Рэкордная колькасць расейцаў просіць прытулку ў ЗША


Улады ЗША атрымалі ў 2017 фіскальным годзе (скончыўся ў верасні) рэкордную колькасць прашэнняў ад грамадзянаў Расеі аб прадстаўленні прытулку.

Паводле «Радыё Свабода», якому ўдалося атрымаць статыстыку ад Службы грамадзянства і іміграцыі ЗША, за год было пададзена 2664 прашэння (амаль на 40% больш, чым годам раней).

Папярэдні рэкорд быў усталяваны ў 1994 годзе, калі было пададзена 2127 прашэнняў.

«Радыё Свабода» адзначае, што колькасць такіх зваротаў расце з 2012 года, калі Уладзімір Пуцін у чарговы раз стаў прэзідэнтам.

Для атрымання прытулку ў ЗША заяўнік павінен прадставіць пераканаўчыя доказы таго, што на радзіме ён падвяргаецца пераследу (або існуе пагроза такога пераследу) па расавых, рэлігійных, нацыянальных, палітычных матывах або праз прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы. Дакладныя прычыны, у звязку з якімі людзі просяць прытулак, у статыстыцы Службы грамадзянства і іміграцыі ЗША не пазначаныя.

ЮВ, belsat.eu, паводле rferl.org, meduza.io

Глядзі таксама
Каментары