Рэпрэсаваны актывіст-чыноўнік вярнуў працу праз суд


Два месяцы без працы ды больш за тыдзень судовых разбіральніцтваў з мясцовым райвыканкамам. Жыхар Мёраў і актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Васільеў, які згубіў працу пасля ўдзелу ў акцыі на Дзень Волі ў Менску, дамогся справядлівасці.

Праз адсутнасць доказаў сістэматычнага парушэння працоўнай дысцыпліны – а менавіта такою была афіцыйная прычына звальнення – яго аднавілі на пасадзе дырэктара Туркоўскага сельскага Дому культуры.

«Літаральна справа пачала развальвацца на вачах. І ўсё роўна Тронькін і яго прыспешнікі з культуры стараліся мяне абылгаць, але нічога ў іх не атрымалася. І ў рэшце-рэшт суд быў вымушаны мяне аднавіць», – распавёў Сяргей Васільеў.

Дырэктар Дому культуры пойдзе да канца

Канфлікт праз актыўную грамадзянскую пазіцыю паміж Сяргеем Васільевым ды кіраўніком аддзелу ідэалогіі, культуры і справаў моладзі мёрскага райвыканкаму Аляксандрам Тронькіным цягнецца ўжо не першы год. Пасля звальнення актывіст не мог уладкавацца хоць на якую працу. Наступны крок Васільева – дамагчыся кампенсацыі за вымушаны прагул і маральную шкоду. Пазоў з такім патрабаваннем ён падаў у Мёрскі раённы суд.

ГВ, «Белсат»

Стужка навінаў