Рэнэ Фазэль сцвярджае, што ўрад Беларусі пагадзіўся на дыялог з апазіцыяй


Пасля візіту ў Менск прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэль даў інтэрв’ю iihf.com.

«Першапачаткова мы прасілі сустрэчу з прэзідэнтам Беларусі ды чальцамі Беларускай федэрацыі хакею ў снежні, каб атрымаць тлумачэнні аб сітуацыі ў краіне і падрыхтоўцы да чэмпіянату свету – 2021. Праз COVID-19 мы з Генеральным сакратаром IIHF не змаглі прыехаць, аднак настоялі на неабходнасці візіту і атрымалі дазвол на гэтым тыдні. У цяперашніх абставінах паездка была неабходная, каб адрасаваць свае засцярогі, якія датычаць не толькі арганізацыі турніру, а і ўсёй сітуацыі, непасрэдна прэзідэнту», – патлумачыў Рэнэ Фазэль.

Паводле Фазэля, былі агучаныя канкрэтныя патрабаванні, якія дзяржава павінна выканаць, каб чэмпіянат свету прайшоў у Менску.

«Сярод іх было абяцанне знайсці мірныя рашэнні дзеля паляпшэння сітуацыі ў краіне і даць усім беларускім спартоўцам магчымасць вярнуцца ў свае віды спорту і ўдзельнічаць у іх. Самае галоўнае, урад Беларусі пагадзіўся на адкрыты дыялог з апазіцыяй, каб вывесці чэмпіянат свету з палітычнай плоскасці ды выкарыстоўваць спорт як сродак аб’яднання людзей».

Hавiны
Рэнэ Фазэль: «Мушу прызнаць, у Менску я крыху гуляў з агнём»
2021.01.13 07:49

Фазэль таксама закрануў тэму расследавання IIHF адносна Дзмітрыя Баскава. Паводле яго, Беларусь пагадзілася супрацоўнічаць з IIHF і даць ацэнку ўсім адпаведным заявам сведак, відэазапісам ды іншым матэрыялам, каб дапамагчы Дысцыплінарнай калегіі IIHF ва ўласным расследаванні.

«Цяпер у краіне прызналі сур’ёзнасць гэтых абвінавачанняў і паабяцалі сабраць усе магчымыя факты. IIHF працягне сваё незалежнае расследаванне і будзе чакаць атрымання доказаў ад генеральнага пракурора, якія дапамогуць у гэтым расследаванні».

Ён таксама адзначыў, што альтэрнатыўныя прапановы аб правядзенні чэмпіянату ўжо атрымалі з Даніі, перамовы ідуць са Славаччынай.

Прыезд Фазэля ў Беларусь выклікаў негатыўную рэакцыю не толькі ў Беларусі. Шмат каго абурылі здымкі, на якіх кіраўнік IIHF абдымаўся з Лукашэнкам і кіраўніком Беларускай федэрацыі хакею Дзмітрыям Баскавым, якога падазраюць у датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі. Прэзідэнт IIHF заявіў, што хацеў выкарыстаць асаблівыя дачыненні з Аляксандрам Лукашэнкам, «каб зрабіць нешта добрае».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў