Рэспубліка Шэрыф або запаведнік СССР у Еўропе


Парадокс – жывеш у Прыднястроўе, а галасуеш ў малдаўскіх выбарах. Не прызнаная нікім у свеце так званая Прыднястроўская малдаўская рэспубліка (ПМР) была адарваная ў выніку ўзброенага канфлікту. Там да гэтага часу размешчаныя расейскія войскі. ПМР 30 гадоў чакае міжнароднага прызнання і ўваходжання ў склад Расеі. Але Масква не спяшаецца, а Прыднястроўе з кожным годам усё больш нагадвае запаведнік Савецкага Саюзу. Аднак грамадзяне аўтарытарнай ПМР ўдзельнічаюць у палітычным жыцці дэмакратычнай Рэспублікі Малдова. Як такое магчыма?

З самай раніцы на выбарчых участках, якія знаходзяцца недалёка ад мяжы з Прыднястроўем, можна назіраць вялізныя чэргі. Выбаршчыкаў, якія пражываюць у Прыднястроўе і маюць малдаўскія пашпарты, прывозяць сюды адмысловымі аўтобусамі. Але сам факт арганізаванага прывозу на ўчасткі яны адмаўляюць:

«Вы прыехалі сюды?»

«Так, прыехала сюды аддаць свой голас за кандыдата»

«А дзе вы жывяце?»

«У Грыгорыёпалі».

«А там вы можаце галасаваць?»

«Не, у нас Прыднястроўе».

ВІДЭА
Малдова: хацелі Лукашэнку, а перамог Плахатнюк
2019.03.04 13:36

Жыхары Прыднястроўя неахвотна прызнаюцца, за каго прыехалі галасаваць. Па некаторых дадзеных у аўтобусах агітавалі за кандыдата так званай Дэмакратычнай партыі, паводле іншых – за сацыялістаў.

Затое хто прыехаў у Кошніцу, ахвотна паказвае пашпарты Прыднястроўя. Але гэты дакумент нічога не значыць за мяжой – рэспубліку не прызнала ні адна легітымнае дзяржава. Таму нярэдка акрамя гэтага пашпарта, у іх ёсць яшчэ некалькі іншых.

Сітуацыю, якая склалася падчас выбараў, каментуе Расіян Васілой, эксперт у галіне палітыкі бяспекі, Інстытут Развіцця Сацыяльных Ініцыятыў Viitorul/Будучыня:

«Аналізуючы тое, што адбывалася ў нядзелю, я зрабіў выснову, што пэўныя палітычныя сілы былі ўцягнутыя ў гэты працэс, таму што быў арганізаваны падвоз нашых грамадзян з акупаваных тэрыторый да выбарчых участкаў, якія былі адкрыты на правым беразе Днястра, іх было больш за 40» .

Каб зразумець, што адбываецца ў непрызнанай рэспубліцы, накіроўваемся ў Ціраспаль – сталіцу і найбуйнейшы горад Прыднястроўя. Паўсюль віднеецца савецкая сімволіка. І на самай справе, час тут як быццам спыніўся.

Рэгіён, які мяжуе з Малдовай і Украінай, шмат у чым выжывае дзякуючы кантрабандзе разнастайных тавараў. Але гэта не адзіная крыніца даходаў непрызнанай рэспублікі.

«Наша краіна жыве ў нейкай ступені на расейскія датацыі. Вось напрыклад, у нас прымаецца бюджэт, у нас пастаянна бюджэт з дэфіцытам. У нас цяпер прынялі бюджэт на 2019 г., там 40 з капейкамі адсоткаў дэфіцыту. Узнікае пытанне, як гэта наогул існуе. І прама ў матэрыяле на «Новости Приднестровья» – афіцыйны рэсурс – не саромеючыся яны пішуць, што вось ёсць пэўная сума, якая пакрываецца з расейскіх датацый», – дзеліцца Мікалай Кузьмін, палітолаг, жыхар Прыднястроўя.

З 1995-га года на тэрыторыі Прыднястроўя таксама знаходзіцца міратворчы кантынгент узброеных сіл Расеі. Масква абяцала вывесці яго амаль 20 гадоў таму, але так і не выканала абяцанне. Крэмль зусім не збіраецца прызнаваць, а тым больш ўключаць у свой склад рэспубліку, але тут поўна расейскай прапаганды і ўплыву.

«Расея лічыць, што гэта частка тэрыторыі Малдовы. Але ў нас гэта нікога не бянтэжыць. У нас усё роўна прыроўнены расейскі сцяг да дзяржаўнага, у нас у некаторых законах нават забываюць выпраўляць «суб’ект Расейскай Федэрацыі», – працягвае Мікалай Кузьмін.

Яшчэ каля паловы бюджэту Прыднястроўя забяспечвае холдынг «Шэрыф» алігарха Віктара Гушана, які звязаны з прэзідэнтам непрызнанай рэспублікі Вадзімам Краснасельскім. Менавіта яму кіраўнік Прыднястроўя абавязаны сваім крэслам.

Прыднястроўе часта называюць Рэспублікай Шэрыф – практычна кожны дзесяты дарослы жыхар непрызнанай рэспублікі працуе на прадпрыемствах, якія належаць мясцоваму алігарху. Купляюць прадукты – у крамах «Шэрыф», машыны запраўляюць на бензазапраўках «Шэрыф», а гонар Прыднястроўскай рэспублікі – гэта футбольных клуб «Шэрыф», спартыўны комплекс якога знаходзіцца проста праз дарогу і проста дзівіць сваёй пышнасцю на фоне ўсеабдымнай беднасці.

ВІДЭА
Малдаўскія гастарбайтары знайшлі замену Расеі
2019.02.27 18:11

У непрызнанай рэспубліцы пражывае менш за паўмільёна чалавек і з кожным годам іх усё менш. З-за адсутнасці перспектыў, моладзь з’язджае за мяжу.

Жыхар Прыднястроўя, палітолаг Мікалай Кузьмін кажа:

«Для мяне Прыднястроўе – гэта аскепак Савецкага Саюзу, які валяецца на дарозе дзесьці, і па ім то электракар праедзе, то хлопец у кедах пройдзе, наступіць, то гаджэт нейкі ўпадзе. Гэта значыць на яго ёсць нейкі ціск тэхналогій, ціск часу, але ён абсалютна рыгідны, каб іх неяк прымаць».

Не прымае кіраўніцтва рэгіёну і магчымасць аб’яднання з Малдовай. Многія тут усё яшчэ спадзяюцца на ўваходжанне ў склад Расейскай Федэрацыі. Хоць пасля маланкавай анэксіі Крыма стала зразумела, што гэтае чаканне дарэмнае.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Аліна Коўшык, Вольга Жарнасек/АА, belsat.eu

Стужка навінаў