У калгасе «Палескае», дзе за дзень працы заплацілі тры рублі, зрабілі «разнос». Бухгалтара забрала хуткая


Калі belsat.eu апублікаваў скаргі працаўнікоў прадпрыемства «Палескае» на непрымальныя ўмовы працы і нізкія заробкі, туды прыехала «праверка з Гомля». Працаўнікі аграпрадпрыемства цвердзяць, што будуць адстойваць «да канца» права на годныя ўмовы працы.

Некалькі дзён таму belsat.eu пісаў пра сітуацыю на прадпрыемстве «Палескае». Працаўнікі аднаго з цэхаў аграгаспадаркі атрымалі за 20 працоўных дзён лістапада 2019 г. усяго 65 руб., што супярэчыць заканадаўству, бо мінімальны заробак у Беларусі летась складаў 330 руб.

То бок за дзень працы кожны з працаўнікоў атрымаў усяго 3 руб. Акрамя гэтага з рабочых вылічвалі грошы за суботнік, якога не праводзілі, і нават кошт падарункаў.

Каб высветліць сітуацыю, belsat.eu звязаўся з намесніцай начальніка ўпраўлення Светлагорскага райвыканкаму Аленай Мяркулавай. Чыноўніца займаецца выплатамі і сацыяльна-працоўнымі пытаннямі. Яна паведаміла нам, што «факты парушэнняў не пацвердзіліся»:

«Больш я вам нічога не скажу».

Аднак у пятніцу, 17 студзеня – на наступны дзень пасля тэлефанавання, – у калгас прыехала праверка.

«Прыязджалі з Гомля, зрабілі разнос бухгалтэрыі. Бухгалтара нават хуткая забрала», – распавядае Сяргей, які звяртаўся ў рэдакцыю з просьбай даць розгалас справе.

Мужчына кажа, што спачатку рабочых сабрала асоба, адказная за запаўненне нарадаў, і дапытвала, хто паскардзіўся ў медыі і хто напісаў артыкул. Паводле Сяргея, усе рабочыя атрымліваюць малыя заробкі, таму людзі гатовыя ісці да канца:

«Працаўнікі калгасу ўзбунтаваліся і сказалі, што падтрымліваюць публікацыю і што далей будуць змагацца за справядлівасць».

Не захацела каментаваць сітуацыю і намесніца начальніка ўпраўлення працы, занятасці ды сацыяльнай абароны Светлагорскага райвыканкаму Наталля Зобава:

«Праверка была, нічога не пацвердзілася. З якога ведамства праверка, не скажу. Прыходзьце да мяне ў кабінет, разбярэмся хто вы і што. І больш нічога вы ад мяне не пачуеце».

Сельскагаспадарчае прадпрыемства «Палескае» месціцца ў Светлагорскім раёне і належыць Калінкавіцкаму мясакамбінату. Паводле даведніку «Картатэка.бай», прадпрыемства «Палескае» неплацежаздольнае і падпадае пад фінансавае аздараўленне ў перыяд да 2028 г.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў