшай дачкі Пуціна – Ціханава. Старшыня праўлення «Газпромбанку» Андрэй Акімаў распавёў агенцтву, што ён бачыў Кацярыну, калі яна была яшчэ дзіцем.

Праз некалькі гадзінаў пасля таго, як публікацыя з’явілася ў сеціве, Акімаў адмовіўся ад сваіх словаў, паведамляе meduza.io.

Паводле «Reuters», у 2015 годзе высветлілася, што Ціханава – жонка Кірыла Шамалава (сын Мікалая Шамалава, саўладальніка банку «Россия», «даўняга сябра прэзідэнта»). Паводле ацэнак, якія агенцтва атрымала ад фінансавых аналітыкаў, Шамалаў і Ціханава валодаюць холдынгамі на суму каля двух мільярдаў долараў – галоўным чынам гэта акцыі найбуйнейшага ў Расеі нафтахімічнага холдынгу «СИБУР», якія Шамалаў набыў у прадпрымальніка Генадзя Цімчанкі, «іншага даўняга сябра Пуціна».

Акрамя таго, піша «Reuters», гэтай сямейнай пары належыць прыморская віла ў горадзе Б’ярыц на паўднёвым захадзе Францыі, кошт якой ацэньваецца прыкладна ў $ 3,7 млн. Гэты актыў, паводле агенцтва, Шамалаў таксама набыў у Цімчанкі.

Агенцтва паведамляе, што Ціханава займаецца праектамі ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, якія фінансуюцца дзяржаваю. «Reuters» даследавала афіцыйныя дакументы і высветліла, што ў межах гэтых праектаў Ціханава падпісала кантракты на некалькі мільёнаў долараў з дзяржаўнымі арганізацыямі. Між тым, як адзначае «Reuters», няма доказаў таго, што гэтая дзейнасць прыносіць ёй асабістую выгаду.

Кацярына Ціханава і Кірыл Шамалаў адмовіліся адказваць на пытанні «Reuters’у». А прадстаўнік Цімчанкі, адказваючы на ​​пытанне пра дом у Б’ярыцы, заявіў, што не будзе даваць каментароў у асабістых пытаннях. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў не змог пацвердзіць інфармацыі, што Кацярына Ціханава – дачка Уладзіміра Пуціна.

Кацярына Ціханава – расейская грамадская дзяячка, намесніца прарэктара МДУ, кіраўніца Цэнтру нацыянальнага інтэлектуальнага рэзерву МДУ і кіраўніца фонду «Иннопрактика», які супольна з універсітэтам рэалізоўвае маштабны інвестыцыйны праект стварэння ў Маскве навукова-тэхналагічнай даліны на Вараб’ёвых гарах.[/vc_column_text][vc_single_image image=”35036″ img_size=”large”][vc_column_text]Паводле некаторых звестак Ціханава, ёсць дачкою прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Такую здагадку высунуў журналіст і пісьменнік Алег Кашын. Паводле ягоных словаў, якія пацвердзіла ананімная крыніца «Reuters», Ціханава ўзяла псеўданім ад імя па бацьку бабулі Кацярыны Ціханаўны Шкрабінай. Пазней гэты факт саспасылкаю на неназваныя крыніцы пацвердзіла агенцтва «Bloomberg». Ні Пуцін, ні ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў ніколі раней не каментавалі гэтай інфармацыі.

Упершыню Ціханава дала інтэрвю ў канцы кастрычніка агенцтву «Інтэрфакс». У інтэрв’ю пытанняў пра палітыку і пра тое, ці яна ёсць дачкою прэзідэнта Расеі, не было. Тады выканаўчы дырэктар службы фінансава-эканамічнай інфармацыі «Интерфакс» Юрый Пагарэлы ў каментарах да запісу ў «Facebook’у» галоўнага рэдактара РБК Лізаветы Асяцінскай зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што Ціханава – дачка Пуціна.

«Я зняпраўджваю (інфармацыю пра тое, што Ціханава – дачка Пуціна)», – напісаў ён.

Пры гэтым раней пад гэтаю ж публікацыяй ён напісаў: «Ліза, табе часта дачка Пуціна дае інтэрвю? Нам яна дала вось на такіх умовах – толькі пра МДУ. І без здымка. Нам окей».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у прэзідэнта Расеі дзве дачкі: Кацярына і Марыя.

ЮВ, belsat.eu, паводле, reuters.com, tvrain.ru

Стужка навінаў