Рэдактар belsat.eu: «Падпісанты ОНТ на «Youtube» купленыя. Відэа ніхто не глядзіць»


Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў адразу трох кіраўнікоў буйных дзяржаўных медыяў.

Некаторыя назіральнікі назвалі кадравыя перастаноўкі ледзь не завяршэннем цэлай эпохі ў айчынных сродках масавай інфармацыі. Юрый Казіятка, Генадзь Давыдзька, Павел Якубовіч – прозвішчы вядомыя ўсёй краіне. Але і прозвішча Эйсмант добра вядомае. Іван – муж прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы Наталлі Эйсмант. Цікавы факт. Паводле загаду № 40 з лютага 2017 года, кіраўнікі дзяржаўных медыяў атрымліваюць інструкцыі ад прэс-сакратара прэзідэнта на нарадах. Ігар Кулей разбіраўся, што азначаюць гэтыя адстаўкі і ці здольныя новыя кіраўнікі выканаць загад наконт дзяржаўных медыяў.

Дзяржаўныя беларускія сродкі масавай інфармацыі прайграюць. Лукашэнка гэта ўжо ведае і ў надзеі на пералом сітуацыі робіць стаўку на маладзейшых шэфаў дзяржаўных медыяў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Вы бачыце, што я да сродкаў масавай інфармацыі, як да судоў, нікога не падпускаю».

Толькі правераных людзей. А таму замест бяззменнага Паўла Якубовіча рэдакцыю газеты «СБ Беларусь сегодня» ўзначаліў былы прэс-сакратар Лукашэнкі Дзмітрый Жук, які мае досвед працы ў міжнародным інфармацыйным агенцтве. Белтэлерадыёкампанію ачоліў Іван Эйсмант – знаны вядоўца ды журналіст і муж Наталлі Эйсмант, прэс-сакратара Лукашэнкі. Генеральным дырэктарам СТВ прызначылі Ігара Луцкага.

Каментуе медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Прыйшлі людзі больш маладыя, значна маладзейшыя. Прыйшлі людзі, якія ёсць прафесіяналамі ў той справе, якою будуць кіраваць, калі казаць пра новага кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. Калі казаць пра Ігара Луцкага, то да працы ў Міністэрстве інфармацыі ён працаваў у БелТА, дзе займаўся новымі тэхналогіямі».

Менавіта новыя тэхналогіі – тое, чаго бракуе сёння беларускім дзяржаўным медыям. Згодна з даследаваннем Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, для беларусаў ва ўзросце да 40 гадоў інтэрнэт стаўся раўназначнай або больш важнаю крыніцай інфармацыі, чымся тэлевізар. А таму кіраўніка Беларусі клапоціць прывабнасць кантэнту і ўзровень уплыву на малады электарат.

«Патрэбныя змены. Калі вы запытаецеся мяне, якія, я вам наўпрост скажу: глядзіце замежнае тэлебачанне. Глядзіце навінавыя праграмы, «Euronews», CNN, BBC. Выбірайце найлепшае па крупінках. Але самы добры арыенцір ‒ гэта расейскае тэлебачанне. Цудоўна працуе тэлебачанне, але нам ні ў якім разе нельга скаціцца на тыя пазіцыя і тыя формы працы, якія сёння пануюць на расейскіх каналах», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Апошні выраз пра стандарты расейскага ТБ, відавочна, быў не для вушэй слухачоў, бо паказалі яго толькі ў кароткай нататцы дзённых навінаў ОНТ. У вечаровым эфіры яго абрэзалі падчас мантажу. Газета «СБ Беларусь сегодня» цытату таксама спачатку надрукавала, а пазней са сваёй старонкі выдаліла. БТ і СТВ адразу нарэзалі выказванні Лукашэнкі без крытыкі расейскіх тэлеканалаў. Так што кіраўнікі новыя, а стандарты старыя.

Журналістка Святлана Калінкіна заўважае:

«Не ўпершыню гэта здараецца. Прэс-службы, службы аховы і прадстаўнікі нават нейкіх ведамстваў карэктуюць словы Лукашэнкі. Ні разу стэнаграмы размоваў кіраўніка краіны не былі надрукаваныя ў газетах без цэнзуры. Некаторыя самыя яскравыя ягоныя словы проста адкрыта выразаюцца».

Але ўсё ж вернемся да таго, чаму дзяржаўныя медыі прайграюць бітву за інтэрнэт.

Давайце заглянем на старонку Белтэлерадыёкампаніі ў «Youtube»: 5,2 тыс. падпісантаў. Тут 200 праглядаў цягам 4 тыдняў, тут 150 праглядаў. Мізэрныя лічбы. СТВ – ужо лепш: больш за 30 тыс. карыстальнікаў на канале, але праглядаў… усё ты я ж сціплыя некалькі сотняў.

Яшчэ горшая сітуацыя на старонцы газеты «СБ Беларусь сегодня». Папулярнымі ў інтэрнэце гэтыя медыі ніяк не назваць. Незалежныя беларускія сродкі масавай інфармацыі ў інтэрнэце разбіваюць дзяржаўныя ў пух і прах. Як дзяржаўнікі ўмеюць выходзіць у глабальную сетку, можа паказаць прыклад найбольш рэйтынгавага дзяржаўнага тэлебачання ОНТ, якое год таму таксама атрымала новага кіраўніка. Тыдзень таму тэлеканал адсправаздачыўся: у іх 92 тыс. падпісантаў і 100 млн праглядаў на канале ў «Youtube». Лічбы ўжо салідныя, але калі прыгледзецца бліжэй да статыстыкі, на паверхню выходзіць дзіўная рэч. Большасць навінаў не набірае за дзень і трох-чатырох сотняў праглядаў. А ролікі з больш як паловаю мільёна клікаў могуць не мець ніводнага каментара.

Пра што гэта сведчыць?

Каментуе Зміцер Ягораў, рэдактар інтэрнэт-старонкі belsat.eu:

«Такія лічбы не будуць хлусіць, на іх паглядзіш – і адразу ўсё бачна. Калі мы бачым, што на канале 100 тысячаў падпісантаў, а відэа глядзець некалькі соцень, то хутчэй за ўсё гэтыя падпісанты несапраўдныя. Яны купленыя. А відэа насамрэч ніхто не глядзіць».

Але важна не толькі тое, дзе, але і каму прайграюць дзяржаўныя беларускія медыі. У першую чаргу Расеі. Згодна з тым жа даследаваннем ІАЦ, самым аглядальным на беларускім тэлебачанні ўсцяж застаецца расейскі кантэнт, які рэтранслююць ОНТ і СТВ. Гэта ў сваю чаргу прыводзіць да небяспечных казусаў. Даследаванне Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага паказала, што рэйтынг Уладзіміра Пуціна ў Беларусі вышэйшы за рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі. Паводле НІСЭПД – 65 % супраць 29 %. Лукашэнку гэта напэўна непакоіць, але і радыкальна мяняць ён нічога не можа.

«Масква вельмі востра рэагуе на скарачэнне культурніцкага ўплыву. Але магчымасці скараціць гэты ўплыў ‒ ідэалагічны, інфармацыйны ‒ з Расеі ёсць: можна паглядзець на прыклад Нурсултана Назарбаева, які праводзіць усё больш незалежную ад Крамля палітыку. І вельмі магчыма, што Лукашэнка будзе ісці ў гэтым кірунку», ‒ мяркуе палітолаг Аляксандр Папко.

Менавіта такое заданне і атрымалі новыя кіраўнікі.

«Заданне, якое паставіў кіраўнік дзяржавы, – зрабіць нашае тэлебачанне сучасным: як карцінкаю, гэтак і зместам. Зрабіць яго аглядальным і канкурэнтаздольным у параўнанні да тэлеканалаў суседніх краінаў», – заявіў Іван Эйсмант, кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

А Ігар Луцкі, генеральны дырэктар тэлеканалу СТВ падкрэсліў:

«Самае галоўнае ‒ гэта развіццё нацыянальнага кантэнту. Доля беларускіх праектаў на ТБ павінна павялічвацца».

І Эйсмант, і Луцкі, і Жук атрымалі канкрэтнае заданне – незаўважна, павольна, але вяртаць кантроль над інфармацыйным полем у Беларусі. Грошы даюць. У 2018 годзе бюджэт выдаткуе на дзяржаўныя медыі больш як 56 мільёнаў долараў, без уліку заробленых уласна медыямі рэкламных сродкаў. Адная толькі структура Івана Эйсманта атрымае 37 мільёнаў. Але праблема не ў грошах, а ў тым, што самацэнзура айчыннага ТБ не дае яму рабіць сапраўднага рэзананснага кантэнту. А глядзець штодзённыя справаздачы з паездак Лукашэнкі ў калгасы ці заводы, нават знятыя пры дапамозе самых сучасных тэхналогіяў, ніхто не будзе.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Алінаю Коўшык.

Стужка навінаў