Развітанне з «амерыканскаю мараю»: дзякуем, Амерыка, далей мы самі

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Для многіх беларусаў, дзяцінства і юнацтва якіх прыпалі на апошнія гады СССР і першыя гады незалежнай Беларусі, Захад шмат у чым быў ідэалам. А самаю магутнай і багатаю дзяржаваю Захаду былі ЗША.

Дасюль на Каляды і Новы год мы пераглядаем «Адзін дома» і «Адзін дома – 2»: смелы амерыканскі хлопец Кевін МакКалістэр бароніць сваю хату ад бандытаў. У яго не найлепшыя стасункі са старэйшым братам, але ў цэлым ён жыве ў ідэальнай сям’і: бацька, маці, два браты і дзве сястры. Сямʼя належыць да сярэдняга класу, мае даволі заможны ўласны дом у прыстойным раёне. Калі Кевін застаецца адзін, ён не пакідае прынцыпаў і звычак, якія яму перадалі бацькі: сочыць за парадкам у хаце, змагаецца за яе недатыкальнасць, паважліва ставіцца да людзей сталага веку, а на Каляды ідзе ў касцёл.

Калядная аздоба на вуліцах Нью-Ёрку. Снежань 2020 года. Фота: Lev Radin / Zuma Press / Forum

Прыкладна такія ж Кевіны МакКалістэры, толькі 20-30-гадовыя, у фільмах пра Дзікі Захад з рэвальверамі і на конях змагаліся супраць бандытаў. Потым яны перадавалі эстафету сабе ж 40-гадовым і ўжо без гвалту баранілі праўду ў класічным «12 Angry Men» (1957) у якасці прысяжных ці ў якасці журналістаў у «All the Presidentʼs Men» (1976).

Так, ЗША ў нашых вачах былі вельмі ідэалізаванымі, але гэта быў добры ды прывабны ідэал: смелыя маральныя людзі, якія бароняць свае дамы, сумленны суд, адказная абʼектыўная журналістыка, свабода слова, вучыся і працуй – і заробіш сабе на хлеб з маслам. Краіна магчымасцяў, краіна свабодных і працавітых людзей.

Зрэшты, не дарма туды ехалі з-пад улады імперскай ці Савецкай Расеі і Польшчы ў пачатку ХХ стагоддзя сотні тысяч беларусаў. Сярод гэтых эмігрантаў былі і мае сваякі.

Аднак паступова мы адчулі і ўбачылі перамены.

«Адзін з самых цёмных дзён у гісторыі ЗША». Паразмаўлялі з беларускай, якая жыве ў Вашынгтоне

У Беларусі доўгі час палітыка практычна адсутнічала, уладу «жэстачайшэ» трымаў у руках чалавек, які яе захапіў гвалтам і падманам. Мы сачылі альбо за палітыкаю міжнароднай, альбо за ўнутранаю палітыкай у іншых краінах – пераважна ў Расеі, ЗША, Украіне.

Мы глядзелі і сталі развітвацца з ілюзіямі. Краіна смелых Кевінаў МакКалістэраў, шляхетных каўбояў, справядлівых судоў і сумленных журналістаў усё больш пераставала быць сабой. Аказалася, што за апошнія дзесяцігоддзі паўстала палітычная карэктнасць (аналаг бальшавіцкай «палітычнай правільнасці», якой напляваць на факты), што CNN – гэта Азаронак адной партыі, а «Fox News» – іншай. Мы даведаліся, што нават у ЗША праўда не мае асаблівага значэння, калі твая партыя мае 45 галасоў у Сенаце.

Паліцыя ахоўвае будынк Капітолію. Вашынгтон, ЗША. 6 студзеня 2021 года. Фота: LEAH MILLIS / Reuters / Forum

Беларусы, якія змагаліся за існаванне сваёй культуры з яе выразна хрысціянскімі каранямі, са здзіўленнем і сумам глядзелі на распаўсюд канцэпцыі мультыкультуралізму, якая ставіла пад пытанне захаванне еўрапейскіх культураў, а таксама на паступовае адступленне заходніх грамадстваў ад хрысціянскай этыкі.

Аказалася, што сямʼя Кевіна МакКалістэра з ягонымі братамі і сёстрамі стала рэдкаю зʼявай у ЗША і Еўропе, насельніцтва якой расце толькі за кошт мігрантаў. А значыць, аўтахтоннае насельніцтва кантыненту паступова можа стаць меншасцю ў сваім жа доме.

«Узроўні фертыльнасці знізіліся заўважна ніжэй за ўзровень патрэбнага для аднаўлення насельніцтва, то бок 2,1 дзіцяці на жанчыну… Адносіны сталі больш слабымі нават у парах, якія маюць дзяцей», – гаворыцца ў аналітычным дакладзе экспертаў ААН 2015 года пра стан сямʼі ў Еўрапейскім Звязе. З таго часу сітуацыя змянілася хіба што толькі ў горшы бок.

Зваліць помнік: вызваленне ці вайна з памяццю?

За помнікамі генералам і жаўнерам войска Канфедэрацыі ў ЗША сталі апаганьвацца помнікі каталіцкім святым і айцам – стваральнікам ЗША. Гэта паказала, што гаворка не пра вайну з помнікамі нявольніцтву і расізму, а пра вайну з памяццю і еўрапейскаю гісторыяй краіны ў прынцыпе.

Асабліва яскрава гэты маштабны крызіс еўрапейскай цывілізацыі праявіў сябе за апошнія 5–10 гадоў, і ён быў напоўніцу выкарыстаны любой антызаходняй прапагандай – ад ісламісцкай да пуцінскай, заўсёды гатовых шукаць праблемы ў чужым воку.

Сучасныя ЗША (і шырэй – Захад) перастаюць быць для нас адназначным аўтарытэтам. І гэта добра: «не ствары сабе ідала».

Паранены прыхільнік Доналда Трампу падчас акцыі пратэсту. Вашынгтон, ЗША. 6 студзеня 2021 года. Фота: JIM BOURG / Reuters / Forum

Падзякуем за навуку, вывучым памылкі і пойдзем далей. Хочаш пабудаваць добрую дзяржаву – не капіюй іншых, думай сваім розумам.

Магчыма, і новая Беларусь для ўсяго свету станецца новым «святлом для сусвету», «горадам, які стаіць на вяршыні гары», «светачам, які свеціць усім, хто ў доме».

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў