Развёўся з жонкай і палез рабіць сэлфі на вышку вайсковай часткі: міліцыя затрымала «скалалаза»


36-гадовы жыхар Мозыра залез на адну з вышак вайсковай часткі ў вёсцы Шылавічы (5 км ад Вілейкі), каб зрабіць сэлфі.

Паводле Вілейскага РАУС, інцыдэнт адбыўся 6 жніўня.

Мужчына прайшоў на тэрыторыю рэжымнага аб’екта і залез на вышку. Яго заўважыў в.а. камандзіра вайсковай часткі і выклікаў міліцыю. Мужчыну затрымалі. Яму удалося зрабіць сэлфі, але міліцыянты выдалілі фотаздымак.

У аддзяленні мазыранін патлумачыў, што «пасля разводу вырашыў вандраваць аўтаспынам па Беларусі, а ўбачыўшы вышку яму захацелася экстрыму», піша сайт Упраўлення ўнутраных справаў Менаблвыканкаму.

Мужчыне пагражае штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт.

У вёсцы Шылавічы знаходзіцца вайсковая частка 43-а вузла сувязі ВМФ Расеі, які забяспечвае сувязь на звышдоўгіх хвалях Галоўнага штаба ВМФ Расеі з атамнымі падводнымі лодкамі, што вядуць баявое дзяжурства ў раёнах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары