Рэспубліканскі суботнік пройдзе 21 красавіка


У Беларусі дату «дабравольна-прымусовых» працаў вызначае Савет міністраў. Акцыя скіраваная на добраўпарадкаванне тэрыторыяў.

Суботнікі ладзяцца па ўсёй краіне. У скверах, парках і дварах кожны год можна ўбачыць людзей з мётламі і граблямі. На ўборку выходзіць траціна беларусаў – прадстаўнікі дзяржаўнай улады, грамадскіх арганізацыяў, працоўных калектываў, студэнты, пенсіянеры і нават сам Лукашэнка.

Летась кіраўнік краіны працаваў на будаўнічай пляцоўцы Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. Яшчэ раней – на рэканструкцыі стадыёну «Дынама», будоўлі радзільні, дзіцячай паліклінікі, аквапарку з VIP-ложаю.

У 2017-ым заробленыя на суботніку сродкі абяцалі накіраваць на рэканструкцыю гістарычных помнікаў, а частку перадаць у Міністэрства фінансаў Беларусі. Сёлета 50 % грошай аддадуць на добраўпарадкаванне аграгарадкоў, мемарыяльных комплексаў, дзіцячых і спартыўных лагераў. Рэшта пойдзе на закуп медабсталявання ў Гарадскі клінічны шпіталь хуткай медычнай дапамогі.

У беларусаў, для якіх 21 красавіка будзе працоўным днём, наймальнікі ўтрымаюць грошы з заробку «з іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна калектывам».

Адкуль у Беларусі суботнікі

Суботнікі паўсталі ўвесну 1919 года ў адказ на заклік У. І. Леніна палепшыць працу чыгунак. Ініцыятарамі правядзення першага суботніка выступілі камуністы дэпо Масква-Сартавальная Маскоўска-Казанскай чыгункі. У першым суботніку ўзялі ўдзел 15 чалавек.

Само паняцце «суботнік» было распаўсюджана толькі ў Савецкім Саюзе і цяпер вядома толькі ў краінах, якія ўзніклі пасля яго распаду.

Агульнадзяржаўныя суботнікі праходзяць на постсавецкай прасторы толькі ва Узбекістане.

Альтэрнатыва суботнікаў па ўсім свеце – праца валанцёрскіх рухаў і недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў, якія без прымусу і за добраахвотныя ахвяраванні прыбіраюць штодня. Але ў нашай краіне, такая мадэль ніколі не знаходзіла падтрымання дзяржавы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў