Рэпартаж з рукамі за спіною. Як журналістка «Белсату» правяла тры дні на Акрэсціна


Журналісты недзяржаўных медыяў у Беларусі сёння церпяць беспрэцэдэнтны ціск з боку ўладаў: іх затрымліваюць, збіваюць, судзяць па сфальсіфікаваных пратаколах, саджаюць на «содні». Карэспандэнтка Belsat.eu Кацярына Андрэева, затрыманая 12 верасня падчас стрыму з жаночага маршу, правяла тры дні і тры ночы ў ЦІП на Акрэсціна – і распавядае, як гэта было.

– На выхад! Тварам да сцяны, рукі на сцяну далонямі наперад! Зняць абутак! Рукі за спіну!

Вокрыкі наглядчыцы праганяюць рэшткі сну. Я стаю на халодным калідоры, утаропіўшы вочы ў шэра-блакітны глянец сцяны. Побач са мной у такой жа позе застылі яшчэ чацвёра жанчын розных узростаў: самай малодшай дваццаць адзін, хаця выглядае на шаснаццаць, а найстарэйшай за пяцьдзясят. Яна моцна перажывае, бо людзі ў аліўкавых касцюмах схапілі і ейную дачку – «кароткастрыжаная пасля анкалогіі, раптам бачылі?»

Праз хвіліну нас заводзяць назад у камеру. Пасля «шмону» тут усё дагары нагамі: даводзіцца зноўку рассцілаць брудныя матрацы, збіраць раскіданыя пракладкі. На падлозе ў пылу валяецца маленькі цацачны тыгрык, якога мне дазволілі пранесці з сабой на вобшуку.

– Цікава, што новага яны чакалі ў нас знайсці?

– Ды хрэн з імі, дзяўчаты, давайце піць гарбату, а то ўжо амаль астыла. Частуйцеся!

Пакуль я адзіная, каму выдалі перадачу з дому. Водар шакаладнага печыва, клапатліва пакладзенага мужам, б’е ў нос і змешваецца са рэзкім пахам прыбіральні. Дакладней, смярдзючай дзюркі ў падлозе з заскарузлым карычневым налётам. Цягне ванітаваць. Пачынаецца чарговая раніца на Акрэсціна.

Даведка
Шаноўныя чытачы! 16 верасня суд Фрунзенскага раёну Менска пакараў фатографаў Аляксандра Васюковіча і Уладзя Грыдзіна 11 соднямі арышту. На знак салідарнасці з калегамі «Белсат» адмаўляецца ад фотаздымкаў на цэлы дзень.

«Маўчы, а не тое бранзалеты апрану!»

…Шкарпэткі, зубная шчотка, туалетная папера, мыла, аптэчка. Падаецца, нічога не забыла. Прыкладна гэтак ужо больш за месяц выглядае стандартны набор журналіста, які ідзе асвятляць акцыю пратэсту.

Пачатак жаночага маршу 12 верасня прызначаны на 15:00. У гэты час вакол ратушы збіраюцца невялікія групкі ўдзельніц. Жанчыны трымаюць плакаты, сцягі, шмат белых і чырвоных кветак. Некаторыя прывялі з сабой маленькіх дачок. Літаральна праз хвілін дзесяць з прыпаркаваных ля ходнікаў бусікаў без нумароў выпрыгнулі дзясяткі байцоў у аліўкавай форме і балаклавах, выстраіліся ў шэраг і заціснулі жанчын да сцяны кавярні. Жанчыны сталі ў счэпку. Амапаўцы таксама сталі ў счэпку. Павісла паўза. На плошчу Свабоды пад’ехалі тры аўтазакі.

У наступны момант над натоўпам пранёсся пранізлівы крык: сілавікі пачалі выхопліваць са счэпкі па адной і цягнуць у аўтазак. У адказ тыя здзіралі з байцоў маскі. Раз’юшаныя бугаі хапалі жанчын за валасы, білі ў твар, уціснулі ў шкляную летнюю тэрасу. Маладзейшыя дзяўчыны здолелі пераскочыць і ўратавацца ад затрымання. У адной здарылася панічная атака: яна горка плакала, закрыўшы твар рукамі. Тым часам Ніна Багінская ледзь не вывіхнула плячо, ратуючы свой сцяг з лапаў «аліўкавых».

Да мяне падыйшоў мужчына ў цывільным, знянацку груба схапіў за руку і загадаў «паказаць дакументы супрацоўнікам міліцыі». Я павярнулася да маладых міліцыянтаў у форме і ўжо пацягнулася за пашпартам у торбу, але ўбачыла, што тыя проста стаяць і ўсміхаюцца між сабою. Яны нічога ад мяне не патрабавалі, а «цывільны» некуды знік. Скарыстаўшыся замінкай, я вырашыла працягнуць эфір, крыху адышоўшы ўбок. Пазней на мяне склалі пратакол за «непадпарадкаванне міліцыі», а мужчына, які хапаў мяне, аказаўся цэлым намеснікам начальніка аддзелу ГУУС Менгарвыканкаму. Нажаль, Мікалай Шумілаў не палічыў неабходным назвацца перш, чым чапаць журналістаў за рукі.

Раптам амапаўцы нібыта адступілі і парадзелыя шэрагі ўдзельніц маршу ўсё ж рушылі ў бок Нямігі. Пад мостам, што падзяляе верхні і ніжні горад, я апытвала дзяўчат на пешаходным пераходзе, калі побач рэзка затармазіў мікрааўтобус. Мяне абхапілі за спіну і пацягнулі ўнутр машыны следам за аператарам. У салоне было яшчэ пяцёра ў цывільным. Стала ясна: спецаперацыя зладжаная адмыслова для здымачнай групы «Белсату».

На пытанне, куды едзем, крыкнулі: «Маўчы, а не тое зараз бранзалеты апрану!»

«Адвакат? Без сэнсу ў такіх справах»

Міліцыянт, якога пасадзілі нас пільнаваць у актавай зале Кастрычніцкага РУУС, распавёў, што гэты пастарунак «спецыялізуецца па карэспандэнтах». Сапраўды, 27 жніўня сюды напхалі пяцьдзясят журналістаў, у тым ліку замежных і акрэдытаваных. Большасць выпусцілі праз некалькі гадзін, але я і яшчэ трое калег правялі ў зале ўсю ноч да суду.

Дзяжурныя тут падкрэслена ветлівыя: і вады дазволяць папіць, і ў прыбіральню схадзіць самастойна, і нават на вуліцу папаліць выведуць. Пару тыдняў таму яны наагул паставілі перад затрыманымі журналістамі цукеркі, зефір і каву. І відэакамеру – зняць, як «нячэсная» прэса ахвотна частуецца міліцэйскай падачкай. Натуральна, такой карцінкі журналісты ім не стварылі.

Час ад часу дзяжурны змяняецца – нічыіх імёнаў мы не ведаем. Некаторыя спрабуюць разгаварыць нас на тэму палітыкі. Маўляў, навошта людзі парушаюць заканадаўства, калі можна проста падаць заяўку на мітынг у Менгарвыканкам?

– Ну вось дзеля чаго выходзяць айцішнікі? Што ім не падабаецца, у іх жа заробкі велізарныя! – абураецца міліцыянт.

– Ведаеце, не ва ўсіх сэнс жыцця зводзіцца да заробку, хаты ў Менску і службовай «Джылі», – адказваю яму.

Праз гадзін пяць сядзення ў зале лейтэнант Яўген Філатаў – зусім малады хлопец з бліскучымі карымі вачыма і ліслівай усмешкай – прыносіць мой пратакол. Дакладней, два пратаколы – паводле 22.9 (незаконны выраб прадукцыі СМІ) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП.

– Шчыра кажучы, я выступаў за тое, каб скласці яшчэ і па 23.34, за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але кіраўніцтва сказала абмежавацца гэтым. Так што паедзеце на ЦІП. Адвакат? Не, ён без сэнсу ў такіх справах, – аксамітавым тонам кажа лейтэнант.

Нас з аператарам загружаюць у службовую «Газэль» з завешанымі шторкамі.

– Вы разумееце, што міліцыю цяпер усе ненавідзяць? – пытаюся па дарозе ў канвойнага.

– А за што?

– За тое, што ад вас людзі выходзілі пасінелыя.

– А трэба было глядзець, як яны кактэйлі Молатава кідаюць у супрацоўнікаў?!

– Не нагналі б спецтэхнікі, не стралялі б на паражэнне – ніхто б вас не чапаў. Дарэчы, вы не хочаце звольніцца з органаў? Існуюць праграмы падтрымкі, грашыма забяспечаць, магчыма, жытлом…

На слове «жытло» ён схамянуўся. Відаць, моцны фактар.

– Што, і жытло дадуць?

Мы ўжо заехалі на Акрэсціна, калі адзін з канвойных распавёў:

– Я адмыслова ў «Ютубе» такім чынам наладкі паставіў, каб у топ траплялі відосы толькі пра спорт. А ўся палітыка каб ніжэй ішла. Але я датуль спецыяльна не прамотваю.

Адныя нары на дваіх

Першае, што кідаецца ў вочы ва ўнутраным дворыку на Акрэсціна – высокі белы плот. Ля яго 9-12 жніўня масава і жорстка збівалі затрыманых. На ўваходзе ў ЦІП стаяць сілавікі ў балаклавах. Мяне праводзяць у калідор, дзе ўжо стаяць тварам да сцяны з дзясятак дзяўчын. Наступны этап – асабісты дагляд. Нас па адной заводзяць у пакой, дзе міліцыянтка ў масцы загадвае цалкам распрануцца. Яна ашчупвае станік і мацае цела з усіх бакоў. Самае непрыемнае – стоячы на ледзяной падлозе здымаць трусікі. Паспяваю падумаць, што дарэмна апранула раніцай карункавыя.

Канвой заводзіць на трэці паверх – і вось, ззаду бразнулі дзверы і павярнуўся ключ. Я тут абсалютна адна. На столі міргаюць чырвоным дзве камеры відэназірання. Пасля агляду матрацу на прадмет клапоў наважваюся рассцяліць так званую бялізну – навалачку з камякамі бруду і прасціню з бурай плямай невядомага паходжання. Неўзабаве наглядчык прасоўвае ў кармушку торбу з гігіенічным наборам – паста і шчотка, пракладкі, вільготныя сурвэткі, мыла. Пазней я даведалася, што іх пастаўляе на Акрэсціна «Чырвоны Крыж». Дзённая лямпачка змяняецца на белы ліхтар – значыць, адбой.

Раніцай у камеры вельмі халодна.

– У нас графік закрыцця вокнаў – 15 верасня, а сёння 13-е. Нічым не магу дапамагчы. Папрысядайце, паадціскайцеся, – раіць дародная наглядчыца.

Ежа на Акрэсціна – асаблівае задавальненне. Глытаю пару лыжак прэснай вязкай слізі, якую тут называюць «аўсянкай», але ірвотны рэфлекс дае пра сябе ведаць. Спаздяюся, што змагу пратрымацца да перадачы на кавалках шэрага хлебу, размочаных у вадзе. Калі доўга катаць хлебны мякіш у роце, ён пачынае здавацца салодкім. Ад слабасці зноў цягне на сон. Дарэчы, спаць удзень тут не забараняюць.

– Уха, дзевачкі, ушычка! У нас сёння рыбны дзень! – залівіста апавяшчае абед цёцечка-разносчыца ежы.

У алюмініевай місцы перада мною зноў незразумелая жыжа, сіняватая сасіска і атамна-кіслая капуста. Магчыма, праз тыдзень голаду я б з’ела ўсё падчыстую. Пакуль адолела толькі капусту. Але і яна прабыла ў страўніку недаравальна мала часу. Загадка, адкуль у гарбаты такі дзіўны прысмак, раскрылася хутка: на дне плаваў тлусценькі мураш.

– А на вячэру папіць дадуць?

– Кідай піць, хопіць ужо, – жартуе вясёлая разносчыца.

Уначы мяне перавялі ў іншую камеру, на другі паверх. Тут нас ужо пяцёра, а ложкаў усяго чатыры. Бывалыя сядзельцы сцвярджаюць, што пашанцавала: падчас масавых затрыманняў у такую камеру напіхваюць мінімум па дваццаць чалавек. Мы дзелім нары з Веранікай, яна ветэрынар. На верхніх нарах – дызайнерка Дзіяна і выкладчыца харавых спеваў Лізавета. Побач ляжыць Таццяна, чыю хворую дачку таксама затрымалі.

– Дакладней, дачушку затрымалі першай, а я стала перад аўтазакам і не збіралася сыходзіць – там жа мае дзіця!

Пасля адбою нікому не спіцца. Гаворым да світанку: пра палітыку, пра будучыню, пра нашыя сем’і, працу, планы, якім у наступныя дні не наканавана здзейсніцца.

– Гэта ўсё нагадвае мне нейкі шпіталь.

– Ага, толькі хворыя тут – не мы.

Абурэнне і злосць змяняюцца ўсплёскам рогату ад добрага жарту. Смех – задуменным спакоем. І ні слязінкі не прараніла ніводная з нас.

Таццяну выпусцілі ў панядзелак. Ліза, Вераніка і Дзіяна ў аўторак атрымалі ад 11 да 13 содняў арышту, іх этапавалі ў жодзінскую турму.

Суд нада мной быў прызначаны на раніцу 15 верасня і адбываўся па «Скайпе» ў памяшканні ІЧУ. Сведкі-міліцыянты на паседжанне не з’явіліся. Суддзя Алена Жывіца хутка зачытала пісьмовыя матэрыялы справы, адгледзела фрагмент жывога эфіру з жаночага маршу, дзе бачна, што «непадпарадкаваннем» і не пахне, і выдалілася на 15 хвілін для вынясення рашэння.

Праз адчыненае вакно з-за кратаў прабіваўся сонечны прамень і прыемна апякаў твар, а вераснёўскі ветрык лагодна ахалоджваў. Хтосьці з затрыманых сунуў у рукі карамельку. Гэтак я праседзела амаль тры гадзіны. Нарэшце на экране ноўтбука з’явілася суддзя.

…пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП адправіць на дапрацоўку ў РУУС Кастрычніцкага раёну Менску.

Тады я ўпершыню за трое содняў расплакалася і крыкнула:

– Хто верне мне тры дні жыцця?!

***

На момант публікацыі за кратамі Акрэсціна знаходзяцца фотажурналісты Аляксандр Васюковіч і Уладзь Грыдзін. Іх прызналі вінаватымі ва «удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і прысудзілі па 11 содняў арышту. У Гомлі журналістка Марына Драбышэўская пакараная 10 содням. Журналіст Яўген Меркіс пакараны на 15 содняў арышту. Усе яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Журналісты Сяргей Шчурко і Дзмітрый Семчанка асуджаныя на 15 содняў 10 верасня.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў