Рэдактар «Украінскай праўды» патрабуе прызнаць забойства Паўла Шарамета тэрактам


Рэдактар-заснавальнік «Украінскай праўды» Алена Прытула патрабуе расследаваць гібель журналіста Паўла Шарамета ў 2016 годзе як тэрарыстычны акт. Пра гэта гаворыцца ў яе заяве да Генпракурора Украіны Юрыю Луцэнка.

У заяве Прытула адзначае, што злачынцы разлічвалі забіць не толькі Шарамета, але і атрымаць псіхалагічны эфект ад здзейсненага тэрарыстычнага акту ў шматлюдным месцы ў выглядзе панікі і страху.

«Відавочнай мэтай тэрарыстаў з’яўляецца запалохванне журналістаў, паколькі Павел быў вядомым ва Украіне, Беларусі і Расеі журналістам. Яго крытыка ўлады ў Беларусі стала прычынай пазбаўлення грамадзянства Беларусі. Ва Украіне Шарамет рабіў вострасюжэтныя рэпартажы для «Украінскай праўды» і Радыё Весці», – гаворыцца ў заяве.

У звароце адзначаецца, што дасудовае расследаванне па факце забойства Паўла Шарамета за дваццаць месяцаў следства не дало ніякага выніку: ні выканаўцы, ні заказчыкі забойства не былі ўстаноўлены.

Прытула просіць Луцэнку неадкладна пачаць расследаванне па факце здзяйснення крымінальнага злачынства па ч.3 арт. 258 КК – здзяйсненне тэрарыстычнага акту, які прывёў да гібелі чалавека.

Прытула таксама просіць прызнаць яе пацярпелай у крымінальным вытворчасці.

Нагадаем, Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулу «наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асобаў». Не зважаючы на тое, што расследаванне справы пад асабісты кантроль узяў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, ні выканаўцаў, ні замоўцаў злачынства да сёння гэтак і не знайшлі.

ІІ, belsat.eu, паводле “Украінская праўда”

Стужка навінаў