«Развіццё недзяржаўнага сектару эканомікі – гэта фобія рэжыму», – эксперт пра новую праграму ўрада


Сёння на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў прэм’ер Сяргей Румас агучыў некаторыя пункты з праекту праграмы дзейнасці ўрада Беларусі на перыяд да 2020 года.

Як адзначыў Сяргей Румас, на мінулым тыдні з намеснікамі прэмʼер-міністра былі дэталёва разгледжаныя ўсе раздзелы праекта праграмы.

«Асноўны ўпор працы ўрада ў пазначаны перыяд, як і даручалася кіраўніком дзяржавы, павінен быць зроблены на павышэнне дабрабыту насельніцтва. Ключавым пытаннем у вырашэнні гэтай задачы зʼяўляецца павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці дзяржаўнага сектара эканомікі», – цытуе Румаса БелТА.

Для гэтага ўрад плануе «выбудаваць рэальна дзейсную сістэму кіравання гаспадарчымі таварыствамі». Найважнейшымі элементамі павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі ва ўрадзе называюць лічбавую трансфармацыю, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, а таксама развіццё сферы паслугаў. Паводле слоў прэмʼера, усе гэтыя пытанні адлюстраваныя ў прапанаванай праграме.

Палата прадстаўнікоў пачне разглядаць новы праект праграмы не пазней за 18 кастрычніка.

Чаму урад робіць акцэнт на далейшае прасоўванне дзяржсектару ў эканоміцы, але адначасова агучвае намеры падтрымліваць развіццё малога і сярэдняга бізнесу? Гэтае пытанне мы задалі палітычнаму аглядальніку Аляксандру Класкоўскаму.

«Збольшага, у заявах Румаса няма нічога новага. Часам яго рэкламуюць як рыначніка, але ж сам Лукашэнка неаднаразова падпісваў указы пра развіццё прадпрымальніцтва, дзе ўтрымліваліся ў тым ліку правільныя тэзы. Праўда, у выніку, як у старым анекдоце, што б не рабіла беларуская дзяржава – атрымліваецца аўтамат Калашнікава.

Улады ўсё адно працягваюць трымацца за дзяржаўны сектар. Галоўным сімптомам гэтага для мяне зʼяўляецца той факт, што адсунутыя перамовы аб выдзяленні крэдыту МВФ, бо адной з умовай там як раз ёсць развіццё бізнесу», – гаворыць эксперт.

На думку Класкоўскага, перад парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі адметных зрухаў у бок лібералізацыі (як у эканамічным, так і ў палітычным плане) чакаць не даводзіцца.

«Наперадзе двух электаральных кампаніяў эксперыментаў не чакаецца. Цяпер Лукашэнка не можа кранаць дзяржаўны сектар, бо гэта выкліча незадаволенасць у грамадстве. Магчыма, да перамоваў з МВФ вернуцца ўжо пасля выбараў».

Паводле словаў аналітыка, улады не імкнуцца да рэформаў у сілу спецыфікі самой палітычнай сістэмы ў Беларусі.

«У палітычным сэнсе развіццё малога і сярэдняга бізнесу, недзяржаўнага сектару ўвогуле – гэта фобія рэжыму. Бо такі працэс запусціў бы актыўнае фармаванне нацыянальнай буржуазіі і зʼявіцца сацыяльны слой, які запатрабуе свабодаў у шырокім сэнсе».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў