Разрэкламаваны танк «Армата» аказаўся занадта дарагім для расейскага войска


Найноўшы расейскі танк Т-14 «Армата» не будзе масава купляцца для войска з-за свайго празмерна высокага кошту, тое ж датычыцца і новых узораў колавай бронетэхнікі.

Масква павялічыла ў гэтым годзе фінансаванне закупак новых узбраенняў для сухапутных войск, аднак, відаць, грошаў на арыгінальныя новыя канструкцыі не так шмат, як чакалася.

Бухгалтар, мілы мой бухгалтар…

Пра тое, што прынцыпова новыя мадэлі бронетэхнікі аказаліся надта дарагімі, сказаў віцэ-прэм’ер Расеі Юрый Барысаў, які кантралюе ва ўрадзе пытанні развіцця вайскова-прамысловага комплексу.

«Ну і навошта запаўняць «Арматамі» ўсе ўзброеныя сілы, у нас Т-72 карыстаюцца вялізарным попытам на рынку, яго бяруць усе. Ён у параўнанні з «Абрамсамі [амерыканскі танк M1 Abrams], «Леклеркамі» [французскі танк AMX-56] і «Леапардамі» [нямецкі танк Leopard 2] па кошце, эфектыўнасці і якасці значна іх пераўзыходзіць», – сказаў урадовец журналістам.

«Такая ж сітуацыя з Бумерангамі», – дадаў міністр, маючы на ўвазе колавую баявую платформу, на базе якой планавалася пераўзброіць расейскую армію новымі бранетранспарцёрамі, баявымі машыны пяхотамі і іншай тэхнікай больш спецыялізаванага прызначэння.

«У нас асаблівай патрэбы ў гэтым няма. Гэтыя мадэлі дастаткова дарагія ў параўнанні з існымі», – сказаў Юрый Барысаў. Па ягоных словах, лепш аддаваць грошы на мадэрнізацыю старых узораў бронетэхнікі.

Словы віцэ-прэмʼера сталі нагодай да мноства чутак у расейскім інтэрнэце – у прыватнасці адмову ад масавых закупак разумеюць так, што новая мадэль танкаў аказалася «сырой» і поўнай тэхнічных праблем у сувязі з наватарскай канструкцыяй, піша партал ваенных навін Warspot.

Рост колькасці

Раней абвяшчалася, што да 2020 году расейская армія можа атрымаць ужо 2300 Т-14. Але толькі мінулай восенню стала вядома пра выпрабаванне пушкі – асноўнага ўзбраення новага танка. Пра новыя боепрыпасы да яе дагэтуль невядома.

У пачатку гэтага года расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу ў ВПК РФ паведамляла, што серыйная вытворчасць «Армат» пачнецца ў 2020 годзе.

Перш за ўсё найноўшыя танкі пойдуць на ўзбраенне частак, якія стаяць на беларускім і ўкраінскім накірунку – 1-й гвардзейскай танкавай арміі (Маскоўская вобласць), 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі (Смаленск, Курск, Варонеж), 8-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі (Растоўская вобласць).

Аднак верагодней усяго, яшчэ доўгія гады расейская армія ў сваёй масе будзе выкарыстоўваць новыя мадыфікацыі ўжо існых танкаў Т-72. Адначасова ў некалькі разоў будзе павялічаная колькасць танкаў у дэсантна-штурмавых злучэннях паветрана-дэсантных войск Расеі – танкавыя роты будуць перафармаваныя ў танкавыя батальёны.

У нашым рэгіёне гэта найперш датычыцца 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі (Пскоў) і 31-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады (Ульянаўск). Апошняя, вайсковыя службоўцы якой у 2014 годзе на тэрыторыі Украіны былі захопленыя 2 разы ў палон украінскімі вайскоўцамі, з 2015 года рыхтуецца да перафарміравання ў 104-ю дэсантна-штурмавую дывізію.

Расейскі найноўшы танк Т-72Б3, які быў захоплены ўкраінскімі войскамі ў жніўні 2014 году. Фота andrei-bt.livejournal.com.

Праблемы эканамічныя і тэхналагічныя

Хоць раней распрацоўваліся танкі падобнай кампаноўкі – з вежай, у якой няма экіпажу – але «Армата» можа стаць першым падобным серыйным танкам. Падобная канструкцыя выстаўляе падвышаныя патрабаванні да электронікі, сістэм сувязі, назірання і прыцэльвання. Традыцыйна ваенна-прамысловы комплекс СССР і яго спадкаемцы не надта моцныя ў гэтых сферах.

Планавалася, што ў 2018 годзе першыя некалькі танкаў «Армата» паступяць для доследнай эксплуатацыі ў войсках. Цяжка сказаць, ці ўжо новы досвед выкарыстання танка прывёў расейскі ўрад да вываду пра абмежаванне закупак. Аднак гэты этап, хутчэй за ўсё, пакажа яшчэ дзясяткі, калі не сотні, слабых месцаў новай машыны. Яшчэ больш праблемаў «вылязуць» пазней, калі ў бронекапсулу танка сядуць жаўнеры не самай высокай кваліфікацыі.

Пра заканчэнне выпрабаванняў танка дагэтуль нічога невядома, яшчэ менш інфармацыі пра перспектывы іншых машын на гэтай жа платформе – цяжкай баявой машыны пяхоты Т-15, самаходнай артылерыйскай устаноўкі «Кааліцыя-СВ», рамонтна-эвакуацыйнай машыны Т-16, баявой машыны агнявога падтрымання.

Акрамя таго ніхто не можа спрагназаваць на гады наперад кошт вуглевадародаў – ключавога фактара напаўнення расейскага бюджэту. Эканамічны крызіс у Расеі, які пачынаўся яшчэ ў 2013 годзе, здолеў зрэзаць апетыты расейскай «ваенкі» нават на фоне працяглай вонкавапалітычнай істэрыі і войнаў на Данбасе і ў Сірыі.

Цяпер расейская праграма набыцця зброі на 2018-2025 гады, як чакаецца, будзе абмежаваная 17 трыльёнамі рублёў (каля $300 мільярдаў), што амаль на 50% менш, чым планавалася ў 2014 годзе, калі танкі «Армата» ужо распрацоўваліся, аднак не дэманстраваліся публіцы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў