«Разварушыла гняздо»: працаўніцу Слуцкага стадыёну, якая нічога не рабіла і атрымлівала заробак, звальняюць


51-гадовая Ларыса Грыгаровіч, якая загадвала пунктам пракату канькоў гарадскога стадыёну Слуцку, неўзабаве папоўніць шэрагі дармаедаў.

Падчас прыёму на працу жанчыну папярэджвалі, што праца ёсць узімку, а ўлетку можна будзе падпрацоўваць у касе, аднак дадатковых заняткаў гэтак і не знайшлі. Таму спадарыні Ларысе давялося хадзіць на працу і сядзець у кабінеце за пустым сталом – за гэта яна атрымлівала 270 рублёў.

У верасні ейная гісторыя выбухнула ў інтэрнэце. Жанчына патрабавала даць ёй працу або скараціць.

Праз два месяцы высветлілася, што ёй усё ж далі падпрацоўку – прыбіраць службовыя памяшканні. Прэтэнзіяў да жанчыны не было, аднак цяпер высветлілася, што кантракт працягваць з ёй не збіраюцца.

«Я працавала, усё было нармалёва, але мінула два месяцы, мне пачалі выстаўляць прэтэнзіі, якія не звязаныя з маёй працай. Я лічу, проста каб не працягнуць са мной кантракту. Тлумачэнняў ніхто не даваў. Відаць, гэта праз тое, што я звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, і толькі тады нешта змянілася. Пазней мне прыватна сказалі, што я разварушыла гняздо».

Фота kurier.info

Цяпер Ларыса Грыгаровіч нічога не робіць. Канькоў на стадыёне не выдаюць, і нават стадыёну ніхто не заліваў.

«Я проста не магу сядзець вось гэтак у кабінеце і чытаць газеты і часопісы, як мне калісьці параіў Нядзелька [кіраўнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкаму Андрэй Нядзелька. – belsat.eu]», – кажа спадарыня Ларыса.

Жанчына дадае, што дома сядзець не будзе:

«Калі спатрэбіцца, буду зноў пісаць у Адміністрацыю, звяртацца да губернатара, бо так немагчыма. У мяне дачка вучыцца на платным. Не ведаю, якая сітуацыя на біржы, але тут на стадыёне працуе шмат пенсіянераў і сталых людзей, якім працягваюць кантракты, яны нічога не робяць, а моладзі няма дзе працаваць».

Кіраўніка аддзелу адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкаму Андрэя Нядзелькі на працоўным месцы не было. Начальнік аддзелу спорту і турызму Аляксандр Вежнавец сітуацыю каментаваць адмовіўся: маўляў, ён не працадаўца. Ён толькі запэўніў, што ўсё законна.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў