Рэдакцыя «БелГазеты» звернецца ў міліцыю з нагоды «супрацьпраўнай дзейнасці» былога дырэктара


Заснавальнік і галоўны рэдактар выдання «БелГазета» Ігар Высоцкі прыняў рашэнне звярнуцца ў аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасцю з нагоды «супрацьпраўнай дзейнасці» былога кіраўніка фірмы Кірыла Жываловіча. З нагоды канфлікту з былым дырэктарам агучыла сваю пазіцыю і рэдакцыя.

«Заснавальнікам і галоўным рэдактарам ТАА« БелГазета» прынята рашэнне накіраваць у АБЭЗ дакументы аб супрацьпраўнай дзейнасці Жываловіча», – напісаў у Facebook кіраўнік прадпрыемства Андрэй Бандарэнка.

На сайце выдання сёння выйшаў артыкул, прысвечаны канфлікту паміж рэдакцыяй і былым кіраўніком. Калектыў адказаў на абвінавачанні ў рэйдарскім захопе сваёй заявай пад назвай «Мы стаміліся ад хлусні, бардаку і безнадзейнасці».

«Долю ў статутным фондзе ў Жываловіча ніхто не адбіраў. Яго адхілілі ад кіроўнай пасады і доступу да разліковага рахунку арганізацыі», – пазначана ў матэрыяле.

Па словах працоўнікаў рэдакцыі, за паўтара года кіравання фінансава-гаспадарчай дзейнасцю былы дырэктар ТАА Кірыл Жываловіч «хаваў рэальны стан справаў», а ў 2018 годзе нават не з’яўляўся ў рэдакцыі. Працаўнікам перасталі выплочваць заробкі, у тым ліку і галоўнаму рэдактару. Выявіліся пратэрмінаваныя запазычанасці, у тым ліку – перад Беларускім домам друку за некалькі месяцаў выдання накладу газеты. Таксама насцярожвалі «сумнеўныя фінансавыя аперацыі» кіраўніка фірмы.

Рэдакцыя адзначае, што, паводле статуту, заснавальнікі абавязаны прымаць захады, каб пазбегнуць банкруцтва. З тае прычыне галоўны рэдактар выдання Ігар Высоцкі ініцыяваў гадавы сход уласнікаў, дзе агучылася б пытанне пра змену кіраўніцтва і рэвізіі. Жываловіч гэтыя патрабаванні нібыта праігнараваў і не прыйшоў. Тады было прынята рашэнне аб прызначэнні новага дырэктара – Андрэя Бандарэнкі.

У «БелГазеце» лічаць, што дзейнічалі згодна з законам і апраўдана.

«Інакш праз пару дзён газета перастала выдавацца», – адзначаецца ў заяве ад імя калектыву рэдакцыі.

Выданне паказвае, што частка даўгоў ужо пагашана, газета выдаецца. У той жа час рэвізія нібыта выявіла падставы для спагнання з Жываловіча шкоды.

«Пазоў накіраваны ў адпаведныя органы аб спагнанні шкоды, нанесенай работнікам Жываловічам наймальніку – ТАА «БелГазета». Ды і ў любым выпадку АБЭЗ прымае рашэнні не на падставе публікацыяў, а на падставе матэрыялаў, якіх больш чым дастаткова», – адзначаецца ў заяве.

Сам Кірыл Жываловіч 23 студзеня заявіў, што не прызнае змену кіраўніка і патрабаванні аб кампенсацыі ўрону. І нават заявіў аб прызначэнні іншага дырэктара, Юрася Карэтнікава, – нібыта такое рашэнне прыняў сход удзельнікаў ТАА, хоць у ім удзельнічаў толькі сам Жываловіч.

СК, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў