Рэдакцыя «Ежедневника» – Лукашэнку: Вы публічна абяцалі Сацуку падтрымку


Рэдакцыя выдання «Ежедневник» напісала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, дзе запатрабавала неадкладна спыніць пераслед свайго галоўнага рэдактара Сяргея Сацука, абвінавачанага паводле ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару).

У лісце журналісты нагадалі, што Лукашэнка сам абяцаў Сацуку падтрымку ў барацьбе з карупцыяй.

«На прэс-канферэнцыі 29 студзеня 2015 году, адказваючы на ​​пытанне галоўнага рэдактара партала «Ежедневник» Сяргея Сацука, Вы публічна абяцалі яму сваю падтрымку ў барацьбе з карупцыяй».

«Што датычыць вось такой вось лабавой атакі на карупцыю, вы атрымаеце самую рэальную падтрымку. Гэта я вам абяцаю», – прыводзяць яны словы кіраўніка дзяржавы.

Калегі называюць Сацука сумленным і прыстойным журналістам, чыёй «характэрнай асаблівасцю заўсёды з’яўлялася імкненне дакапацца да ісціны, непадкупнасць і поўная незалежнасць яго творчасці ад палітычнай барацьбы ў краіне».

«Сяргей Сацук ніколі не пасягаў на дзяржаўны бюджэт, не ўдзельнічаў у яго дзяльбе ў каламутных карупцыйных схемах. Ён ніколі не валодаў і не валодае ўладнымі паўнамоцтвамі, і тым больш не выкарыстаў гэтыя паўнамоцтвы ў карыслівых мэтах», – пішуць журналісты.

Яны таксама звяртаюць увагу на тое, што Сацук вёў сціплы лад жыцця: да 2016 году ягоная сямʼя жыла ў здымных кватэрах.

Нагадаем, Сяргей Сацук быў затрыманы ДФР КДК пад Менскам 25 сакавіка. Амаль праз тыдзень, 31 сакавіка, яму выставілі афіцыйнае абвінавачванне ў атрыманні хабару за падрыхтоўку артыкулу пра карупцыю.

Hавiны
Карупцыянеры, «інсайды», пагрозы. Усё, што вядома пра справу Сяргея Сацука
2020.03.26 16:27

КА belsat.eu

Стужка навінаў