Рэнесанс нацыяналізму і больш стабільнасці? Беларусь і свет пасля каронавіруса


Эпідэмія каронавіруса яшчэ не дасягнула піку, але ўжо выкрыла слабасці глабальнай сістэмы аховы здароўя, паставак, стасункаў і прыярытэтаў. Як зменіцца планета ў выніку самага вострага з часу Другой сусветнай вайны міжнароднага крызісу? І як зменіцца нашая Беларусь? Ёсць і пазітыўны сцэнар!

Доўгая эпідэмія – цяжкія рашэнні

Эпідэмія каронавіруса можа зацягнуцца да двух гадоў, лічыць Лоры Гарэт, спецыялістка па сусветнай медыцыне і лаўрэатка Пулітцэраўскай прэміі. Адпаведна, гэта будзе крызіс, які будзе патрабаваць доўгатэрміновых і часта радыкальных рашэнняў. З аднаго боку, спатрэбіцца новы ўзровень шчыльнай і частай міжнароднай кааперацыі, з іншага боку – нацыянальныя ўрады будуць дбаць перш за ўсё пра абарону ўласных грамадзянаў, калі вірус будзе займаць усе новыя і новыя тэрыторыі, адзначаюць аўтары Дэвід Стывен і Алекс Эван, спецыялісты Цэнтру міжнароднай супрацы Універсітэту Нью-Ёрку.

Фота «Белсат»

Асаблівую небяспеку будуць ствараць масавыя хвалі мігрантаў, стацыянарныя лагеры ўцекачоў і мігрантаў, турмы, маларазвітыя краіны з нізка развітою медыцынаю і высокай шчыльнасцю насельніцтва – як, напрыклад, Сектар Газы і шэраг Афрыканскіх краін. Урады будуць мець схільнасць да ўвядзення жорсткіх абмежаванняў на перасоўванне, масавыя зборы насельніцтва, тэндэнцыю да абмежавання інфармацыі. Улічваючы выпадкі панічнага шопінгу, якія былі ўжо ў ЗША і іншых краінах, часам могуць стварацца лакальныя дэфіцыты, якія ўлады будуць перамагаць з дапамогай нейкіх аналагаў картачных сістэмаў.

Усё гэта можа прывесці да атмасферы, у якой пашырацца парушэнні правоў чалавека, цэнзура, аўтарытарныя тэндэнцыі ў палітыцы нават дэмакратычных краінаў.

Нацыяналістычны капіталізм?

Пандэмія ўжо нанесла вялізарны ўдар па сусветнай эканоміцы, да таго ж можа зацягнуцца, што паглыбіць наступствы крызісу. Сённяшнія дзеянні ўрадаў і карпарацый у адказ на крызіс могуць мець значна больш сур’ёзныя і доўгатэрміновы эфект, лічыць навуковая журналістка Лоры Гарэт. Каронавірус разбурае сам давер бізнесоўцаў да сваіх міжнародных партнёраў. Інвестыцыі ў замежныя актывы робяцца занадта рызыкоўнымі. Адпаведна, мы стаім на парозе вяртання да папярэдняй – нацыяналістычнай версіі капіталізму ў стылі 19 стагоддзя – робіць выснову журналіст.

Фота Reuters

Захаванне нацыянальнай вытворчасці

У крытычных для нацыянальнай бяспекі галінах, такіх як медычная і абаронная прамысловасць, дзяржаўныя пастараюцца павялічыць надзейнасць і бесперапыннасць паставак, лічаць Пол Шар і Марцін Рэсэр з Цэнтру Новай амерыканскай бяспекі. Магчыма, дзяржавы будзе забяспечваць замовамі тыя стратэгічныя прадпрыемствы, якія маюць унікальныя тэхналогіі і рэдкую кваліфікаваную працоўную сілу, каб захаваць пэўныя нішы.

«У выпадку спынення працы вельмі спецыялізаванай вытворчай кампаніі, супрацоўнікі знікнуць, каб знайсці іншую працу… Калі гэта праца спыняецца на доўгі час, потым яе вельмі цяжка зноў аднавіць», – адзначае Марцін Рэсэр.

Менш прыбыткаў – больш стабільнасці

Праца шматлікіх кампаніяў дэзарганізавалася з-за таго, што іхныя ключавыя пастаўшчыкі з той ці іншай краіны сышлі на шматдзённыя каранціны – падкрэслівае спецыялістка па эканоміцы Цэнтру Вэзерхэрда па Міжнародных справах Гарвадскага універсітэту Шэнан ОʼНейл:

“Карпарацыі будуць скарачаць сваю залежнасць ад міжнародных паставак, пра што яны ўжо задумаліся падчас прэзідэнцтва Доналда Трампа і ягонай гандлёвай вайны супраць Кітаю. Каронавірус толькі шматкроць актывізуе гэтыя тэндэнцыі”.

Фабрыкі ў краінах з таннаю працоўнай сілай будуць больш актыўна зачыняцца, а вытворчасці – паступова вяртацца назад у ЗША і Еўропу. Такім чынам кампаніі часткова абмяняюць прыбыткі на стабільнасць вытворчага цыклу, лічыць ОʼНейл.

Hавiны
Банкруцтвы і касмічныя выдаткі: каронавірус павольна забівае сусветную эканоміку
2020.03.17 18:33

Крызіс для Беларусі – выклікі і магчымасці

Фота ТАСС/Forum

На будучыню Беларусі пасля пандэміі будуць уплываць некалькі фактараў. Перадусім эканамічныя:

«У знешняй эканоміцы зазнаем прасяданне рынкаў збыту, закрыццё дзяржаваў, разарваныя ланцужкі сувязяў. Гэта змяншэнне экспартных прыбыткаў. Унутрыэканамічны – эканоміка запавольваецца, а некаторыя галіны могуць стаць зусім. У першую чаргу – галіна паслугаў. Гэта з аднаго боку беспрацоўе, з іншага (беручы пад увагу агульны спад) зніжэнне пакупніцкай актыўнасці грамадзянаў», – кажа палітолаг Вольга Харламава.

Аднак глыбіню і працягласць эканамічнай турбулентнасці прадбачыць вельмі цяжка.

«Ніхто не ведае, як гэта паўплывае на ўнутры беларускую эканоміку і сусветную эканоміку. Наколькі працяглым будзе эканамічны крызіс. Ён можа працягвацца паў гады, а можа зацягнуцца на 2-3 гады», – кажа кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Палітычныя выклікі для Беларусі – гэта беспрацоўе, змена стылю жыцця, большая непразрыстасць дзяржаўнай палітыкі і праблемы камунікацыі ўладаў з грамадствам, кажа Вольга Харламава.

Шмат будзе залежаць ад дынамікі распаўсюду каронавіруснай хваробы Кавід-19. На стрыманне эпідэміі Беларусь атрымае $ 1,3 млн дапамогі ад ЗША. Аднак на дабрабыт грамадзянаў пацярпіць у любым выпадку.

«Некалькі хваляў крызісу – зніжэнне даходаў, неабходнасць цвяроза ацаніць рэсурсную базу дзяржавы. З іншага боку, той жа Кірыл Руды ў на КЭФе неяк сказаў, што рэформы робяць калі сканчаюцца грошы. Крызіс можа падштурхнуць улады да эканамічных рэформаў», – адзначае Вольга Харламава.

Станоўчая альтэрнатыва для ўсіх

Гэта не апошняя буйная ўспышка, якую мы калі кольвек пабачым – кажа адная з наймацнейшых у свеце экспертак у галіне сістэмаў аховы здароўя. Алана Шэйх стварала такія сістэмы на працягу шматлікіх гадоў і цвердзіць:

« У нас будзе яшчэ больш успышак і яшчэ больш эпідэміяў. І гэта не «напэўна», гэта ісціна. Часткова гэта звязанае са зменамі клімату, перадусім пацяпленнем, якое робіць наш свет больш прывабным для вірусаў і бактэрыяў. А таксама таго, як мы ўрываемся ў апошнія дзікія прасторы на планеце, адкуль бярэм гэтыя бактэрыі і вірусы».

Алана Шэйх. Фота TED

Пандэмія каронавірусу глабальная і высновы, якія мы маем зрабіць – таксама маюць быць не лакальнымі, тыпу замыкання эканомік унутры краінаў і спробаў кантраляваць эпідэміі – лічыць адмыслоўца.

«У доўгатэрміновай перспектыве маем стварыць глабальную сістэму аховы здароўя, адзіную для кожнай дзяржавы свету, з адзіным бюджэтам. Гэта дазволіць «гасіць» эпідэміі як толькі будзе такая пагроза».

COVID-19 узнік у Кітаі, які атрымаў шмат крытыкі за ўкрыванне праблемы ў першыя тыдні, але потым усе сілы і сродкі кінуў на змаганне з ёю. Калі б такая эпідэмія ўзнікла ў Чадзе (дзе 1 лекар прыпадае на 50 тыс чалавек) – эпідэмія распаўсюдзілася б яшчэ хутчэй. Таму калі мы хочам, каб свет пасля эпідэміі сёмага каронавіруса зрабіўся не перапалоханым і закрытым, а адкрытым і абароненым – адзін з рэцэптаў на гэта ўжо агучаны.

Belsat.eu

Стужка навінаў