Рэйтынг арміяў Еўропы: Беларусь – на 17-ым месцы


Усё больш маштабныя вайсковыя практыкаванні адбываюцца ў Еўропе, пачынаючы з 2014 года, калі Расея пачала агрэсію супраць Украіны. Вайскоўцы і эксперты кажуць пра верагоднасць новага канфлікту ў рэгіёне, які зноў стаў імкліва «награвацца».

Аналітычнае выданне Business Insider паставіла Беларусь у другі дзясятак краінаў Еўропы паводле некалькіх складнікаў ваеннай моцы. Якія месцы ў нашых суседзяў па рэгіёне?

Лідары па колькасці і тэхналогіях

Згодна з рэйтынгам, самай магутнай еўрапейскай арміяй застаецца расейская, хоць сама Расея і ільвіная частка яе войскаў, авіяцыі і флоту знаходзяцца па-за межамі Еўропы. На службе ў расейскай арміі, МУС і іншых ваенізаваных дзяржаўных структурах Business Insider налічвае больш за 3,5 млн чалавек, амаль 4 000 розных лятальных апаратаў, больш за 20 000 танкаў і 352 караблі.

Французскія жаўнеры падчас вучэнняў разам з амерыканскімі вайскоўцамі ў Еўропе. Фота U.S. Marine Corps/Christopher Mendoza

Таксама ў пяцёрку лідараў у рэгіёне залічаныя Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя і Нямеччына.

Суседзі па рэгіёне і рэйтынгу

Беларусь займае, як ужо адзначана вышэй, 17-е месца. Нам налічылі (відавочна, з рэзервістамі) 401 250 людзей у войску і іншых ваенізаваных структурах, 202 самалёта і верталёта, 515 танкаў. Згодна з інфармацыяй Міністэрства абароны Беларусі, на 2018 год краіна мае 46 000 вайсковаслужбоўцаў Узброеных Сіл.

З нашых суседзяў, акрамя Расеі, Польшча – на 8-м месцы са 184 650 вайсковага персаналу, 466 лятальнымі апаратамі і 1 065 танкамі. Украіна, якая ваюе на Данбасе, займае 10-ю пазіцыю ў рэйтынгу з амаль 2 мільёнамі вайскоўцаў і рэзервістаў, 240 самалётамі і верталётамі, 2 214 танкамі і 25 караблямі.

Літва і Латвія ў рэйтынг не патрапілі

Згодна з рэйтынгам, па моцы арміі Беларусь блізкая да Румыніі (амаль 180 000 вайскоўцаў і рэзервістаў, 135 самалётаў і верталётаў, 827 танкаў, 48 караблёў), а таксама Даніі (75 150 тысяч чалавек, 113 лятальных апаратаў, 57 танкаў, 90 караблёў).

Вучэнні штабных афіцэраў NATO па супрацы ў сферы разведкі і эфектыўнага выкарыстання агульнай інфармацыі. Фота NATO

Трэба адзначыць, што краіны NATO у рэйтынгу атрымліваюць пэўны «бонус» за тое, што альянс спецыяльна рыхтуецца ваяваць так, каб кожная краіна магла атрымліваць максімальную падтрымку ўсіх астатніх. Акрамя таго, у Еўропе прысутнічаюць войскі ЗША, аднак яны не ўлічаныя ў рэйтынгу асобным радком. Аднак сама прысутнасць войск ЗША і магчымасць сябрам NATO карыстацца амерыканскімі разведвальнымі дадзенымі, лагістычнымі магчымасцямі, падтрымкай у паветры рэзка павялічваюць баяздольнасць еўрапейскіх хаўруснікаў ЗША.

Зноў гарачая кропка?

З 2014 года Паўночна-атлантычны альянс стаў павялічваць сваю прысутнасць на ўсходзе Еўропы – краіны Балтыі і Польшча, якія ўваходзяць у NATO, кажуць пра пагрозу расейскай інтэрвенцыі пасля таго, як чатыры гады таму Масква захапіла і анексавала ўкраінскі Крым, а потым стала спонсарам і арганізатарам антыўкраінскіх узброеных фармаванняў на Данбасе.

У сераду ў Нарвегіі завяршыліся маштабныя манеўры войск, флатоў і авіяцыі NATO Trident Juncture – самыя вялікія з часоў Халоднай вайны. Адначасова Расея праводзіла ракетныя вучэнні ў Нарвежскім моры – відавочна, як адказ на актыўнасць альянсу. Павялічаная актыўнасць авіяцыі і войскаў на межах з абодвух бакоў стварае магчымасць для інцыдэнтаў і сутыкненняў, якія могуць мець радыкальныя наступствы, адзначаюць аналітыкі.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў у Крыме 9 сакавіка 2014 года. Крыніца wikipedia.org

Стары Свет, нягледзячы на тое, што ўзровень тэхнічнага развіцця і арганізацыі войскаў у іншых частках Зямлі больш-менш падняўся, застаецца домам для адных з найбольш магутных і эфектыўных армій планеты. Business Insider стварыў рэйтынг з 25 такіх армій, у лік каторых трапіла і беларускае войска.

Аляксандр Гелагаеў
Стужка навінаў