Размова была жорсткая. У МЗС Польшчы выклікалі амбасадара Расеі


Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.
Фота: Darek Golik / Forum

Пасла Расеі Сяргея Андрэева выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы ў сувязі з апошнімі выказваннямі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе PAP са спасылкай на намесніка кіраўніка польскага МЗС Марціна Пшыдача.

У Польшчы незадаволеныя выказваннямі Уладзіміра Пуціна і старшыні Дзяржаўнай думы РФ Вячаслава Валодзіна пра прычыны Другой сусветнай вайны. Таксама ў Варшаве абураныя заявай расейскага прэзідэнта адносна амбасадара Польшчы ў Нямеччыне Юзафа Ліпскага (займаў пасаду амбасадара Польшчы ў Берліне ў 1934-1939 гг.).

«У сваіх каментарах яны [расейскія ўлады. – Рэд. Belsat.eu] спрабуюць паменшыць сумесную адказнасць Савецкага Саюзу за разбурэнне свету ў Еўропе. СССР у 1939-1941 гадах быў саюзнікам Германіі», – сказаў Марцін Пшыдач.

Hавiны
МЗС Польшчы адказала Пуціну: «Такія заявы асудзіў нават Хрушчоў»
2019.12.22 14:54

На думку намесніка кіраўніка польскага МЗС Марціна Пшыдача, такія заявы даказваюць, што міжнародныя намаганні для асуджэння не толькі нацысцкага, але і савецкага таталітарызму ўсё яшчэ неабходныя.

У сваю чаргу амбасадар Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў па выніках сустрэчы ў польскім МЗС паведаміў РИА «Новости», што гутарка была «жорсткая, але цалкам карэктная».

«Мы нікому не дазволім чытаць нам натацыі», – сказаў ён.

Выканаўчы дырэктар Амерыканскага Габрэйскага Камітэту Дэйвід Харыс напісаў у Тўітэры, што адказнасць за развязванне Другой сусветнай вайны нясе нацысцкая Нямеччына, а не Польшча. А савецкі ўплыў у Еўропе пасля 1945 году падоўжыў прыгнёт усходнееўрапейскіх краінаў.

Міністэрства замежных справаў Польшчы ўжо выступала з заяваю, у якой падкрэслівалася, што Польшча, якая аднавіла сваю незалежнасць у 1918 годзе, была вымушаная праводзіць палітыку раўнавагі адносна Нямеччыны ды СССР. Менавіта таму былі падпісаныя дамовы пра ненапад у 1932 годзе з Масквой і ў 1934 годзе з Берлінам. Разам з тым СССР рабіў дзеянні, «непасрэдна накіраваныя на тое, каб выклікаць вайну», падкрэслілі ў заяве. У прыватнасці, у 1937 годзе ў межах польскай аперацыі НКУС былі забітыя 111 тыс. палякаў, а дзясяткі тысяч былі сасланыя або арыштаваныя.

Ужо вясной 1939 годзе пачалася палітычная супраца СССР і Нямеччыны, а нямецка-польская дамова пра ненапад была скасаваная. 23 жніўня быў падпісаны пакт Молатава-Рыбэнтропа, які падзяліў Усходнюю Еўропу на нямецкую і савецкую сферы ўплыву.

1 верасня пачалася агрэсія нямецкіх нацыстаў супраць Польшчы, да якой 17 верасня далучыліся савецкія войскі. 28 верасня бакі падпісалі дамову пра межы, зафіксаваўшы падзел Польшчы паміж сабой. У савецкай зоне акупацыі ў 1939-1941 гадах былі арыштаваныя не менш 107 тыс. былых польскіх грамадзянаў, дэпартавана 380 тыс., а 22 тыс. польскіх вайскоўцаў былі расстраляныя. У 1944 годзе рэпрэсіі аднавіліся. Пакараныя былі ў тым ліку і лідары польскага падполля.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў