Рэспубліканцы ў ЗША асудзілі выказванні Трампа пра дотыкі да інтымных месцаў жанчын


Галоўныя прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі ЗША асудзілі нецэнзурныя каментары Доналда Трампа на відэароліку з 2005 года.

У відэа, якое апублікавала выданне «Washington Post», Трамп кажа тэлевядоўцу Білі Бушу: «Ты можаш рабіць з жанчынамі ўсё, што хочаш, калі ты зорка».

Далей бізнесовец і палітык выхваляўся сваёй спробай спакусіць замужнюю жанчыну і дотыкам да інтымных месцаў іншых жанчын.

Пазней Трамп апублікаваў прабачэнне: «Я казаў гэта. Я памыляўся, я прашу прабачэння. Я абяцаю быць лепшым чалавекам».

У відэазаяве на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ён дадаў, што запіс з 2005 года адцягвае грамадскасць ад больш важных палітычных пытанняў.

У пятніцу, калі ўпершыню зʼявілася скандальнае відэа, ён назваў яго «жартам з распранальні» і дадаў: «Біл Клінтан казаў значна горшыя рэчы».

«Я казаў нейкія глупствы, але ёсць вялікая розніца паміж словамі і дзеяннямі», – заявіў палітык.

«Біл Клінтан фактычна чыніў гвалт над жанчынамі. А Гілары здзекавалася, атакавала, сароміла і запалохвала ягоных ахвяр. Мы пагаворым пра гэта ў найбліжэйшыя дні», – сказаў рэспубліканец.

Пасля апублікавання відэа галоўныя рэспубліканцы жорстка адрэагавалі на каментары Трампа.

Спікер палаты прадстаўнікоў Пол Раян адклікаў скіраванае Трампу запрашэнне на штогадовы восеньскі фестываль рэспубліканцаў у штаце Вісконсін.

Лідар рэспубліканскага большасці ў сенаце Мітч Макконэл заклікаў Трампа папрасіць прабачэння перад усімі жанчынамі, а сенатар Джон Маккейн назваў выказванні кандыдата абразлівымі і такімі, што не маюць апраўдання.

Гілары Клінтан ахарактарызавала відэа Трампа як «жах».

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў