«Разрэджванне цэменту». Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі пра тое, як каронавірус змяняе Беларусь


Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.
Фота: Дзяніс Дзюба

Міжнародная група навукоўцаў з 12 галоўных універсітэтаў свету, уключна з Гарвардам і Кембрыджам, праводзіць даследаванне таго, як жыхары розных краін рэагуюць на эпідэмію каронавіруса. У перыяд з 20 сакавіка да 6 красавіка на пытанні анкеты адказалі 110 968 чалавек з 58 краін (3300 – з Беларусі). Гэта найбуйнейшае міжнароднае сацыялагічнае даследаванне па тэме каронавіруса. Андрэй Вардамацкі, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, афіцыйнага партнёра даследавання ў Беларусі, распавёў «Белсату» аб тым, як наша краіна ўвайшла ў эпідэмію і якой выйдзе.

Што распавяло пра нас гэтае апытанне?

Адразу трэба сказаць, што калі мы разважаем, аналізуем і апісваем каронавірус ў свеце і ў Беларусі, то сутыкаемся з імклівым патокам, што цячэ скрозь пальцы. З 20 сакавіка прайшло ўжо цэлае стагоддзе. Калі ў Варшаве людзі «хаваліся ў бульбу», то ў Беларусі яшчэ не. Да цяперашняга моманту сітуацыя магла памяняцца. Гэта хутчэй фатаграфія моманту ўступлення Беларусі ў пандэмію.

Па-другое, даследаванне праводзілася онлайн, таму трэба цвяроза ставіцца да выбаркі. Магчыма, гэта была самая незадаволеная частка грамадства – гэта значыць, мы параўналі ступень незадаволенасці незадаволеных. Ці гэта так, пакажуць праверачныя даследаванні. Цяпер гэта адзіная параўнальная ацэнка таго, як людзі ва ўсім свеце ўспрымаюць эпідэмію і паводзяць сябе падчас яе.

 

Ацэнка дзеянняў урада на выбліск каронавіруса па ўзроўні недастатковасці. Варыянты адказу: «зусім празмерная», «злёгку празмерная», «адэкватная (дарэчная)», «злёгку недастатковая», «зусім недастатковая». Доля ацэнкі рэакцыі ўрада Беларусі як недастатковай выяўляецца індэксам 0,864. Чым вышэй лічба, тым больш недастатковай з’яўляецца ўспрынятая рэакцыя ўрада гэтай краіны. Вышэй у Турцыі (0,916). Блізкія Расея (0,845) і ЗША.(0,851), і Інданезія (0,838). Астатнія краіны ў асноўным маюць больш нізкую долю паводле недастатковасці рэакцыі. Графік прадаставіла Беларуская аналітычная майстэрня

Даследаванне паказала, што Беларусь знаходзіцца па-за сярэднімі значэннямі ў свеце. Паводле «сядзення дома» беларусы знаходзіліся на апошнім месцы сярод усіх 58 краін, у значным аддаленні ад астатніх. Тое ж самае датычыць мыцця рук і непрысутнасці на грамадскіх мерапрыемствах.

Што паўплывала на такія паводзіны?

Інфармацыйна-медыйная сітуацыя. Інфармацыя [пра каронавірус] у пачатку падавалася такім чынам, што гэта нібы не такая значная з’ява, на якую трэба істотна рэагаваць. Таму ў індывідуальных паводзінах мы бачым рэчы, выяўленыя на графіках.

«Недастатковасць рэакцыі ўрада» – на другім месцы. Па ўзроўні даверу мы знаходзіліся на восьмым месцы з 58 краін.

На першапачатковых этапах вялікую ступень недаверу да афіцыйных структураў адносна крокаў, што яны прадпрымаюць, абумоўлівала пастаяннае параўнанне Беларусі да таго, што робіцца ў нашых суседзяў, у Паўднёвай Еўропе, у «цвёрдым» Кітаі і гэтак далей.

Узровень праўдзівасці ўрада адносна ўспышкі каронавіруса. Варыянты адказу: «урад быў цалкам непраўдзівым», «хутчэй непраўдзіва», «ні праўдзіва, ні непраўдзіва», «хутчэй праўдзіва», «цалкам праўдзіва». Беларусь атрымала долю 0,636. Знаходзіцца вышэй, гэта значыць з’яўляюцца найбольш непраўдзівымі Бразілія (0,653), Расея (0,831) і ЗША (0,753). «Лідарам» выступіла Венесуэла (0,881). Еўрапейскія краіны знаходзяцца ў кластары 0,150-0,200. Найбольш праўдзівымі ўспрымаюцца ўрады Аўстрыі і Фінляндыі з долямі 0,052. Графік прадаставіла Беларуская аналітычная майстэрня

У цэлым, гэтыя звесткі – рэакцыя на лёгкасць атрымання грамадствам інфармацыі з інтэрнэту.

Якія вынікі апытання здзівілі вас больш за ўсё?

Па-першае, ступень адхіленасці Беларусі ад асноўных трэндаў, якія назіраюцца. Так, было зразумела, што рэакцыя ідзе па-іншаму, але я не меркаваў, што да такой ступені.

Па-другое, вельмі розная рэакцыя грамадскай думкі на дзеянні ўрада і на самаарганізацыю грамадства. Калі дзеянні ўрада беларусы ацэньваюць інакш, чым у большасці краін, то дзеянні грамадства – у сярэднесусветных межах.

Таксама мяне здзівіла размяшчэнне ў адным кластары традыцыйна розных краін. Напрыклад, недастатковасць рэакцыі ўрада жыхары Беларусі ацэньвае гэтак сама, як жыхары Злучаных Штатаў. Але па вялікай колькасці параметраў мы ўсё ж такі знаходзімся побач з Расеяй.

Ці сталі вы мыць рукі часцей, чым месяц таму? Графік прадаставіла Беларуская аналітычная майстэрня

У трэндзе знаходзіцца Украіна: яна займае сярэднія пазіцыі. Усё ж такі рэакцыя ўладаў гэтай краіны была больш падобнай з рэакцыямі іншых краін.

Беларусь жа ўвесь час знаходзіцца або на першым, або на апошніх месцах.

Што датычыць індывідуальных паводзінаў, жыхары Беларусі ў значна меншай ступені выконвалі рэкамендацыі па «пазбягальных паводзінах» – самаізаляцыі, вытрымліванні сацыяльна-фізічнай дыстанцыі і гэтак далей.

Знаходжанне дома. Графік прадаставіла Беларуская аналітычная майстэрня

Звычайна эксперты, наадварот, хваляць беларусаў, якія самаізалююцца.

Уражанне аб самаарганізацыі грамадства стваралася на фоне інфармацыі ў афіцыйных медыях. Калі з экрана кажуць аб лёгкім дожджыку, а вы выходзіце ў гумовых ботах, плашчы і з парасонам, вас адразу бачна. Калі кажуць пра шторм і град, а вы выходзіце ў плашчы і гумовых ботах, гэта будзе натуральна – і на вас нават не звернуць увагі. Па параўнанні з інфармацыйным фонам нават парасткі паводзін успрымаюцца як вялікія дрэвы.

Ці можна параўнаць гэта з тым, што за 26 гадоў кіравання Лукашэнкі людзі прывыклі бегчы ў абменнік, калі іх заклікаюць гэтага не рабіць?

У Беларусі заўсёды прысутнічаў феномен «паралельных грамадстваў»: сярэднестатыстычны беларус жыве адным жыццём, верх – іншым. Цяпер гэтая раўналежнасць узмацнілася.

Сацыяльна-фізічнае дыстанцыяванне. Графік прадаставіла Беларуская аналітычная майстэрня

Традыцыя гэтая больш доўгая, [чым Лукашэнка]: былі першыя дні Вялікай Айчыннай у барацьбе з панікёрамі, быў Чарнобыль. У 1986-м нічога не гаварылася, а я даведаўся пра гэта асабіста ад сваіх аднакласнікаў, якія працавалі ва ўніверсітэце. Калі я з заплечнікам збіраўся выходзіць у рачны паход па Прыпяці, яны патэлефанавалі і сказалі: «Андрэй, сядзі дома».

Цяпер не трэба мець знаёмых у Інстытуце фізікі, Міністэрстве аховы здароўя або эпідэміялагічным цэнтры. Чалавек можа ўсё даведацца з інтэрнэту, седзячы дома ў трусах і націскаючы кнопку.

Розніца паміж афіцыйнай падачай і іншым інфармацыйным пластом стала лепш відаць і хутчэй пераадольваецца. Афіцыйную парадыгму нельга трымаць занадта доўга, калі яна сутыкаецца з іншай інфармацыяй з сеткі. Падчас Чарнобыля можна было – таму што не было такіх тэхнічных магчымасцяў. Падчасё расстрэлу рабочых у Новачаркаску ў 1962 годзе ў суседнім Растове не ведалі пра гэта. Цяпер такое немагчыма.

Цяпер народ сам вырабляе інфармацыю, сам яе спажывае і на яе падставе будуе свае паводзіны, якія адрозніваюцца ад таго, што прапануецца з афіцыйнага экрана.

Грамадства адаптуецца да новай сітуацыі значна хутчэй, чым дзяржава: людзі самі шыюць маскі, прыносяць ежу медыкам, збіраюць прыстойныя грошы на краўдфандынгавых платформах. Пад ціскам гэтага афіцыйная інфармацыя таксама мяняе танальнасць, інтэнсіўнасць і змест, а паводзіны дзяржавы становіцца іншым. Краінай упершыню кіруе народ, а не наадварот. Нават тое, што было падчас пратэстаў дармаедаў, не параўнальна па маштабах з тым уздзеяннем, якое грамадства аказала на дзяржаву цяпер.

Узровень дастатковасці рэакцыі грамадскасці: адэкватная, празмерная і недастатковая. Тут доля недастатковасці-0,622. Гэта, мабыць, адзіны паказчык, дзе Беларусь мае сярэднесусветныя значэнні. Графік прадаставіла Беларуская аналітычная майстэрня

Прыкладаў зменаў – некалькі. Па-першае, гэта паводзіны Касцёла і царквы (напярэдадні велікодных святаў яны папрасілі вернікаў застацца дома. – Заўв. «Белсат»). З большай ступенню самастойнасці паступова дзейнічае ахова здароўя. Пад самастойнасцю я маю на ўвазе пэўную незалежнасць і дыстанцыю паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальным паводзінамі сацыяльных інстытутаў. Пачатак вучобы ў школах пайшоў па фармаце, задаванаму бацькамі, а не Міністэрствам адукацыі.

Ненаведванне масавых публічных мерапрыемстваў. Графік прадаставіла Беларуская аналітычная майстэрня

Наступны прыклад – дзеянні вертыкалі. Упершыню на ўзроўні раёнаў прымаліся больш самастойныя рашэнні. Ілюстрацыя гэтага-разыходжанне па лічбах у Докшыцах. (17 красавіка начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі распавёў, што ў Докшыцкім раёне зарэгістравана 72 хворых каронавіруснай інфекцыяй, а некалькімі гадзінамі пазней міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што 20. Пазней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што міністр меў на ўвазе колькасць каронавірусных пнеўманіяў, а не носьбітаў віруса. – Заўв. «Белсат»)

Адбываюцца перамены на ідэалагічным узроўні. Першы званочак – артыкул [Яўгена] Прэйгермана аб тым, што «давайце жыць дружна». Гэта адбылося зверху. Я не кажу пра круглы стол, але гэта крок у той бок. Яўген трансляваў рухі цела ўлады, якіх раней не было.

Сэнс артыкула – не ў змесце, а ў самім факце з’яўлення. Яго сацыяльна-структурны сэнс у тым, што бачна, як пад уздзеяннем мяккай сілы грамадства змяняюцца стратэгічныя кіраўніцкія рашэнні, як зрушваецца сістэма. Мы назіраем разрэджванне цэменту.

Сацыяльная прастора Беларусі рухаецца ад абсалютнага бетону, дзе ўсе элементы знаходзяцца толькі ў тым месцы, дзе жадае першая асоба, да больш жывой масы, у якой асобныя элементы больш самастойныя. Але разрэджванне не азначае паслабленне. Наадварот: рухомы арганізм больш жывучы. Няпоўнасцю надзьмутае кола па няроўнай дарозе будзе ехаць лепш.

Ці захаваецца гэта стан пасля эпідэміі?

Мой адказ будзе трагічным. Разрэджванне будзе прама прапарцыйна колькасці штодзённых выпадкаў заражэння каронавірусам.

Вірус не толькі разбурае індывідуальны, біялагічны арганізм чалавека, але таксама каразіруе неадаптыўныя сацыяльныя сістэмы. Справа не ў тым, што ідэальным зʼяўляецца грамадства без крызісаў – такога не бывае. Усе грамадствы праходзяць крызісы. Розніца ў тым, як яны гэта робяць, якая ў іх ступень адаптыўнасці і супраціўляльнасці. У Беларусі яны растуць.

Дзяніс Дзюба/МВ belsat.eu

Стужка навінаў