Рэдактар Стаўбцоўскай газеты «Прамень»: «Памерлых з прычыны пнеўманіі ў ЦРБ няма»


Стаўбцоўская дзяржаўная газета «Прамень» апублікавала вялікі артыкул, у якім крытыкуюцца матэрыялы незалежных медыяў пра сітуацыю з каронавірусам у рэгіёне. Аўтарам артыкула пазначана Нэлі Астрэйка, галоўная рэдактарка газеты.

«Загалоўкі некаторых інтэрнэт-рэсурсаў нагадваюць зводкі з палёў Вялікай Айчыннай вайны. На якой канапе яны нараджаюцца і якіх серыялаў наглядзеліся іхныя аўтары, застаецца толькі здагадвацца. Яскравы прыклад невуцтва на гэтым тыдні дэманструе адзін з рэсурсаў прысталічнага рэгіёну: «Стоўбцы сталі новым эпіцэнтрам каронавіруса. Колькасць памерлых ужо перавысіла дзясятак … Мясцовая больніца перапоўненая, а ложкамі заставілі нават сталовую…» Рабяты, вы сур’ёзна? Са смерцю і хваробай не жартуюць, але тут такое ўражанне, што піша школьнік, які ўяўляе сабе больніцу як нешта сярэдняе паміж амерыканскім блокбастарам і сваёй жа школай. Няма ў шпіталях велізарных сталовых – ад слова зусім!»

Аўтарка даводзіць, што ў сталовай мясцовай больніцы можа змясціцца не больш за тры ложкі. У якасці доказу артыкул праілюставаны фотаздымкам сталовай Стаўбцоўскай ЦРБ.

Скрыншот з pramen-news.by

У артыкуле таксама гаворыцца, што «пацыенты са Стоўбцаў атрымліваюць дапамогу ў Капылі, Валожыне, Марʼінай Горцы, Салігорску і на абласным узроўні».

«З 17 красавіка сітуацыя стабілізавалася. Цяпер пнеўманіі актыўна выяўляюцца ў большасці выпадкаў у тых пацыентаў, якія ўжо знаходзяцца на бальнічным, часцей за ўсё падчас паўторных аглядаў. Пераведзена з рэанімацыйнага аддзялення 8 пацыентаў. Знаходзяцца зараз на этапе падрыхтоўкі да выпіскі 14 пацыентаў з пнеўманіямі. Памерлых з прычыны пнеўманіі ва ўстанове аховы здароўя “Стаўбцоўская ЦРБ” няма», – сцвярджае галоўны рэдактар газеты «Прамень».

Нэлі Астрэйка раіць не звяртаць увагу на «павышаную смяротнасць» у раёне.

«За перыяд са студзеня па сакавік 2019 года ў раёне было зарэгістравана 254 памерлых, а за гэты ж перыяд 2020 года – 241 памерлы. Высновы, як той казаў, рабіце самі…» – піша Нэлі Астрэйка.

Што мы пабачылі ў Стоўбцах

За паўгадзіны назірання да прыёмнага пакою раённага шпіталю падʼехалі дзевяць машынаў хуткай дапамогі. Яны затрымліваюцца каля шпіталю літаральна на некалькі хвілінаў і зʼязджаюць па іншых хворых. Яшчэ некалькі спецыялізаваных машынаў медычнай дапамогі ездзяць па адрасах, каб узяць матэрыял на аналіз.

Гарадскія могілкі ў Стоўбцах.
Фота: «Белсат»
Магілы ў Стоўбцах, 27 красавіка 2020 г.
Фота: «Белсат»
Свежыя магілы ў Стоўбцах, 27 красавіка 2020 г.
Фота: «Белсат»

У мястэчку жыхары больш-менш ведаюць адно аднаго, і таму хаваць інфармацыю пра колькасць інфікаваных, якіх накіравалі на самаізаляцыю, даволі цяжка. Вядома, што на такім рэжыме цяпер застаецца шмат працаўнікоў міліцыі Стаўбцоўскага раённага ўпраўлення ўнутраных справаў. Каронавірус выявілі таксама ў працаўнікоў ДАІ, пракуратуры, ваенкамату.

Захварэла на Covid-19 галоўная доктарка Стаўбцоўскага раённага шпіталю, а таксама эпідэміёлаг раёну.

Узрост тых, каго нядаўна пахавалі на мясцовых могілках, – ад 35 да 70 гадоў. З партрэтаў, замацаваных на крыжах, глядзяць даволі маладыя мужчынскія твары. Не зважаючы на такую сітуацыю, у гарадку не закрытыя месцы масавага наведвання: працуюць рэстарацыі, кавярні, саборы. Але на вуліцах нават удзень рэдка сустракаюцца мінакі.

Мясцовая жыхарка Марыя Вайтовіч кажа: «Нам не гавораць праўды. Я не разумею, чаму. Ну сказалі б людзям, дык яны хаця б неяк сцерагліся. Завезлі б сюды якія не маскі, а рэспіратары, ці мы б самі ўжо іх шукалі. Сказалі б нам, што менавіта трэба, то мы б ужо самастойна знайшлі нейкае выйсце. А так бачым, што то там, то там некага забралі ў капсуле. Ведаем, што дактары нават ужо не выходзяць з таго шпіталю. Дзень і ноч там. Што там робіцца? Аднаму Богу вядома. А нам што рабіць? Яны панікі баяцца? А як яны яе сабе ўяўляюць, тую паніку? Мы што, пачнем бегаць ды кідацца адзін на аднаго? Лепш сказаць, чым так вось падманваць народ».

Мясцовыя жыхары распавялі «Белсату», што некаторыя дзіцячыя летнікі перапрафілявалі дзеля ізаляцыі хворых на каронавірусную інфекцыю. Трапіць на прыём да кіраўніка раёну, каб здабыць афіцыйны каментар, не ўдалося.

ЛЛ, ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў