Развітанне з Кебічам і новыя санкцыі. Як прайшоў 125-ы дзень пратэстаў у Беларусі


Галоўныя падзеі пятніцы, 11 снежня, у традыцыйным дайджэсце «Белсату».

Пахаванне першага прэм’ер-міністра Беларусі

Сёння, 11 снежня, у Менску пахавалі Вячаслава Кебіча, першага прэмʼер-міністра незалежнай Беларусі. Ён памёр 9 снежня ад каронавірусу ва ўзросце 84 гадоў. Цырымонія развітання адбылася ў Доме афіцэраў.

Фотарэпартаж
У Менску развіталіся з першым прэм’ерам Беларусі Вячаславам Кебічам
2020.12.11 16:32

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка туды не прыйшоў – быў заняты на саміце ЕАЭС. Замест яго вянок прынёс старшыня Адміністрацыі Прэзідэнту Ігар Сяргеенка.

У Менску развітваюцца з першым прэм’ер-міністрам незалежнай Беларусі Вячаславам Кебічам. 11 снежня 2020 году.
Фота: ЛП / Белсат
У Менску развітваюцца з першым прэм’ер-міністрам незалежнай Беларусі Вячаславам Кебічам. 11 снежня 2020 году.
Фота: ЛП / Белсат

Вольга Хіжынкова не выйшла на волю

«Міс-Беларусь 2008» Вольга Хіжынкова мусіла выйсці сёння на волю пасля 42 дзён адміністрацыйнага арышту. Але калі ейны муж разам з сябрамі прыехаў на Акрэсціна, дзе зараз утрымліваецца мадэлька, яму паведамілі, што яна сёння не выйдзе.

«Дзесьці падсвядома я думаў што такое можа выскачыць, але ўсёй душой хацеў сёння сустрэць і абняць яе. Мне сказалі, што яна адбывае тэрмін і сёння не выйдзе. Тэлефануйце ў суд. Рашэнне такое: адбывае тэрмін далей», – паведаміў ейны муж Іван Марозаў.

Журналісты і блізкія прыйшлі на Акрэсціна сустракаць Вольгу Хіжынкову, якая мела выйсці сёння да 17-ай гадзіны. Яе так і не выпусцілі з ізалятара.
Фота: ТК / Белсат

Хіжынкова была затрыманая 8 лістапада падчас акцыі пратэсту, праз тры дні ёй прысудзілі 12 сутак арышту. Сведка яе затрымання блытаўся ў паказаннях і справу ў выніку адправілі на дапрацоўванне. Днём пазней яе судзілі па тым жа артыкуле 23.34 КаАП па другім эпізодзе – і дадалі яшчэ 15 содняў.

Неўзабаве над Хіжынковай прайшоў трэці суд, на якім яна была пакараная яшчэ 15 суткамі. Першапачаткова меркавалася, што гэты тэрмін будзе адлічвацца з моманту суда. Але, мяркуючы па заяве супрацоўнікаў ЦІП, у выніку ўсё тры тэрміны ўсё ж такі ссумаваліся.

Hавiны
Міс Беларусь, прызёр Алімпіяды і Маляваныч. Каго сёння затрымалі на Маршы народаўладдзя
2020.11.08 19:35

Кіраўнік касцёлу ў Беларусі хоча падаць у адстаўку

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архіяпіскап Тадэвуш Кандрусевіч у бліжэйшы час мае намер пераслаць апостальскаму нунцыю ў Беларусі прашэнне аб адстаўцы на імя Папы Рымскага Францыска.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

Як распавёў Кандрусевіч, такое рашэнне ён прыняў у тым ліку з-за ўзросту. У хуткім часе арцыбіскупу споўніцца 75 год, і ён мусіць афіцыйна сысці на пенсію. Адмысловае прашэнне ён ужо падрыхтаваў. Магчыма, Папа Рымскі працягне ягонае служэнне.

Аднак Кандрусевіч не вяртае надзеі вярнуцца дадому – у Беларусь. 31 жніўня яму бы забаронены ўезд беларускімі памежнікамі, нягледзячы на беларускі пашпарт.

Зараз мітрапаліт часова жыве ў парафіі Святога Антонія ў польскай Саколка, якая знаходзіцца прыкладна ў 15 км ад беларускай мяжы. Кіраўніцтва касцёлам у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч ажыццяўляе дыстанцыйна.

Размова
Чым хрысціянскія святары раззлавалі Лукашэнку?
2020.10.07 22:20

Беларусь – найбольш небяспечная краіна ў Еўропе для журналістаў

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» прызнала Беларусь самай небяспечнай краіне ў Еўропе для журналістаў. А таксама запрапанавала 15 рэкамендацыяў, як спыніць рэпрэсіі супраць прэсы. Сярод іх – забеспячэнне ўмоў для працы журналістаў у Беларусі. Таксама праваабаронцы заклікаюць ЕЗ замарозіць любую фінансавую дапамогу Беларусі, пакуль у ёй парушаюць правы чалавека.

Журналісты на Акрэсціна
Журналісты Святаслаў Зоркі, Аляксей Суднікаў, Андрэй Шаўлюга, Мікіта Недоверкаў і Марыя Эляшэвіч пасля вызвалення з ізалятара на Акрэсціна, дзе яны правялі трое сутак.
Фота: Ірына Ареховская / Belsat.eu

У справаздачы арганізацыі адзначаецца, што за апошнія чатыры месяцы ў Беларусі зафіксавалі 450 выпадкаў парушэння свабоды слова. Колькасць журналістаў за кратамі вырасла ў пяць разоў. Проста цяпер па крымінальных абвінавачваннях, звязаных са сваёй прафесійнай дзейнасцю, у СІЗА знаходзяцца Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова.

Зараз Беларусь займае 153 месца са 180 у сусветным рэйтынгу свабоды прэсы.

Швейцарыя пашырыла санкцыі супраць Лукашэнкі

Стала вядома, што Швейцарыя пашырыла санкцыйны спіс супраць грамадзянаў Беларусі, адказных за фальшаванне выбараў і гвалт супраць грамадзянаў.

Сёння, 11 снежня, урад Швейцарыі пашырыў санкцыйны ліст супраць афіцыйнага Менску. Туды ўвайшлі імёны яшчэ 15 чалавек, сярод якіх Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Віктар, а таксама чальцы Савету Бяспекі.

Гаворка ідзе пра замарожванні рахункаў у швейцарскіх банках, а таксама ў забароне ўезду ў краіну.

Hавiны
Швейцарыя ўвяла санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі
2020.12.11 22:03

Чарговы прысуд для Яна Салановіча

Студэнту БДУІРу Яну Салановічу сёння ў сёмы раз прысудзілі 14 содняў арышту, хоць на момант вынясення прысуду скончыўся тэрмін магчымасцяў для разглядання. Агулам ён мусіць адседзець 114 дзён. Праваабаронцы прызналі студэнта палітзняволеным.

Ян Салановіч.
Фота: mrk-bsuir.by

Ян знаходзіцца на ЦІП ужо больш за месяц, ягоныя родныя не маюць з ім аніякай сувязі. На гэтым тыдні бацькам хлопца прапаноўвалі, каб яны напісалі заяву на адлічэння з універсітэту па ўласным жаданні.

Яна Салановіча затрымалі на маршы 1 лістапада. Ён праходзіў практыку ў КДБ, таму гэта можа быць прычынаю такога асабліва стаўлення да хлопца з боку сілавікоў.

КТ belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў