Рэпрэсіі ўладаў супраць грамадзянаў рэзка ўдарылі па эканоміцы Беларусі – «Менскі форум»


Беларуская эканоміка стагніравала апошнія 10 год, аднак рэпрэсіўная палітыка ўладаў у гэтым годзе фактычна пазбаўляе яе перспектываў на развіццё, сказала Кацярына Барнукова, эканамістка Беларускага эканамічнага даследчыцка-адукацыйнага цэнтру на «Менскім форуме» 3 снежня.

Эканамістка Кацярына Барнукова на «Менскім форуме». Скрын відэа

«Насталі жнівеньскія падзеі. І першым і галоўным вынікам стала знішчэнне даверу паміж грамадствам і ўрадам, бізнесам і ўрадам», – сказала спадарыня Барнукова.

Непасрэдным наступствам стала рэзкае падзенне даверу да банкаўскай сістэмы, калі людзі сталі забіраць сродкі з банкаўскіх дэпазітаў, пераводзіць рублі ў валюту.

«Мы бачым, што Нацыяльны банк даволі рэзка адрэагаваў, увёўшы палітыку па абмежаванні грашовай масы, якая будзе стрымліваць эканамічны рост», – адзначыла эканамістка.

Hавiны
Еўразвяз рэзка павялічыць эканамічную падтрымку Беларусі пасля пераходу да дэмакратыі
2020.12.03 14:09

Жорсткасць ўладаў, на яе меркаванне, нанесла ўдар па беларускай эканоміцы як унутры Беларусі, гэтак і на знешніх рынках.

«Іншая справа, якая нас турбуе – валютная ліквіднасць. У наступным годзе трэба будзе заплаціць па знешніх даўгах больш за 3 мільярды [долараў], у нас толькі 7,5 мільярда рэзерваў. Пытанне ў тым, дзе знайсці фінансаванне для абслугоўвання даўгоў. Пры тым што ўрад не мае магчымасці браць новыя даўгі на міжнародных рынках ці ў інстытутаў, такіх як МВФ», – распавяла спадарыня Кацярына.

Вынікам знішчэння даверу да ўладаў унутры краіны і вынікам рэпрэсіўных дзеянняў супраць шматлікіх грамадзянаў Беларусі, якія дагэтуль працягваюцца, будзе адсутнасць доўгатэрміновых інвестыцыяў, кажа яна.

Ані міжнародных, ані ўнутрыбеларускіх прыватных інвестыцыяў не будзе, лічыць эканамістка.

«Што б ні абяцаў урад, ані прадпрымальнікі, ані насельніцтва не будуць на гэтыя абяцанні рэагаваць, таму што яны не вераць ураду», – заключыла Кацярына Барнукова.

«Менскі форум» праходзіць у гэтым годзе ў анлайн-рэжыме 2-3 снежня. Прадстаўнікі ўладаў на гэты раз удзел у ім не прымаюць.

«Белсат» у гэтым годзе ўдзельнічае ў форуме ў якасці інфармацыйнага партнёра.

belsat.eu

Стужка навінаў